epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дарога

Між спелага жыта

Сінее валошка,

Бяжыць паміж нівак

Крывая дарожка.

Скажы мне, дарога,

Хто ездзіць табою?

Куды ты крывенькай

Бяжыш паласою?

 

Па ўзгорках высокіх,

Багатых пяскамі,

Даўно пралягла ты

Двума паяскамі.

 

Скажы мне, дарожка,

Чаму ты крывая,

І вузка, і цесна,

Як доля людская?

 

Бяжыш ты часамі

Праз горы, курганы...

Чыёю рукою

Крыжы пастаўляны?

 

Знаць, гора-нядоля

Тут след пакідае...

Маўчыць, не гаворыць

Дарога крывая.

 

І бедныя людзі

Тут ездзяць і ходзяць,

А шчасця і долі

Ніяк не знаходзяць.

 

12/ІХ 1909


12.09.1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910