epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дачакаўся

I
II
III


I

 

Раман Шулядзяк толькі што адпрог з плуга каня і пусціў яго папасвіцца ў маладым дубняку над ярам, а сам разлёгся пад ценем развіслага дуба.

Эх, люба ты, часіна сапачынку пасля працы! А Раман такі папрацаваў: ужо па полі ходзячы за плугам, спаткаў ён усход сонца. Спачатку работа не ладзілася: проста не было ахвоты працаваць, бо яго надзел быў самы горшы. Але як гэты надзел дастаўся яму па жэрабю, то і не было на каго наракаць. Ды ўсё ж такі трэба было спагнаць сваю злосць хоць на чым ці на кім-небудзь. І праўда. Раман, праводзячы першыя барозны, кіпеў злосцю на новыя парадкі, а больш за ўсё на гэту «камунію», бо вельмі ж было крыўдна, што яна лічыла яго кулаком; асабліва гэты басяк, Кандратаў Хведзька, дапякаў яму. Ну хоць бы чалавек, а то проста лодар, прагуляў сваю зямлю яшчэ да вайны, а потым пайшоў бадзяцца па свеце, нідзе не затрымаўся, у Сібір пераехаў, і там не асеўся, а цяпер, вось, вярнуўся, засеў у панскім доме і крычыць: «Я – пралетарый, а вы – кулакі, забралі ўсё і смокчаце маю кроў!» Падабраў сабе хаўруснікаў, зрабіўся прадсядацелем «камітэту беднаты», сам нічога не робіць. Нічога не робіць, толькі ходзіць са сваёю кампаніяй па гаспадарах, каб дзе што ўзяць і заткнуць сваё паганае горла. А ваяваць за новую ўладу, за Саветы, не хоча ісці. «Мы, кажа, больш патрэбны тут, у тыле, чым на фронце».

Дадумаўшы свае думкі аб Кандратавым Хведзьку да таго моманту, калі гэты самы Хведзька папаўся на хабарок і з гэтае самае прычыны быў скінуты з пасады старшыні і адданы пад суд, Раман крыху заспакоіўся. Работа памалу ўцягнула яго ў сваю абладу. Ён шпарка хадзіў за плугам і толькі на заваротах выціраў мокры лоб, адсоўваючы на патыліцу шапку. І толькі тады, калі сонца ўгрэла як мае быць, а конь і араты парадкам натаміліся, ён выпраг каня, каб пахадзіў па траве, і сам прылёг пад дубам.

Дзень быў ясны, цёплы. На полі зачыналі ўжо зацвітаць грэчкі. Колькі моманту Раман ляжаў нерухліва, адчуваючы прыемнасць і асалоду сапачынку, ляжаў, заплюшчыўшы вочы. Проста не хацелася нават і паварушыццца. Але нерухомасць цела прыйшлося ўсё ж такі парушыць: чуваць было, як ціснулі аборы, уядаючыся ў стомленыя, ацёкшыя ад хады ногі. Раман прысеў, каб разуцца. Павольна, не спяшаючыся, развязаў ён аборкі, зняў з ног цяжкія вераўчаныя лапці, якія чамусь называліся «керанскімі», вытрас з іх чорныя грудкі зямлі і шпурнуў на сонца прасушыцца. Цяпер было зусім добра, вольна.

Рамана марыў сон. Ён глянуў на каня санлівымі вачамі, як бы аб нечым разважаючы. Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і громка пырхаў.

– Здароў, малы, – адказаў Раман на гэтае пырханне і лёг спіною на зялёны дзірван, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню свайго здаравецкага цела.

Ён заплюшчыў вочы і пачаў драмаць. Як нейкія цені, у галаве прасунуліся ўспаміны, вобразы даўно перабытых часоў. Прасунуліся і зніклі.

– Гу-у-ур-р!

Дзесь далёка, як бы з-за зямлі, да вушэй Рамана даляцеў нейкі глухі гром.

«Няўжо ўстае хмара і збіраецца дождж?» – падумалася Раману.

Паварушыцца і паглядзець на неба яму не хацелася, бо так добра было ляжаць. Ён зноў сцішыўся, гатовы заснуць.

Гром пракаціўся яшчэ раз і ціха скалыхнуў паветра. Цяпер гэты гук быў многа выразнейшы. Раман пачуў, што яго нешта як бы штурханула з сярэдзіны, бо ў голасе гэтага грому пачулася штось новае і страшнае. Ён прысеў і прыслухаўся. Неба было яснае, спакойнае. Там-сям стаялі камячкі белаватых хмурынак, як адзнакі добрае пагоды. Зрэдку павяваў невялічкі паўднёвы ветрык, ціха калышучы лісцё дуба. Раман прыслухоўваўся нядоўга: таемны гук грымнуў і трэці і чацвёрты раз. Ну цяпер ясна: гэта грымелі гарматы, і гук іх даносіўся якраз з поўдня.

Сон разбіўся. Раман сядзеў і слухаў, як грымелі далёкія стрэлы гармат, і ў душы падымаліся хвалі мнагалучнага пачуцця і нейкага невыразнага настрою. Перш за ўсё адчуваўся страх, але разам з тым было і штось прыгожа-павабнае ў гэтым далёкім грукатанні, і нейкая няясная надзея калыхала сэрца Рамана. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць, – Раман не мог разабрацца. У яго ўяўленні пачалі ўставаць малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны.

А страшныя гукі, так моцна калышучы душу, усё грымелі і грымелі, то кароткія, то працяжныя. Яны парушалі звычайную плынь жыцця Рамана, яны прыносілі новыя пачуцці і выклікалі цэлы шэраг новых пытанняў.

Раману хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаннямі, сваімі думкамі. Ён абвёў вачамі поле. Там было ціха і пуста, ні душы. Яму здавалася, што поле і гэтыя яры з хмызнякамі і дзікімі грушамі, і гэтыя невялічкія ляскі, раскіданыя сям-там цёмна-сінімі кудзеркамі, таксама мелі цяпер нейкі незвычайны выраз, як бы іх засмуціла зусім новае і неспадзяванае пытанне. Вярсты за дзве, па той бок яра, стаяла іх сяло, а з аднаго і з другога боку – цэлы рад ветракоў з занямелымі крыллямі. Вецер сціх, не было каму круціць крыллі, хоць у апошнія часы і пры добрым ветры стаялі яны нерухома, бо не было чаго малоць. Раману стала маркотна. Ён падняўся, падышоў да коніка. Ён старанна згрызаў сакаўную траву, адганяючы хвастом надаедную заедзь. Убачыўшы каля сябе гаспадара, конь прыветна падняў галаву, хрумстаючы траву. Раман злёгку, з любасцю, патрапаў па шыі коніка і прамовіў:

– Эх ты, конік, мой конік! Дурны ты, брат! Там гарматы гудуць, а ты нічога не разумееш і вухам не вядзеш. Скаціна ты, скажу табе, неразумная!

Конік шаргануў разоў два галавою аб руку гаспадара ды зноў пачаў скубці траву. Раман яшчэ пастаяў трохі каля коніка, пазіраючы на яго, і чагось уздыхнуў, а потым запыніўся за разложыстым арэхавым кустом, дзе гук гарматных стрэлаў адбіваўся яшчэ выразней.

– І здорава ж бухаюць, – ціха прамовіў Раман і сам сабе паківаў галавою.

Па сцежачцы, што вілася напрасткі ад лесу і бегла праз поле, павольна пасоўваліся якраз сюды дзве чалавечыя фігуры. Сцежачка злучала сяло Ліпавец з воласцю.

Да воласці адгэтуль было не больш як чатыры вярсты. Заўважыўшы людзей, Раман ажывіўся і значна павесялеў. Там, у воласці, напэўна дачуліся яны якіх-небудзь навін. Цікава будзе пагаманіць з людзьмі і абмеркаваць гэтае новае становішча рэчаў, аб якім так грозна загаварылі гарматы, бо толькі такім чынам, шляхам агульна-грамадскага высвятлення пытання, складаецца сталая грамадская думка. Раман прызіраўся, стараючыся ўгадаць, хто гэтыя людзі. Аднаго ўжо ён пазнаў: то быў недалёкі сусед, сталяр Пятро Мазалеўскі. Праўда, і пазнаць яго было нятрудна, бо не было другога чалавека ва ўсім Ліпаўцы, так бедна адзетага і наогул такога горкага бедака, як гэты сталяр Пятро. Яго аблезлая круглая шапка даўно ўжо страціла не толькі свой былы надворны выгляд, але згубіла і самую гісторыю свайго паходжання. Яна нязменна сядзела на галаве свайго гаспадара, зрабіўшыся як бы часткаю яе. Кароткі кажушок, які некалі меў белы колер, цяпер быў зямліста-шэры, аблеплены латкамі рознай велічыні, гатунку і формы. Тут былі латкі палатняныя, кажурынкавыя, суконныя, раменныя. Полы кажушка канчаліся пашматованымі, абтрэпанымі лахманамі, якія пры хадзе і пры ветры рабілі вельмі смешныя рухі. І трэба зазначыць, што ва ўсім сяле не было другога чалавека, такога прыхільніка новай улады, як Пятро. Нягледзячы на тое, што ў яго прапалі на кніжцы грошы, якія зарабіў ён сталяркаю, жывучы дзесьці ў Кацерынаславе, і палажыў іх на кніжку, Пятро зусім не наракаў за гэта на рэвалюцыю. Гэта прыхільнасць да новай улады выплывала ў яго ад шчырага сэрца, яна паланіла, захапляла яго веліччу і хараством ідэі, калі людзі будуць мець роўнае права на дабрабыт, калі не будзе гэтага абірання чалавекам чалавека і знікне гэтае векавечнае прыгнечанне багатым беднага.

Дык што значаць прапаўшыя грошы ў параўнанні з тым новым ладам жыцця, які зараджаўся на яго вачах і якому пагражалі тысячы ворагаў з усіх бакоў і пад рознымі абліччамі? Хіба ў такія моманты можна думаць аб тых грашах? Ды будзь яны тры разы пракляты!

У хаце Пятра была страшэнная беднасць. Дзеці сядзелі на печы голыя, босыя. Аб хлебе і гаварыць не прыходзілася. Хлеб замяняўся бульбаю, просам. Не было нават дроў, і ў той час, калі сяляне, якія мелі коні, вазілі і завальвалі дубамі двары, Пятро мусіў на ўласных плячах насіць дровы. Але іх многа не наносіш, бо лес быў далёка. Прыходзілася проста адкопваць з-пад снегу пні, каб нашчапаць сабе дроў.

Прабаваў звярнуцца за дапамогаю да Хведзькі Кандратава, каб паджыцца хлебам. Але хіба то быў чалавек? Хіба меў ён спагаду, сумленнасць? Сам-то ён еў хлеб, сеяны на самае тонкае сіта, а для Пятра не знаходзілася ніводнага пудзіка.

З гэтым Пятро яшчэ пагадзіўся б, бо што рабіць, калі хлеба няма, калі сама Масква, дзе жыве душа і мозг рэвалюцыі, – галадуе. Туды трэба даваць хлеб, трэба падтрымаць тых, у чыіх руках знаходзіліся лёсы рэвалюцыі. Але куды ж ішоў хлеб, рэквізаваны тут у багатых гаспадароў? Ён расходзіўся па руках спекулянтаў, яго вазілі ў Рыбінскія Буды і выменьвалі на самагон.

І ўсё гэта рабілася з ведама Хведзькі Кандратава. І гэта называецца камітэт беднаты!

– Вось хто капае магілу савецкай уладзе, – у абурэнні душы казаў Пятро, – такіх сволачаў трэба гнаць, расстрэльваць такіх гадаў!

Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, чалавек сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар.

Раман сядзеў пад дубам, то прыслухоўваючыся да грому гармат, то паглядаючы на падарожных. І цікава: ў тыя моманты, калі заціхалі гарматы і доўга не чуваць было іх грому, Раман чагось маркоціўся, як бы для яго нешта трацілася; калі ж іх грукат дрыгацеў у паветры, калышучы і поўнячы яго грознаю музыкаю знішчэння, Раману зноў рабілася страшна і разам з тым прыемна, бо ў гэтым грукаце чуецца нейкая моц, ёсць бура жыцця, а кожная бура і палохае і захапляе.

 

 

II

 

Пятро і Захар ужо былі недалёка. Раман дастаў тытунь у надзеі, што гасцінна развязаны кісет зверне на сябе ўвагу падарожных і паслужыць яшчэ адною зачэпкаю для таго, каб Захар з Пятром прыселі тут, тым болей што тытунь быў не ў кожнага, трудна было даставаць яго. І ён не памыліўся. Пятро і Захар падыходзілі сюды, сурʼёзныя і задумлёныя.

– Чуеце, як грукоча? – такім запытаннем спаткаў Раман падарожных.

– Здорава жараць, – адказаў Захар, здароўкаючыся з Раманам.

Пятро, пануры, заклапочаны, моўчкі апусціўся на дол.

– І дзе б гэта магло быць? – запытаў Раман.

– А ўжо на гэты бок Белгарада, – прамовіў Захар.

– Белгарад ужо забралі? – у незвычайным здзіўленні аж крыкнуў Раман.

– Гэ, Белгарад! Ужо вёрст на пятнаццаць сюды прасунуліся.

– А, а, а! – здзіўляўся Раман. – Мусіць жа вялікая, брат, там сіла – столькі гарадоў забралі!

– Афіцарʼё азвярэлае прэцца, – глуха прамовіў Пятро, – не могуць яны пагадзіцца з новым парадкам; ім патрэбен цар, ім хочацца зноў пасадзіць сваё дваранства на нашу шыю.

– А ці не ўсё табе роўна, хто будзе на тваёй спіне ездзіць! – адказаў Раман. – Наўперад ездзіў пан, а цяпер – ездзяць Хведзькі Кандратавы. У мяне, да прыкладу, забраў дваццаць пяць пудоў; многа табе з іх далі? Як сядзеў, дык і сядзіш без хлеба. Даўней хоць мог зарабіць і жыць, як чалавек. А цяпер што? Заработкаў няма, народ зноў пазбіваўся па вёсках. Забаранілі гандаль, няможна двух пудоў хлеба прывезці з Украіны. А там, кажуць, вольная таргоўля.

– Там, брат, таргуюць, – сказаў Захар. – Хлеб белы, хоць заваліся. Былі там. Вось нядаўна вярнуўся з Украіны Родзечка з Гахава, каваля нашага сват. Запынілі яго дзянікінцы ў адным месцы. Распыталі адкуль і пусцілі. Толькі кажуць: «Глядзі, каб свае не абабралі. Мы, кажа, праз месяц усю Куршчыну ачысцім ад вашых камітэтаў».

– Дык яны, значыцца, народ не крыўдзяць? – запытаўся Раман.

– Не, не чапаюць.

– З камуністамі і камітэтамі распраўляюцца. Зловяць, дык ужо і ведай порцыю: адлічаць табе дваццаць пяць шампалоў ды ідзі. А хто паважней – расстрэл!

– Знайшоў дурань чарапок і смяецца, – з горкаю ўсмешкаю азваўся Пятро, – слухаю вас, хлопцы, і дзіўлюся: чаму вы радуецеся?! – раптам, мяняючы тон, накінуўся ён. – Таму, што будуць вас біць шампаламі? Галовы ж вы капусцяныя: як гэта вы не можаце зразумець, што Дзянікін, царскі генерал, нясе вам ланцуг, нагайкі, паліцыю і крывавую расправу.

– А за што ён будзе са мною распраўляцца? – запытаў сярдзіта Раман. – Разумеецца, тым не паздаровіцца, хто нарэзаў сабе пасаду ў садах Харланавых, Мархаўцоў і іншых.

Пятро зразумеў, на што ківаў Раман: і яму, Пятру, адвялі кусок саду Харланава для будавання.

– А ты ж сам святы? – пытаннем адказаў Пятро. – А дубы, якімі пазавальвалі вы свае двары і выганы, адкуль вы бралі? А хто паразвалакаў маёнткі, павыдзіраў апошнія юшкі ў печах? Што ж ты думаеш: той пан, які прыйдзе з Дзянікіным, падаруе вам гэта? Сам прынясеш яму апошні гвозд, што выдралі са сцяны панскага дома, ды ў ногі будзеш кланяцца. Але справа не ў гэтым. Ты кажаш: «Наўперад ездзіў на нас пан, а цяпер ездзяць Хведзькі». Што пан ездзіў і будзе ездзіць, калі прыйдзе Дзянікін, – гэта шчырая праўда. А Хведзька многа наездзіў? Хто стаўляе пана і хто ставіў Хведзьку? Як жа ты гэтага не можаш зразумець? Хведзька аказаўся дрэнь, яго выкінулі, як гнілую падэшву, гадзіны лішняе не заставаўся, пад суд аддалі. А пана ты зменіш? Ды што гаварыць! Адна справа, калі над табою гаспадараць, а другая, – калі ты сам гаспадарыш. Вы пачулі пра шампалы і ўзрадаваліся, даведаліся аб белым хлебе і ўцешыліся! Шампалоў-то яны вам дадуць, а вось белым хлебам не накормяць. І гаспадарыць будуць самі і біць будуць вас па мардасах, бо вас можна купіць за белую булку, бо вы не хочаце быць гаспадарамі свайго жыцця... Народ, народ!

Пятро яшчэ штось хацеў сказаць, але яму было так горка і крыўдна, а слухачы так далёка былі ад яго слоў, што ён не мог далей гаварыць, падняўся, уздыхнуў і пайшоў па сцежцы. Праз колькі крокаў сцежачка збягала ў яр, густа заросшы кустамі і травою; там схавалася акрытая лахманамі фігура Пятра.

Захар нейкі час яшчэ сядзеў і гутарыў з Раманам. Яны ўжо не зварачалі ўвагі на тое, што гарматы грымелі і рабілі там нейкую справу. Цяпер Захар казаў аб навінах, якія чуў ён у воласці. Першая і самая грунтоўная навіна – у іх воласць гэтымі днямі прыйдзе дывізія, якая, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. У іх жа Ліпавец прыйдуць цэлыя два палкі. Дачуўшыся аб гэтым, Раман моцна задумаўся і яшчэ мацней пачухаў патыліцу. Лёгка сказаць – два палкі! Гэта значыцца, паставяць у двор па 10 – 15 чалавек, і трэба іх карміць. Ну, але раз трэба, то трэба – нідзе ты не дзенешся. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць, і ў кубелец з салам улезці. Таксама не адкіне ён і мёду, а ў Рамана быў добры пчальнік вуллёў на сорак. Усё гэта моцна засмучала яго. Апрача таго, па вёсках пачалі зʼяўляцца вайсковыя атрады і строга распраўляцца з дэзерцірамі. Забіралі каровы, коні з тых двароў, дзе былі гэтыя дэзерціры. Становішча для рэспублікі стваралася небяспечнае, прыходзілася прымаць надзвычайныя меры. І тут трэба было Раману паламаць галаву: яго Іванька – таксама дэзерцір.

– Эх, галоўка ты мая! – уздыхаў Раман. – Калі ж гэта людзі прыйдуць да чаго-небудзь аднаго? Калі ж скончыцца ўся гэтая сумятня?

– Як-небудзь, брат, будзем жыць, – разважаў Захар, – а там відаць будзе. Не можа ж быць: будзе які-небудзь парадак, а там і вайна гэтая скончыцца, хто-небудзь а возьме верх. А наша, брат, дзела што? Мікалай быў – мы зямлю аралі, зʼявіўся Керанскі – аралі, пры бальшавіках таксама аром; Дзянікін прыдзе, чорт, дʼябал – мы ўсё будзем у зямлі капацца.

Захар падняўся і падаўся да сяла, а Раман яшчэ крыху пасядзеў пад дубам, а потым пайшоў да сваіх калёс, збіраючыся ехаць дадому.

Новы клопат, новыя думкі агарнулі Рамана. Гарматы, прыціхшы на нейкі час, зноў грымелі грозна і страшна. Цяпер іх размова для Рамана мела больш вызначаны сэнс. На душы было неспакойна, трывожна. Прынесеныя Захарам навіны моцна засмучалі Рамана. А горш за ўсё гэтыя атрады. Ужо даўно цягнецца гэта гісторыя з дэзерцірамі. Многа разоў прысылаліся грозныя прыказы з ваенных камісарыятаў аб дэзерцірах. Многа раз хадзілі ваякі ў павет і зноў варочаліся дадому праз месяц ці колькі нядзель. Цяпер, відаць, цвёрда паложана зрабіць канец дэзерцірству.

«Наскочыць атрад, захопіць Івана, тады прахам пойдзе твая гаспадарка, – думаў Раман, – трэба што-небудзь думаць, бо іначай – бяда».

Раман запрог каня, палажыў на драбінкі плуг і мернаю ступою паехаў паўскрай яра. Дарога, агібаючы яр, забірала ў поле, потым зноў павярнула канец свае дугі ў бок сяла. Перад самым сялом цягнуўся роўны, прасторны выган. Каля платоў на выгане віднеліся высокія круглыя кучы наваленага гною. У апошнія гады гаспадары перасталі вазіць яго на поле. «Што вазіць яго, – разважалі яны, – я ўгнаю поле, а на другі год ім будзе карыстацца другі». Так і валяўся гной на выгане без усякай карысці. На гэтым жа выгане стаялі ветракі, спыніўшы свае крыллі. Раман таксама меў вятрак. Раманаў вятрак стаяў зусім блізка ад дарогі і меў вельмі прыгожы выгляд. Асабліва многа хараства прыдаваў яму самы верх, накрыты чырвоным жалезам. Але ў гэту мінуту ён не цешыў Рамана і меў таксама смутную выразу свайго аблічча, як бы ён спагадаў свайму гаспадару. Праехаўшы крыху выганам, Раман звярнуў да свае клуні. Там быў Іван. Ён моўчкі стаў выпрагаць каня. Колькі мінут бацька і сын маўчалі.

Раман скоса, украдкам, паглядаў на сына. Яму хацелася загаварыць аб тым, што Іван – дэзерцір і якія вынікі можа мець гэта дэзерцірства для гаспадаркі. Выпраглі каня. Прывязалі каля «кармушкі». Іван вынес з клуні ў кашалі сечкі.

– Чуў? – звярнуўся Раман да сына. – Дзянікінцы ўжо Белгарад забралі.

– Па гарматах чуваць, што па гэты бок Белгарада бой ідзе, – адказаў Іван, высокі шыракаплечы дзяцюк, адзеты напалавіну ў казённае.

Раман пачухаў патыліцу.

– Але вось што, Іванька, – вымаўляючы «Іванькя» на курскі лад, сказаў Раман, – па вёсках, кажуць, зʼяўляюцца вайсковыя атрады, ловяць дэзерціраў, а гаспадарку іх нішчаць, каб не захапілі і цябе.

– Такія выпадкі ўжо былі, – панура адказаў Іван, – на Данскім хутары з трох двароў пабралі каровы і коні; дзядзя Кандрат сказваў.

– Пабралі?! – апаўшым голасам спытаў Раман. – Бач ты, якія дзялы.

Памаўчалі.

– Нічога, баця, не паробіш, а ісці-то трэба.

Раман уздыхнуў.

– Ах ты, грэх які! Э-хэ-хэ! – цмокаў Раман і чухаў патыліцу.

– А ты, Іванька, глядзі, з розумам рабі: убачыш, што дзела не выходзіць, дык ты... таго.

– Ведаю, баця, вайсковую службу, – усміхаючыся адказаў Іван, – варон страляць не буду, а «прымяніцца да меснасці», як вучыць салдацкая мудрасць, здарэння не прапушчу.

Так разважаючы, бацька і сын чулі нейкі фальш і стараліся не глядзець адзін другому ў вочы.

– Якая гэта вайна, – стараўся Раман знайсці якое-небудзь апраўданне, – хіба гэта вайна?

У хаце за сталом яшчэ пагутарылі аб тым, што Івану трэба ісці на службу. Бабка Параска, жонка Рамана, трохі паплакала па Івану, але не моцна, бо ўжо прывыкла да яго частых мабілізацый. Маладзіца Матрона, Іванава жонка, была маўклівая. Іван толькі зімою ажаніўся з ёю, і жылі яны надта згодна. Матрона была высокая, стройная, прыгожая жанчына. Відаць, яна вельмі маркоцілася, што Іван заўтра пойдзе. Яны часта заставаліся ўдваіх і ціхенька перакідваліся словамі. Меншыя браты і сёстры Івана, папалуднаваўшы, пайшлі на вуліцу. А на вуліцы было так цікава. Сталыя мужчыны збіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Тут жа расказваліся вельмі цікавыя навіны, падымаліся гарачыя спрэчкі, наогул жыццё біла з кожнага кута. Па сяле хадзілі самыя няскладзістыя чуткі.

 

 

III

 

На другі дзень раніцою, чуць толькі паказалася сонца з-за таго лесу, што стаяў каля воласці, Іван быў ужо гатовы да паходу. Цяпер ён зусім выглядаў салдатам. За плячамі ў яго быў досыць пакоўны мяшок з хлебам і скорамам, прыладжаны на рушніку. Яго спадарожныя, тры таварышы, такія ж, як і ён, «ваякі», ужо стукалі ў акно, клічучы Івана да сваёй кампаніі.

– Я даганю вас, хлопцы: ідзіце памалу, – сказаў Іван, развітаўшыся з бацькамі.

Раман, Параска і Матрона правялі яго на двор. Ісці вуліцаю было нейк нялоўка. Іван пайшоў дваром каля клуні. Тут яшчэ затрымаліся, а Раман сказаў на дарогу сыну колькі слоў, сэнс якіх зводзіўся да таго, каб усё рабіць з розумам.

– Ну, шчасліва, – прамовіў апошнія словы Раман і павярнуў у клуню.

Маці стаяла яшчэ колькі мінут і пазірала на Івана. Матрона пайшла з Іванам.

– Падыду з табою да гэтага лесу, – сказала яна, заглядаючы з любасцю ў вочы.

Агародамі выйшлі яны на выган і павярнулі па сцежачцы, што ішла каля плота.

– Не даюць нам, Іванька, спакойна жыць. Хоць бы дзянёк таго спакою. І дома ты, а сэрца не на месцы. А пойдзеш – і таго горай.

У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. І хацелася нешта сказаць маладой жонцы, і нават думкі добрыя былі, толькі слоў не знаходзілася адпаведных. Іван ішоў поруч з Матронаю, заглядаў ёй у вочы і толькі вачамі і смехам выказваў свае думкі.

Дайшлі да лесу, ён пачынаўся недалёка ад выгану. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці.

– Глядзі ж ты, Матрона, не вельмі па вуліцах вечарамі разгульвай, – сказаў, прыпыніўшыся, Іван.

– Ну, што ты, Іванька! Як жа я, мужняя жонка, гуляць пайду? – І яна паглядзела на Івана з дакорам.

Іван абняў яе моцна, крэпка пацалаваў у свежыя, сакаўныя губы і шырокімі крокамі пусціўся даганяць сяброў.

Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яра, куды павярнула дарога, а потым пайшла на свой агарод збіраць зелле, падаткнуўшы спадніцу.

Шкада было Раману сына, але ж затое было і шмат спакайней. Без пэўнай думкі расчыніў ён у клуню вароты, зайшоў туды, аглядзеў сцены, зірнуў на кучы саломы і выйшаў на двор. Крыху пастаяў, зайшоў у пчольнік, прайшоўся між вулляў, ніякай работы на гэты дзень ён яшчэ не назначыў сабе. Дый ахвота нейк адпала за дзела брацца. Яго пацягнула на вуліцу.

На тым баку, пасярэдзіне сяла, цягнуўся глыбокі і шырокі яр; з вуліцы чуўся гоман. Раман ужо хацеў накіравацца туды, але так добра знаёмы з учарашняга дня гук зноў пачуўся Раману. Ён зайшоў за клуню і стаў слухаць. Грозны гук паўтарыўся грозна і выразна. Ціхае і вільготнае паветра раніцы прыдавала яму яшчэ большую сілу. Здавалася, што гарматы грымелі цяпер шмат бліжэй.

Каля Бажковай клуні таксама стаяў і Пятро Мазалеўскі. Свае клуні Пятро не меў.

Раман пайшоў да Пятра паздароўкацца.

– Мне здаецца, што сёння гарматы як бы аддаліліся, – прамовіў Пятро.

– Дзе ты бачыў, аддаліліся, – зусім блізка грукацяць.

Як бы прыпыняючы іх спрэчку, пракаціўся густы, выразны, акруглены гук.

– Чуеш? – сказаў Раман.

– Што ж, – прамовіў Пятро, – пры сутычках усяк бывае. Зарвецца дзе іх банда, вось і выбіваюць.

– Банда-то банда, але глядзі, куды дайшлі... Нічога, мусіць, брат, не будзе, калі іх парадак моцны, дысцыпліна, браневікі, танкі і ўсё, што хочаш.

– Ну, браневікі! А ў нас, ты думаеш, браневікоў няма? Прагналі ж Калчака. Цяпер з таго фронту сюды ідзе войска. Яшчэ, брат, ім няма чым казырыцца.

– Не, Пятро, – круціў Раман галавою, – штось на гэта не паказвае, чуткі ёсць, што ўжо і Курск вывозіцца. Трудна, брат, з імі змагацца.

Пятро маўчаў. Дый што тут казаць. Хіба ты яго пераканаеш. Радуецца кулаччо, бо не па нораву яму новая ўлада.

Раман пайшоў на вёску паслухаць, што гавораць людзі. Пятро таксама павярнуў у свой двор. Стаяць на вуліцы і слухаць гэтую кулацкую гутарку яму было прыкра.

«Ах вы, жылы, жылы! – разважаў сам з сабою Пятро. – Чакаеце Дзянікіна, нялюба вам, што бедната галаву падняла. Каб часам жа і самі не заплакалі!»

Нявесела было на душы ў Петруся. Перш быў за справу ўзяўся, плот паставіў на сваім надзеле, падгатаўляў мясціну, каб перанесці туды сваю хату. Думаў пачаць памалу будавацца. Цяпер жа ўсё гэта спынілася.

«Задушаць, усё задушаць і знішчыць могуць, сволачы!» Так і спыніў сваю работу Пятро, бо нашто рабіць?

Калі прыйдуць дзянікінцы, то ўсё будзе знішчана ды яшчэ і самога калаціць будуць. Але не гэта страшна, страшна, што стары парадак можа вярнуцца. Заможнае сялянства пачало падымаць галаву. То там, то сям стаялі гурткі заможнікаў, якія так ці іначай лічылі сябе пакрыўджанымі беднатою і ў глыбі душы, хоць аб гэтым яшчэ не адважваліся казаць уголас пры ўсіх, былі рады набліжэнню Дзянікіна. Цішком перадавалі адзін аднаму аб зменах жыцця, якія будуць тады, калі вернецца ранейшы парадак.

Раман колькі разоў абменьваўся думкамі з людзьмі і яшчэ болей пераконваўся ў тым, што верх возьме Дзянікін, і ўжо пачынаў чакаць яго.

Тым часам набліжэнне фронту і сурʼёзнасць становішча адчувалася моцна. Прыходзіла войска, размяркоўвалася на больш-менш доўгі час, а праз дзень-другі кудысь выходзіла. Прыбывалі новыя вайсковыя часці, але не затрымліваліся і перакідваліся то на адзін, то на другі пункт фронту.

А гарматы грукацелі бліжэй.

Раман чула прыслухоўваўся да ўсяго, што рабілася вакол. Вайна была ўпартая, і часта фронт хістаўся то ў адзін, то ў другі бок, а разам з гэтым падымаліся, ніклі надзеі то заможнікаў, то беднаты. Калі ўдача была ў чырвоных – ажывала бедната і паказвалася на вуліцы. Тады можна было пабачыць Пятра. Ён выходзіў на вуліцу, шырока расстаўляў ногі і казаў:

– Не, брат, збілі Калчака – таксама далёка зайшоў, сабʼюць і Дзянікіна. Усяго народу не ашукаеш і за белы хлеб не купіш... Што тут талкаваць? Рана вам радавацца, – і Пятро кідаў вочы на крытыя пад жалеза хаты заможнікаў.

Пры спатканні з Раманам Пятро не мінаў сказаць:

– А гарматы ледзь-ледзь ужо чуваць.

Раман дыпламатычна адказваў:

– І дзякуй Богу! Ты ж думаеш, добра было б, каб фронт прайшоў праз наша сяло?

Так ён казаў Пятру, а сам думаў не тое і адчуваў засмучэнне, асабліва пасля таго, калі яго залучылі ў абоз чырвоныя і пратрымалі з тыдзень, а ў гэты час невядомыя ласуны крыху пахадзілі каля вуллёў.

Раман зноў збіраў навіны і нават заходзіў да бацюшкі пагутарыць аб справах вайны.

Бацюшка стаяў у самым асяродку навін і на справу пазіраў светлаглядна.

– Думаеш, яго сілаю прымусіш адысці? – казаў бацюшка. – Сам адступіў, бо правае крыло на фронце Урангеля адстала, а левае залішне высунулася. Але туды паслалі генерала Шкуро. Гэта, брат, генерал! Другі Сувораў! – Раман весялеў – што значыць вучоны чалавек!

Такое хістанне цягнулася колькі месяцаў. Раман проста змучыўся, чакаючы рашучых вынікаў вайны. Паміж заможнікаў злажыўся нават погляд, што Дзянікін не ідзе проста дзеля таго, каб даць людзям сабраць з палёў.

Пад канец лета гарматы на некалькі дзён зусім змоўклі, але аднойчы Раман пачуў, як яны зноў ажылі і загрымелі часта і моцна.

Убачыўшы Петруся, ён сказаў:

– А чуеш, як блізка зноў грукацяць?

– А мне здаецца, – адказаў Пятрусь, – што яны ўсё на адным месцы.

Але выраз твару Петруся казаў за тое, што гарматы не вельмі далёка.

Пад вечар таго ж самага дня стала вядома, што Дзянікін перайшоў раку Псёл, а да яе адгэтуль было не болей як дваццаць вёрст. Гарматы грымелі ўжо так, што зямля дрыжала. Блізасць вайны адчувалася цяпер усімі. Сярод вайсковых заўважаўся незвычайны рух. Відаць было, што чырвоныя войскі адыходзілі. Цэлы шэраг фурманак пацягнуўся на поўнач у кірунку на Курск; за фурманкамі праз нейкі час пачалі адыходзіць і баявыя ланцугі. Становішча рабілася вельмі напружаным. Дзесь, не вельмі далёка, тухкалі кулямёты, а на горцы ў полі пачалі ўздымацца высокія слупы дыму і пылу. Гэта – выбухі ад снарадаў. Людзі пахаваліся: сяло, здавалася, апусцела.

Раман чуў, як нейкі страх агарнуў яго душу. На яго вачах адбывалася развязка вялікага змагання, сэнс якога ён не мог ахапіць розумам, але ў сэрца закрадалася цёмная трывога.

Змоўклі гарматы, сціхла частае тухканне кулямётаў. Зрабілася ціха і пуста. Чырвоных ужо не было, а белыя яшчэ не паказваліся.

Раман стаў разглядацца і патрошкі ўваходзіць у звычайную плынь жыцця. Ён выйшаў на двор, аглядаючы будынак і гаспадарку. Зрэдку грукацелі гарматы, але ўжо збоку і ў другім месцы. Азірнуўся Раман назад і абамлеў: з вуліцы ў двор уварвалася нейкая, яшчэ не бачаная ім, банда ўзброеных людзей. Не прадбачачы нічога добрага, Раман, моцна перапалоханы, падаўся ў патайны кут двара. Сэрца яго крэпка забілася.

У хаце была жонка і нявестка Матрона.

Банда ўвалілася ў хату. Матрона забілася ў цёмны куток сяней і ўся дрыжала.

– Бальшавікоў няма? – запытаўся адзін з шайкі нейкаю ломанаю моваю, а вочы яго бегалі, як у злодзея.

– Няма, няма, – запэўніла перапалоханая гаспадыня.

Банда борзда крутнулася па хаце, акідаючы поглядам куты і набытак, потым выйшла ў сені. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схованы яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі.

Адзін з шайкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідаць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя – клаў у кішэню. Другія падбіралі з зямлі хусткі, абрусы.

– Што вы, падлюгі, робіце?! – крыкнула Матрона і выскачыла з кутка.

Грабежнікі знячэўку прыйшлі ў замяшанне. Чорны, акінуўшы Матрону вачамі, расплыўся ў нядобрую ўсмешку.

– Харошая баба! Ой, харошая баба!

Ён кінуў скрыню, падышоў да Матроны і раптам абняў яе крэпкімі рукамі.

Жанчына ў гневе, у страху стала крычаць, адбівацца, але чорны трымаў яе моцна.

– Пойдзем, душа мая, пойдзем! – і павалок маладзіцу ў глыб двара.

Матрона баранілася з усіх сіл, біла яго па твары, чаплялася рукамі ў бараду, крычала, клікала людзей, але ніхто не паказваўся і не ішоў бараніць.

– Нічога, нічога, не бойся! – казаў чорны, а вочы яго гарэлі дзікім агнём.

Ён згроб жанчыну на рукі і павалок у клуню. Матрона змаглася і самлела. Чорны нагою адчыніў дзверы і панёс маладзіцу туды.

Раман не мог болей хавацца. Ён схапіў вілы і кінуўся ў клуню ратаваць сваю нявестку.

– Погань разбойная, што ты робіш?! – наляцеў Раман з віламі, гатовы прасадзіць чорнага.

Грабежнік кінуў Матрону, выхапіў шаблю і спрытна адбіў удар, пры гэтым рассекшы Раману пальцы. Вілы выпалі з рук Рамана.

На шчасце, пачалі збягацца людзі, падняўся крык, лямант. Чорны, дзіка азірнуўшыся, моцна штурхануў Рамана ў грудзі, збіў яго з ног і, махаючы шабляю, пабег да банды. Аграбіўшы Раманаву хату, банда пайшла на другі бок сяла праз яр.

Прайшло з месяц часу. Сялянства на ўласных гарбах адчула ўсю асалоду дзянікінскіх парадкаў. Не па адной спіне загуляла паліцэйская нагайка. Землеўласнікі сталі збіраць свой набытак, адбіралі ад сялян кароў, коней, цягалі іх па судах за ссечаны лес.

І вось, калі зноў пачуліся стрэлы гармат, на гэты раз ужо з поўначы, а Раман і Пятро стаялі і слухалі іх, Пятро з радасцю сказаў:

– А ці не здаецца табе, што гэтыя стрэлы раз-пораз чуюцца бліжэй?

 

– Так, так, гром набліжаецца! – цяпер ужо вясёлым голасам азваўся Раман.

[1923, 1952]


[1923]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5