Звалі яго Дэмір-Кая. Па-нашаму гэта азначае – «Жалезная скала». Так звалі яго за тое, што гэты чалавек не знаў ні жаласці, ні сораму, ні страху.
У яго была цэлая шайка разбойнікаў, і з імі ён вёў разбоі вакруг Стамбула (Турэцкая сталіца), у шчаслівай Фесаліі, у гарыстай Македоніі (даўней славянскія землі, цяпер належаць да Турэччыны) і на багатых пашах балгарскіх. Дзевяноста дзевяць чалавек пала ад яго рукі, і ў тым чысле былі кабеты, старыкі і дзеці.
Але адзін раз у гарах яго акружыла войска падышаха. Тры дні бараніўся Дэмір-Кая, як воўк ад сабак. На раніцу чацвёртага дня ён прабіўся праз войска, але – адзін. Некаторыя з яго таварышаў палеглі ў час бою, другія дасталі смерць ад рукі ката ў Стамбуле на круглым месцы (плошчадзі).
Зранены, абліты кроўю ляжаў Дэмір-Кая каля агню ў непрыступных гарах у пячоры, дзе прыхілілі яго дзікія пастухі. І вот сярод ночы зʼявіўся прад ім светлы ангел з огненым мячом. Пазнаў Дэмір-Кая весніка смерці, пасланца з неба, Азраіла, і сказаў:
– Няхай будзе воля Аллаха: я гатоў.
Але ангел сказаў:
– Не, Дэмір-Кая, час твой яшчэ не прыйшоў. Слухай волю Бога. Як ты ўстанеш з пасцелі смерці, пайдзі, выкапай з зямлі твае багацтва і пусці іх на грошы. Потым ты пойдзеш проста на ўсход сонца і будзеш ісці датуль, покі не дойдзеш да месца, дзе зыходзяцца сем дарог. Там пастроіш ты дом з прахладнымі пакоямі, з шырокімі дыванамі, з чыстаю вадою для ўмывання, з ядою і піццём для падарожных. Заві да сябе ўсіх, хто ідзе або едзе тут, і служы ім, як апошні слуга (раб). Няхай твой дом будзе іх домам, тваё золата – іх золатам, твая праца – іх спачынкам. І ведай, што будзе час, калі Аллах забудзе твае цяжкія грахі і даруе табе кроў дзяцей яго.
Але Дэмір-Кая спытаў:
– Які ж знак дасць мне Бог, што грахі мае дарованы?
І ангел адказаў:
– З агню, што тлее каля цябе, вазьмі абгарэлую галавешку, пакрытую попелам, і пасадзі ў зямлю. І як мёртвае дзерава адзенецца карою, пусціць расток і зацвіце, – то ведай, – настаў час твайго збавення.
Прайшло з таго часу дваццаць гадоў. Па ўсяму краю падышаха – шла слава аб доме каля сямі дарог па пуці з Джэды ў Смірну. Убогі выхадзіў адтуль з грашыма ў дарожнай торбе, галодны – накормленым, замарыўшыся – адпачыўшым, ранены – здаровым.
Дваццаць гадоў, дваццаць доўгіх гадоў – глядзеў кожны вечар Дэмір-Кая на дзіўны абрубак дзерава, укопаны на дварэ, але ён аставаўся чорны і мёртвы. Патухлі ў Дэмір-Кая арліныя вочы, сагнуўся яго магучы стан, і валасы на галаве яго зрабіліся белыя, як крыллі ангела.
Але вот адзін раз ранічком пачуў ён конскі тупат і выбег на дарогу, і ўбачыў чалавека, каторы мчаўся вярхом на ўзмыленым кані. Кінуўся да яго Дэмір-Кая, схапіў каня пад вобруць і маліў ездака:
– О, брат мой, зайдзі ў дом да мяне. Асвяжы твар твой вадою, падкрапі сябе ядою на дарогу.
Яздок крыкнуў са злосцю:
– Пусці мяне, стары! Пусці!
І плюнуў ён у твар Дэмір-Кая і вытнуў яго пужальнам па галаве і паскакаў далей.
Закіпела ў Дэмір-Кая гордая разбойніцкая кроў! Падняў ён з зямлі цяжкі камень і шпурнуў яго ўслед крыўдзіцелю і разбіў яму чэрап. Закачаўся яздок на сядле, схапіўся за голаву і ўпаў у дарожны пыл.
Са страхам у сэрцы падбег да яго Дэмір-Кая і сказаў жаласна:
– Брат мой, я забіў цябе!
А ўміраўшы адказаў:
– Не ты забіў мяне, а рука Аллаха. Слухай. Паша нашага краю – злы, жадны, несправядлівы чалавек. Мае сябры замыслілі проці яго загавар. Але я спагнаўся на грошы. Я хацеў іх выдаць. І вот, як я спяшыў з даносам, мяне спыніў камень, каторы кінуў ты.
Так хоча Бог. Прашчай!
У вялікім горы вярнуўся Дэмір-Кая ў свой двор. Усё яго дабро, каторае ён рабіў людзям, каб загладзіць свой грэх, уся скруха – гэтыя ўсходы, па каторых ён падымаўся да Бога, падламаліся пад ім у адзін кароткі міг летняй раніцы.
У гэтым горы глянуў ён туды, дзе погляд яго прывык астанаўляцца кожны дзень на абгарэлай галавешчы.
І – о, дзіва! – ён бачыць, што на яго вачах мёртвае дзерава пушчае росткі, пакрываецца пахучаю зеленню і расцвітае далікатнымі жоўтымі кветкамі.
Тады ўпаў на калені Дэмір-Кая і радасна заплакаў. Бо ён зразумеў, што вялікі і ўсешчыры Аллах у несказаннай прамудрасці сваёй дараваў яму дзевяноста дзевяць загубленых душ за смерць аднаго прадацеля.
А.Купрын.
Пералажыў К.М.
[1907]