epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дарога

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

Між палёў шырокіх,

Як змяя якая,

Цягнецца дарога,

Вузкая, крывая.

 

Наабапал грушы

Разрасліся ў полі,

Нізенькі яловец

Чэзне, бы ў няволі.

 

Тут мужык працуе,

Чорны ўвесь, як сажа.

Крыж на перасеках

Аб пакуце кажа.

 

Коціцца цялежка,

Бʼецца аб каменне,

Хлебароб на поле

Глядзіць ў задуменні...

 

Ой, дарога-сцежка,

Вузкая, крывая!

І ты, жыццё наша,

Ты, доля, такая!

 

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910