epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Драматург і лірычны паэт

I
II
III
IV
V
VI


I

 

«Амелька Шчыт»...

Напісаўшы гэтыя два словы, імя і прозвішча, Амелька адкінуўся, каб паглядзець трохі зводдаля, як выглядаюць яны наогул. Паглядзеў і так і гэтак, павярнуў галаву направа і налева – адкуль ні зірнеш, выходзіць добра. А як будуць выглядаць гэтыя словы, калі іх выдрукуюць?

Шчаслівая ўсмешка блукае па Амелькавых губах, і сам Амелька на некаторы час зусім адрываецца ад свайго жыцця і аддаецца салодкім марам. Прасачыць усе іх сцежкі-хады не пад сілу і самому Амельку – такія вычварныя і наравістыя пуціны іх! Адно толькі можна сказаць: яны павялічылі ў значнай меры Амелькаву вагу, разумеецца, у яго ўласных вачах. І калі Амелька зноў вярнуўся ў сапраўднасць, у сваю хату і за стол, дзе сядзеў, вывеўшы на сшытку з партрэтам аднаго выдатнага чалавека сваё імя і прозвішча, ён ссунуў шапку на патыліцу і яшчэ вышэй падняў і ўскудлачыў і без таго ёмкі свой чуб з левага боку галавы. І гэты ўчынак меў сваё апраўданне, бо той замах, на які наважыўся Амелька, бясспрэчна прынясе яму славу, з пашанаю вылучыць яго з грамады.

А ў гэты час яго маці паліла ў печы. На дварэ было ўжо досыць светла, светла ў такой меры, як на гэта наогул здольна гнілая раніца ў познюю восень.

Ужо некалькі разоў ускідае маці вочы на сына. Хоча сказаць яму нешта, але, як відаць, не знаходзіць трапнага пачатку ці проста не хоча гаварыць яму, бо гэткая гаворка звычайна не мае ніякай карысці. Але дзве прычыны змусілі-такі Амелькаву матку парушыць маўчанне і звярнуцца да сына з прамовай.

Па-першае, яна пачула цупанне адзінокага цэпа ў гумне. Гэта бацька, Кандрат, малоціць там адзін, а сын сядзіць сабе за сталом з алоўкам у руках… І вось жа не падумае, гультаіна, што бацьку трэба памагчы! Па-другое, у гэты ж самы час пабег гаршчок, дзе варылася капуста з баранінай. Гэтыя дзве акалічнасці і вывелі з раўнавагі Праксету. Адсунуўшы гаршчок, адкуль збег самы навар, яна сярдзіта стукнула вілкамі ў качэргах, яшчэ раз зірнула на Амельку, і злосць была ў яе вачах.

– Сядзіць, як ідал які! Пайшоў бы да памог малаціць бацьку... Узяўся за пісанне! Пісаў бы вольным часам. Дык не ж: тады ён цягаецца нема-ведама дзе і чорт знае чаго!.. Завала!

Мары і сапраўднасць – вельмі розныя рэчы. Слухаць жа такую атэстацыю для Амелькі было далёка не пад густ, асабліва калі прыняць пад увагу паважнасць яго намераў, і ён азваўся адным толькі словам:

– Заткніся!

– А каб табе заткнула ды не адпусціла! – закіпяцілася маці і падбегла да сына з вілкамі:

– Нюхаўку распару, гаду! – і намерылася вілкамі ў Амелькаў нос.

– Чаго ты вяжашся? – Амелька, у сваю чаргу, злосна падняў на матку вочы.

– Каму гаворыш «заткніся»? – наступае маці.

– А чаго ж ты распусціла ляпу?.. Тра-та-та-та! і канца ёй няма.

Незвычайны парыў злосці пашыб Праксету, але яна раптам стрымалася і зусім іншым тонам звярнулася да Амелькі:

– Гэта ты ў сваёй яечцы так навучыўся гаварыць з маткаю? Гэта такая ваша новая навука?

Маці на свой манер вымавіла слова ячэйка, куды хадзіў Амелька, і такім пытаннем зусім падсекла яго запал; Амелька павярнуў у другі бок.

– Ты мне мыслі перабіваеш! – абурліва гаворыць Амелька. – А цяпер я ніяк не магу іх сабраць... Вяжацца ў вочы з сваёю навукаю і з гэтаю паршываю малацьбою. Згарыць ён няхай, гэты твой цэп! Пара ўжо машынаю малаціць, а цэп – такая абраза для новага часу, што яго і ў рукі браць праціўна.

– А есці таксама ты будзеш машынаю? Скварку дык і голымі рукамі з агню выхваціш. Цэп яму ўзяць у рукі праціўна! Чаму ж ты не прыдбаў машыны? Зарабіў ты хоць капейку ў хату? Вісіш на бацькавым карку... Язык – твая машына.

– Чаго ты трашчыш над вухам? – агрызаецца Амелька.

– Вось зараз як трэсну, дык цябе аж чэрці возьмуць! – зноў павышае тон Праксета.

Амелька далей не можа трываць. Думкі яго сапраўды цяпер параскіданы, прывабнасць мар збегла. Рабіць тут болей няма чаго. Ён хапае сшытак і пружыніста накіроўваецца ў дзверы.

– Пісар знайшоўся, – крычыць яму ўслед маці.

– А вось і пісар. Напішу, як вы самагон тут гналі, і пашлю ў газету. Тады ты пазнаеш, які я пісар, – грозіць ёй на парозе Амелька.

– Дык ужо і прыпіску зрабі, што за самагон галіфэ табе справілі, – падцінае яго маці.

Амелька не знаходзіць, што адказаць на гэта. Ён толькі злосна стукае дзвярмі і выходзіць на двор.

 

 

II

 

Як толькі Амелька апынуўся на двары, дык перад ім зараз жа паўстала пытанне, – куды падацца і што рабіць, бо з хаты ён выйшаў проста таму, каб не чуць крыку і не сварыцца з дурною кабетай, хоць яна і маці, якая не зліквідавала нават свае непісьменнасці. У гэтую часіну яму здавалася, што маці зусім яго не шкадуе і нават не заплакала б, калі б ён і памёр. Ну, што ж? Гэта яго вельмі мала кратае, і напляваць яму на ўсякія жаласці і слёзы, бо ён чалавек новы, гэта раз. І другое: ён носіць у сабе такую ідэю, што выведзе яго ў людзі, дасць яму і славу і грошы. І нарэшце, трэцяе – ён чалавек асаблівай катэгорыі: ён – пісьменнік! Адно толькі прыкра, што дома яму замінаюць і робяць усялякія перашкоды. І горш за ўсё гэтае невуцтва, гэтая няздольнасць бацькоў зірнуць далей свайго носа; яны гатовы эксплуатаваць яго, Амельку, на сто працэнтаў. Капаюцца, як чэрві, у зямлі і ў брудзе і яго туды ж цягнуць... Не, брат, дудкі! Амелька ж не дурань, каб не ведаць, што добра і што блага. Ён, праўда, нічога не мае і супраць працы – чаму ж? Працаваць трэба, але ж не з гэтымі старасвецкімі прыладамі, не касою і плугам, не сярпом і цэпам, а машынамі, трактарам, аб якіх пішуць і гавораць разумныя людзі. 3 другога ж боку, і да машын трэба мець пэўны спрыт і ахвоту, і гэта не кожнаму даецца, але чым Амелька вінаваты, што яго цягне іншая чыннасць, дзе ён і можа праявіць свае здольнасці?

Цупанне ў гумне бацькавага цэпа перабівае на кароткі час Амелькавы разважанні і прыкрым разгалоссем гучыць у яго вушах.

Амелька на момант запыняецца на сярэдзіне двара, топчацца на адным месцы, не ведаючы, куды ісці? Але ногі нейк самі панеслі яго на ток, дзе цупаў адзінокі цэп у бацькавых руках. І ўжо ў гумне Амелька прыходзіць да думкі, што самае лепшае – пабыць яму ў гумне, бо цяпер яшчэ раніца і больш дзецца няма куды. Апроч таго, яму ніхто не будзе рабіць закідаў, што ён гультай і дармаед.

Кандрат – чалавек ужо стараваты і ціхі. З сынам ён амаль ніколі не сварыцца, хіба толькі часамі злёгку пакпіць з яго выкручвання ад работы на гаспадарцы. Ёсць яшчэ сыны, меншыя. Хто-небудзь ды застанецца на гаспадарцы. А знойдзе што лепшае, ну, што ж? Няхай!

Амелька моўчкі бярэ цэп і становіцца супраць бацькі. Ён улучае момант, каб патрапіць бацьку ў тахт, і з першага ж разу бʼе сваім бічом па бацькавым бічы. Дубовы цурубалак-біч адлятае ўбок, пагнаўшы вецер каля бацькавага носа. Гэта выйшла незнарок, і такія рэчы пры малацьбе здараюцца. Ні Кандрат, ні Амелька не азваліся ніводным словам, толькі моўчкі прынялі меры большай засцярогі. Амелька заўважае, што біч няёмка пакручваецца на шыйцы цапільна, але работы не спыняе. Махнуў цэпам яшчэ разоў пару, і біч становіцца праўцом, зрываецца з цапільна, ляціць угару, а потым, па закону Ньютана, падае наніз. Амелька ўгінае галаву, а біч – цоп яго па спіне тоўстым канцом!

– Ці ты цэпа не любіш, ці цэп цябе не любіць, – робіць заўвагу бацька.

– А які дурань будзе цэп любіць? – пачухвае Амелька спіну. – Даўно пара іх папаліць.

– Але ж, сынку, пара, – згаджаецца Кандрат і тут жа дадае: – Але калі папаліш цапы, то ці будзе што малаціць лыжкай?

– Якая малацьба цэпам, такая малацьба і лыжкай, – агрызаецца Амелька і чапляе біч з прывязкай на шыйку цапільна. Галоўка цапільна доўга не пралазіць у сурамятную дзірку прывязкі.

Кандрат цупае зноў адзін і спыняецца, дамалаціўшы апошні сноп. Удвух варочаюць яны снапы і на другі бок, а потым мяняюцца цапамі, бо, як тут было ўстаноўлена, Амельку папаўся горшы цэп, і малоцяць, дабіваюць апошні пасад. А Праксета, выйшаўшы з хаты, з прыемнасцю пераконваецца, што бацька малоціць не адзін.

Скончыўшы малацьбу, моўчкі шчыняюць намалочанае жыта, думаючы паасобку свае думкі. Кандрат думае аб гаспадарскіх справах, аб хатніх патрэбах і нястачах. Амелькавы ж думкі зноў узыходзяць на сваю бітую дарогу. Ён думае аб драмгуртку, аб нядаўнім прыездзе маладых хлопцаў з горада, здабыўшых сабе славу паэтаў, аб іх выступленні, аб іх творах, што чыталі яны тут, аб іх закліку смела пісаць, паказваць новы быт, дзе не павінна быць месца смутку, нудзе. Адным словам, павінна быць радасць жыцця, асалода перамогі і ўсякія вясёлкавыя колеры. Тады ж у Амелькі нарадзілася думка, што паэты – самыя шчаслівыя на свеце людзі, і ён цвёрда пастанавіў стаць пісьменнікам. Пачаў Амелька пісаць. Радасці ў яго творах было вельмі багата. Нават звычайная нуда і ліха выступалі ў яго весела, бадзёра і радасна. А цяпер Амелька мяркуе напісаць камедыю не для свайго тэатра, а для гарадскога, бо Амелька дазнаўся, што гарадскі тэатр не мае добрых пʼес і не пашкадуе грошай, калі напіша хто камедыю або драму. Амелька і хоча дапамагчы тэатру, а разам з гэтым і сабе самому.

Ён кастрэжыць у кучу амецце, думае аб сюжэце свае камедыі і аб тым, дзе і як яго выканае.

 

 

III

 

У Амелькі быў прыяцель, Арцём Гучны. Сапраўднае імя і прозвішча яго было Нічыпар Калюга, а Арцёма Гучнага ён прыдумаў і так падпісваўся пад сваімі творамі, пераважна лірычнымі вершамі, бо ўжо такая пісьменніцкая традыцыя. Амелька ж гэтай традыцыі не захацеў трымацца і наважыўся выступіць пад уласным прозвішчам.

Па-першае, яно і так прыгожае, а па-другое... у яго на гэта былі свае меркаванні.

Удвух ім было шмат зручней перш за ўсё арганізаваць адпаведную абстаноўку для сваёй паэтычнай работы. Да таго ж Арцём Гучны меў уласны куток, цёмную каморку з невялічкім акенцам у сцяне. І тут ніхто не замінаў яму скарыстоўваць вольным часам хвіліны натхнення. Удваіх таксама было лягчэй дастаць і патрэбныя прылады для выяўлення свайго творчага свербу. І нарэшце, такая суполка іх давала ім і слухача і крытыка.

Сакратар сельсавета, Мікіта Бруяк, быў іх мецэнатам. Ён узычыў ім сіняга і чырвонага чарніла, пяро і паперы на чарнавікі.

– Пішыце, браткі, служыце пяром грамадзе, толькі не злоўжывайце.

– Не бойся, дзядзька Мікіта: добрага чалавека мы не зачэпім.

– Зачапляйце, браткі, ліхога чалавека, а свайго падтрымайце. Мала там часамі што, – і дзядзька Мікіта пацёр свой чырванаваты нос.

– Ну, вось. Цяпер, брат, загудзе работа, – весела гаворыць Арцём, – і для чарнавічкоў ёсць папера.

Праўда, Амелька хваліўся Арцёму, што яму няма патрэбы пісаць перш на чарнавік, а потым перабельваць, бо ў яго такі напор мысляў і слоў і так яны акуратна і гладка выліваюцца, што ён можа пісаць адразу.

– Дык яно і ў мяне пішацца лёгка, – не паддаецца прыяцелю Арцём Гучны, – але ўсё ж такі прыходзіцца іншы раз сёе-тое падправіць. Верш, ведаеш. Яго трэба часамі пад гэбель і пад склюд узяць.

– І пад рубанак, – устаўляе сваё спецаўскае слова Амелька.

– І пад рубанак, – згаджаецца Арцём. – Вось гэта я напісаў адным духам, не папраўляючы.

Арцём нават не пытае згоды прыяцеля, хоча той слухаць яго ці не, і дастае з кішэні тое, што напісаў «адным духам». Разгортвае, пазірае на Амельку, адкашліваецца:

 

 

 

 

Я хачу смяяцца

 

Я хачу смяяцца

У радасці кудлатай,

Каб чырвоным смехам

Ачырвоніць хаты.

Я хачу смяяцца

І без дай прычыны...

 

 

Дэкламуючы напісанае «адным духам», Арцём з асаблівай сілай налягаў на словы «Я хачу смяяцца». І калі ён у незвычайным захапленні прадэкламаваў першую палавіну другой страфы, дык пачуў даволі здаровы і трапны голас невядомага крытыка, што выпадкам праходзіў поблізу і пачуў дэкламацыю. Гэты крытык сказаў:

– Без дай прычыны смяецца толькі дурань.

– Што там яшчэ за сволач такая? – абурліва пытае Арцём і кідаецца да акенца.

– Кулак які-небудзь, – злуецца і адказвае Амелька, – распішу я іх, прахвоставых сыноў! Ведаць бы толькі, хто такі!

Але крытык знік, як злы дух, папсаваўшы Арцёму высокі паэтычны настрой.

—Усё ж такі я выскачу: гляну, хто гэта такі.

Арцём кідаецца з каморкі. Амельку не выпадае заставацца аднаму, і ён выходзіць следам. Арцём прабег дваром, выскачыў на загуменне. Нідзе нікога. Таксама нічога цікавага не заўважыў і Амелька на вуліцы.

– Ці мала на свеце брыды? Не варт на гэта і ўвагі зварочваць, – супакойвае прыяцеля Амелька.

Арцём моўчкі згаджаецца з гэтым невясёлым прызнаннем і дадае:

– На нашай пісьменніцкай дарозе ўсяго, браце, трапляецца.

А ў галаве новая тэма круціцца – што можа трапіцца на пісьменніцкай дарозе. У яго нават і пачатак для новага твору напрошваецца:

 

 

Не адны толькі пляскі далоней

У жыцці ты спаткаеш, паэт! –

 

 

Арцём баіцца толькі, каб не было тут упадніцтва. Сказаць праўду, Арцёму ніхто яшчэ толкам і не пляскаў, а калі і пляскалі, дык не яму, а па ім, і ўспомніць аб воплесках можна было толькі ў сувязі з словамі невядомага крытыка. Але Арцём бачыў, як пляскалі маладым паэтам, што прыязджалі сюды, і сам пляскаў ім.

Амелькавы думкі ідуць па другой дарозе. Ён думае аб сваёй камедыі. Невядомы крытык дае і яму зачапку паварушыць мазгамі, ці не можна скарыстаць гэта як сюжэт для камедыі, бо ў Амелькі да гэтага часу справа з сюжэтам яшчэ не вырашана. Але справа гэта не цяжкая, варта толькі сесці за работу.

Такім парадкам драматург і лірычны паэт адчуваюць патрэбу вярнуцца ў сваю «лабараторыю паэзіі», у каморку. Арцёму толькі не хочацца пісаць разам з Амелькам, бо Амелька напалохаў яго сваім напорам мысляў і слоў. Арцём жа чуе, што яму, пішучы, прыйдзецца зварочвацца і да склюда, і да гэбля, і да рубанка.

Яны ідуць у каморку, закурваюць, а потым садзяцца за работу.

 

 

IV

 

Хоць Арцём і гаспадар у гэтай каморцы, але ён займае горшае месца: садзіцца так, каб Амелька не бачыў яго ў працэсе творчасці, пераўступае такім парадкам Амельку і лепшае месца, і чарніла, узычанае Бруяком, бо сам Арцём змушаны быў пісаць карандашом.

 

 

Не адны толькі пляскі далоней

У жыцці ты спаткаеш, паэт! –

 

 

запісаў Арцём і наморшчыў лоб. Далей трэба злажыць новы радок, каб апошняе слова яго рыфмавалася з словам «далоней». І гэтыя словы прыходзяць: коней, супоней, гоней, скроней... Можна ўзяць і такія: сягоння, на клёне, улонне і іншыя. Але як падабраць цэлы радок з такімі словамі? І Арцём пачаў штукарыць:

 

 

І не раз упадзе сляза з скроней...

 

 

Потым прайшоўся склюдам, выйшла –

 

 

І не раз упадуць слёзы з скроней.

 

 

Пачытаў, падумаў – не падыходзіць: «з» вельмі часта, а ўвесь радок упадніцтвам аддае, Арцём касуе радок, выседжвае новы:

 

Эх, заціснуць хамут твой супоняй!

 

 

Задумаўся над гэтым радком. Нядобра! Калі на рэчы паглядзець цвяроза, дык хамут засупоньваюць на кані. 3 боку вобразнасці і нават дынамічнасці гэта можа і нічога, але хамут і супоня не зусім падыходзяць да паэта.

 

 

Не збярэш ты зярнят з сваіх гоней!..

 

 

Але ж не гаварылася вышэй, каб паэт сеяў. А калі сеяў, то чаму не збярэ? Хіба сеяў дрэнным насеннем? Тады няма чаго і спачуваць яму.

 

 

                                                            Не пагонім закелзаных коней...

 

 

І гэтак нялоўка. Праўда, радок гладкі, але ці выпадае казаць пра рабоча-сялянскага паэта, што ён не пагоніць закелзаных коней? На закелзаных конях, значыцца не меней як на пары, ездзілі толькі буржуі і буржуазныя паэты.

Арцём задумаўся. А чаму ж бы і рабоча-сялянскаму паэту не паехаць на закелзаных, значыць, добрых і сытых конях? Няўжо ж яму болей да твару клыгаць на дохлай кабыле?

Арцём на некаторы час выходзіць з межаў паэтычнай творчасці і думае над гэтым пытаннем.

– Амелька! – ціха аклікае прыяцеля.

– Га!

Амелька адводзіць ад сшытка вочы і пазірае на Арцёма:

– Як табе, Амелька, здаецца: каб у нас з табою была пара стаенных коней, то ці маглі б мы быць тады пралетарскімі пісьменнікамі?

– А начорта табе коні? – аўтарытэтна адзываецца Амелька. – Хіба ты думаеш на ўсё жыццё ў вёсцы заставацца? Па-мае́му, брат, лепей на машыну ды ў горад. А там на самаходах жар сабе. Цяпер, брат, век індустрыі: машын, тэхнікі, век трактара і электрыфікацыі. Няхай яны здохнуць, гэтыя коні, хоць яны і стаенныя!

Арцём чухае галаву. Яму робіцца трохі сорамна перад прыяцелем: такія рэчы і Арцём ведае, але з сваім пытаннем ён папаў у нялоўкае становішча.

– Што праўда, то праўда, гэта ўсім вядома, які цяпер у нас век, – згаджаецца Арцём і не ведае, што сказаць далей.

Хоць Амелька і не даў яму простага адказу, але і з гэтага ясна, што «закелзаных коней» таксама трэба забракаваць. Яго паэтычны запал спадае і халадзее, і злосць бярэ на невядомага крытыка, бо гэта ён – прычына ўсіх яго няўдач і згрызот. Гэта толькі ён вінаваты: узяў ды навёў Арцёма на новую тэму: што чакае пісьменніка на пісьменніцкай дарозе, каб яна скрозь зямлю правалілася!.. Спатайка кідае вока на сляды Амелькавай творчасці, і настрой яго яшчэ больш зніжаецца: Амелькава рука падпаўзае на самы краёчак паважнай у сваіх размерах старонкі сшытка! Арцём яшчэ болей пераконваецца ў сіле напору думак і слоў у Амелькі. Яго забірае зайздрасць да прыяцеля. Цікава яму таксама даведацца, што напісаў Амелька. Але калі запытаць у яго аб гэтым, Амелька, у сваю чаргу, можа пацікавіцца, што напісаў Арцём. Яму ж якраз і няма чым пахваліцца. І ўсё ж такі Арцём не вытрываў.

– О, ты, брат, здорава пішаш! – гаворыць ён да Амелькі.

– Я, брат, як разганюся, дык хоць ты мяне дзяржы, – горда зазначае Амелька.

– Ну, пачытай трохі.

– Гэта яшчэ толькі так сабе – рыштаванне для камедыі,– адказвае Амелька.

Арцёму трохі адлягае.

Амелька пераводзіць вочы на самы пачатак і знаёміць Арцёма з «рыштаваннем» для камедыі.

«1927 году загаловак – Нашы разбойнікі, деревенскія смешнія ціатрі моладзяжы Мінскага округа Червенскага уезда С-га раеона К-га сел. савета.

Шчыт Амелян Сергеев

Действующйе лйца

1. Грйпйна удовушка лет 40.

2. Доч грйпйнйна Маня лет 20.

3. Рйгор барашуха лет 50.

4. Жена рйгорав алена лет 48.

5. Сын рйгорав коля лет 25.

6. Нйчйпар мйхашуха лет 55.

7. Жена нйчйпара магдалена лет 53.

8. Майхайл бакунчйк лет 22.»

– Ну, вось бачыш... Далей у мяне, брат, пойдзе лёгка. Самае важнае і труднае – аснову зрабіць. Гэта ўсё роўна, што кош плясці: як загнуў абручы ды спіцы ўставіў, тады толькі перакладай дубцы, не рабі адно перамотаў.

Арцём слухае і зайздросціць Амельку.

 

 

V

 

Камедыя ўсё больш і больш захапляе Амельку. І захапляе не творчы працэс, не асалода тварэння – яго вабіць самы вынік гэтай творчасці, бо Амелька – чалавек практычны. Што ж абяцае яму камедыя? Перш за ўсё яму дадуць грошы, надрукуюць яго камедыю, пад якой будзе значыцца «Амелька Шчыт». І што тады скажуць яму бацькі? Якімі ласымі вочкамі будуць паглядаць на яго дзяўчаты! Але Амелька зірне на іх звысока – не дараслі, маўляў, да мяне! І тады Амелька адзенецца мудрэй, чым студэнт Андрэй, што вучыцца ў горадзе, і сам паедзе ў горад, дзе яму адчыніцца прасторная дарога, дзе яго чакае слава і лёгкі хлеб. І ён тады развітаецца з бацькамі, кіўне ім галавою – бывайце здаровы! Вы хацелі зрабіць з мяне рабочую жывёлу, хацелі ўзлажыць на шыю мне хамут, каб я капаўся ў зямлі, у брудзе і хадзіў камінарам. Не, шчыра вам дзякую! Знайду я хлеб і без вашай ласкі. Можа і вам прышлю калі рублёўку, каб не забываліся вы,

як пілавалі мяне, станавіліся мне папярок дарогі. Вось ён хто я – глядзеце на мяне!

Амелька зноў узбівае вышэй свой чуб і важна закладае нагу на нагу. Ён дома. Сядзіць за сталом. Яго бярэ ахвота пісаць і далей пачынаць ужо самую камедыю, бо «рыштаванне» да яе ўжо напісана. Перад ім стаіць пляшачка з чарнілам, узычаным сакратаром Бруяком. Нядаўна яны з Арцёмам падзялілі пісьменніцкую маёмасць, што падараваў ім Бруяк, бо з практычнага боку так было лепей. Але яны дружаць, як і раней, часта сыходзяцца і чытаюць адзін аднаму свае творы.

Маці перастала ўмешвацца ў пісьменніцкія справы свайго сына, усё ж лепей сядзець ды пісаць, чым прападаць на сяле. Апроч таго, нейкім спосабам да яе дайшлі чуткі, што некаторыя спрытныя людзі грабуць добрыя грошы, пішучы ў газеты. Амелька заўважыў перамену да яго з боку маткі і ў думках накінуў на долю бацькоў з свайго ганарару яшчэ пару рубельчыкаў.

У той час, калі Амелька вывеў на сцэну адну з сваіх гераінь, Маню, дваццаці гадоў, і ўкладаў у яе вусны вось гэтыя словы: «Ах, не знаю, куды мама пайшла! Спаць ахвота. Адна то баюся лажыцца: часамі лягу ды засну; а зладзеі прыйдуць ды абкрадуць і мяне забʼюць сонную. Мама не будзе ведаць, хто і што такі забіў», да Праксеты зайшла цётка Арына. Яна кінула вострыя вочкі на Амельку, і насмешка заіскрылася ў іх.

– Вось Амелька ў цябе ўсё піша ды піша. Як сакратар які. Ці не хоча вучоным быць?

Амелька жыў не ў ладах з цёткай Арынай, бо яна часамі едка насміхалася з яго самога і з яго пісання.

– Вучоны, вучоны!.. Зʼеш каўцюг кручоны! – асекся Амелька.

– Гэта, дзеткі, ты сваім розумам дайшоў?

– Сваім ці чужым, але дайшоў, – адказвае Амелька ды зноў піша.

Цётка Арына цішэй гаворыць штось да Праксеты, а Амелька выводзіць на сцэну новую асобу, Мішу Бакунчыка «дваццаці двух лет».

«Міша (уходзіць). Здраствуй, Маня!

Маня. Здрастй, Міша!

Міша. Чево так, Маня, скучаяш?

Маня. А вот тавой скучаю, што спаць ахвота, да адна баюся лажыцца.

Міша. Разрашитя, Маня, з вамі пазнакомітца, дык тада ўдвоём лягам спат, ніково баятца ня будам, если з вами познакомимся, када вы пажалаятя.

Маня. Пажаласта! хот я запісалас, але ничаво, прыхадитя пазнакомимся».

Амелька піша і дзівіцца гэтаму напору слоў і мыслей. Ён толькі на кароткі час аднімае пяро ад сшытка, каб прачытаць напісанае. Па твары відаць, што вынікі пісання ў поўнай меры задавольваюць аўтара. Ён папраўляе чуб і піша далей. А жанкі вядуць сваю гутарку. Цётка Арына расказвае аб адным здарэнні. Праксета слухае і толькі галавой ківае.

– ...Позна ўжо было, апоўначы «Начуйма тут, – гаворыць Манька, заўтра ўстанем раненька і пойдзем». – «Да ўжо ж прыйдзецца паначаваць, бо праз лес страшна ісці адным». Сядзяць гэта яны ці ляжаць, аж бачаць – бурдзілаўскія хлопцы заходзяць. «Пойдзем, дзяўчата, з намі – дарога нам адна, а там праводзім вас». – «Не, – кажа Манька, – мы ўжо тут паначуем». – «А можа, Манька, і сапраўды пайсці нам?» – гаворыць да яе Гэлька. А сярод гэтых хлопцаў быў якраз і Андрэй, што да расстрэлу засудзілі за бандыцтва. І Гэльцы ён дужа падабаўся. І пайшла, адна пайшла: Манька засталася, пабаялася. І вось як увайшлі ў лес, гэты самы Андрэй і яшчэ тры хлопцы завялі яе з дарогі ў лес, згвалцілі, а потым забілі і кінулі. Так і прапала дзяўчына. А такая была добрая ды прыгожая!

– А чаму ж Манька маўчала дагэтуль?

– Запалохалі. Калі толькі пікнеш, кажуць, на свеце ты жыць не будзеш. І яна маўчала.

– Вось, мая мілая, што пачало з людзьмі тварыцца! Ці чалавека забіць, ці муху...

Амелька піша і да апавядання цёткі Арыны прыслухоўваецца. І гэтае апавяданне наводзіць Амельку на думку – скончыць свой твор трагічна – забойствам. І на сцэне будзе дужа цікава.

Амелька спыняецца, мяркуе – каго ж забіць? Дзяўчыну забіваць не варта, лепш няхай Міша забʼе Колю.

І далей ён пачаў пісаць так:

«Міша аскем вы маня запйсалйс

Маня я запйсалас вчера сколям

Міша можа быт йсваей деревнй

Маня да, с сваей деревнй недалёка з суседам

Міша ах не знал я, што вы такйя малодйнкйя пайдетя замуш я все время заглядывал на вас очан йнтйрасавался вамй але што мала знаком.

Маня нйчево што вы мала знакомы самною пазнакомитца можна задну мйнуту.

Міша скажйтя пажалоста маня еслйп я прйшов квам усваты тй пашліп вы замйне замуш.

Маня пажаласта прыхадитя пагаворйм.

Міша Ну харашо маня я сайчас прйду я вот пайду тут ик, дятку Ивану можа збутылку горкай захвачу уходит йсцены».

Ніякіх знакаў прыпынку Амелька не прызнае. Дзе-нідзе трапляецца ў сшытку коска ці кропка. «І» піша ён усюды кароткае. Правапіс яго пераважна фанетычны. Адносна ж самой філасофіі правапісу, калі можна гэтак сказаць, трэба адзначыць, што яна ў значнай меры збліжаецца з поглядамі аднаго беларускага прафесара (а прафесар гэты падае надзеі, як сведчыць адзін акадэмік).

Цётка Арына выйшла з хаты, а Амелька ўсё яшчэ сядзіць і піша, папраўляючы свой чуб.

 

 

VI

 

– Ну, Арцём! Напісаў, брат, я!

Амелька ўвесь гарыць, свеціцца, як сонца. Ён садзіцца за стол і дастае сшытак. Арцём не ведае, радавацца яму ці не. Яго трохі забірае непакой, баіцца, каб не скасавацца перад Амелькам.

– Ну, ну, пачытай!.. І напісаў жа ты многа!

– Я, брат, магу пісаць і пісаць. Напішу адно слова, а яно чапляецца за дзесяткі другіх слоў. Чую, што я народжаны пісьменнікам... Дык, кажаш, пачытаць?

– Чытані, Амяльян, – апалым голасам гаворыць Арцём.

Амелька набірае духу.

«Нашы разбойнікі».

Драматург увесь аддаецца чытанню: чытае так, каб паказаць свой тавар з найлепшага боку, Амелька не толькі драматург – ён і актор.

Арцём уважна слухае. Непакой яго праходзіць. Але ён стараецца як найлепей адгукнуцца на чытанне і падахвочвае прыяцеля словамі «здорава», «ёмка». А Амелька з скуры лезе. І чуб падбівае, і рукою разводзіць, і розныя пералівы ў голасе робіць.

– Здорава! І Галубок на бок!

Тут Амелька запыняецца, звяртае ўвагу на прыяцелевы словы.

– Не быў бы паэт, у рыфму гаворыць: «Галубок на бок».

І чытае далей.

Змест Амелькавай драмы такі.

Да Мані заходзіць Міша. Міша прызнаецца ёй у каханні. Маня таксама не тоіцца ў сваім каханні да Мішы. Коля пад акном слухае ўсё гэта. Яго забірае злосць. Ідзе да Мані. Маня хавае Мішу пад ложак і завешвае посцілкаю. Коля патрабуе ад Мані паказаць Мішу. Міша вылазіць сам. Хлопцы пачынаюць сварыцца. Коля бяжыць, склікае сваю радню. Міша хаваецца зноў. Яго выцягваюць з-пад ложка і бʼюць. Коля рагоча і дапякае Мані. Але зараз жа зʼяўляецца Міша і «дае выстрал». Коля падае нежывы, а Міша гаворыць: «яны мне сатцом і здяткам угасцілі, аш галаву пабілі, а я яму яшчо лушша угасцйв аш на скрос прагваздйв пуст ляжйт как баран». І выходзіць са сцэны. Маня ўваходзіць, бярэцца за галаву, плача. «Штож гето ён зрабйв вот знайтя лютцы зашто чалавек пагібая («закрйвая сцену»)». Гэтым канчаецца Амелькава драма.

–Здорава! – заключае Арцём, а сам пасміхаецца.

– А калі гэта паказаць у ціятры?

– О, у тэатры будзе надзвычайна цікава! Асабліва, як Мішку з-пад ложка выцягаюць.

– Ха-ха-ха! – заліваецца смехам Амелька. Ён сам упэўнены, што гэта надзвычайна смешна і цікава.

Арцём ловіць момант, каб у сваю чаргу пачытаць твор.

– Я брат, таксама напісаў сёе-тое, – прабуе Арцём заінтрыгаваць Амельку.

У драматурга ж, як відаць, няма ахвоты слухаць лірыка.

– А я вершаў пісаць ужо не буду: драмы пісаць усё-такі цікавей, і драмы лепей удаюцца мне.

– Да ў цябе і вершы выходзяць добра, – прабуе Арцём падкупіць Амельку.

– Калі захачу, дык і верш напішу.

– У мяне новы верш выйшаў у дванаццаць строф.

– А я думаю напісаць новую драму на чатыры акты. Цікавая будзе штуковіна!

Яшчэ некаторы час гутарылі Амелька з Арцёмам. Амелька аб драмах, Арцём аб вершах, але прачытаць свой новы верш яму так і не давялося.

Страціўшы надзею прачытаць Амельку верш, Арцём нарэшце махнуў рукою. Ну што ж? Ён выдрукуе свой твор у «Маладняку» і тады ткне ім у нос Амельку, а яму яшчэ рана казырыцца. Няхай пахваліцца, як драму яго надрукуюць.

Амелька ж, перш чым пасылаць драму ў рэдакцыю, напісаў падрабязна, як павінен быць апрануты кожны артыст, які будзе выконваць тую ці іншую ролю. Так «Маня «штоб была разадета харашо» спадняк белы хустка плетенка матроска батинки. нйчйпар должан збелаю большою барадою урабых штанах. Коля довжон одет фхрйнч» і г.д.

Яшчэ Амелька напісаў пісьмо ў рэдакцыю такога зместу:

«прашу радакцыі (у гэтай прыпісцы ён перамяніў літару «й» на «і») еслі получіця маю песу давайте што поскореі атвет шчіту амеляну удеревню г-чы ешчо рас прашу даваіця атвет шчіту.

Шчіт пака саставів гэтую песу спортів бумагі на 5 рублеі мусіць перапісавов разов двацац.

Яслыхал у Кресціяньскаі газеця хто саставіц песу то можа получыц 500 сот рублеі і тысячу 1000 рублеі можа палучыц даваіце атвет шчіту г-чы».

Амелька і Арцём употай адзін ад другога паслалі свае творы ў рэдакцыю і з патайным хваляваннем чакалі вынікаў. Час праходзіў, а рэдакцыя ўпарта маўчала. Нарэшце, перачытваючы адказы рэдакцыі, Арцём напаткаў і сваё імя. Рздакцыя пісала:

«Ваш верш друкаваць не будзем – слабы. Спрабуйце напісаць што-небудзь прозай».

А бедны Амелька не дачакаўся і такога адказу. Тады напісаў ён у рэдакцыю пісьмо:

«Заевленнія 1927 года дня 14 студня заевляя гражданін шчіт у радакцаю мінск журнал маладняк ці получілі вы маю песу каторую я выслов 26 снежня у балшом запечатавым канверця прашу радакцаі еслі палучілі маю песу дык даваіця пажаласта атвет гражданіну шчіту а еслі непалучілі маю песу то стараіцяс палучіц перадаваця пріказам на нашу почту ато я баюся кап дзе не запратала наша почта маю песу када я высылов песу нашуі почця очан было цікавна што шмат было напісана гавораць невжо целаю цітрац спісов а я сказав што дзве цітраді дык на нашуй почця усе рабочія аш галовы пачасалі пытаютца ўміне ці смешна напісана кя (дык я – Я. К.) сказов што троха смешнага а троха цікавага я хацев паслаць заказноя дык яны запрасілі зміне 27 капеяк а ўміне усяго было 20 капеяк давай зміне смяяца што аддасі 27 капеяк а палучіш 30 капеяк а другоі гаворіц а можа палучыц 30 рублеі хацев я паслац заплатное яны непрінялі гаворац што радакція не хоча выкуплявац заплатных пісям і сказалі мне занясі ўкін у яшчык калі хочаш можна так зоідя я купів за 8 капеяк марку прылыпів і укінов уяшчык прашу радакцаі еслі палучілі маю песу дык даваіця атвет, еслі не палучілі то трэбуіця знашуі почты можа яны аставілі сабе».

Мілы Амелька! Так і не даведаўся ты, дзе твая «песа».

 

[1927]


[1927]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6