epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дуб і чароціна

Была вясна. Ціхі вечар. Месячык плыў у небе, свяціліся зоркі. Спакойна кацілася рэка і блішчала на месяцы. На беразе стаялі тоўстыя, старыя дубы. У самым беразе, у вадзе, чуць-чуць шарасцеў чарот. Каля самага берага, отдлек ад другіх дубоў, рос самы тоўсты, самы магучы дуб.

Завяла чароціна з дубам гавор.

– Скажы мне, дубе, – пачала чароціна, – чаму ты не гнешся прад бураю і бура цябе не можа здалець? Часта, стоячы тут, бачыла я, як самыя сярдзітыя буры ўпіраліся ў цябе, як у каменную сцену. На тваёй галаве бусел звіў агромнае гняздо, а ты нават не чуеш гэтае ценжэры. А я вот стаю тут ды гнуся, як жабрак. Маленькая птушачка сядзе на мне, я не выдзержываю і гнуся да самае вады. Часам жук няўмысля вытнецца аб мяне, я ўся закалачуся, як у хваробе.

Дык скажы ж мне, дубе, адкуль твая сіла? Скажы мне, чаму я такая слабая?

І кажа ёй дуб:

– Ты баішся жыцця, затым ты і слабая. Ты выбіраеш мяккі грунт, каб не так трудна было бараздзіць зямлю сваім карэннем. Усім ты хочаш унаровіць, ка ўсякаму ты падыходзіш хітрасцю, і змалку прывыкла ты гнуцца. А калі хто гнецца, тым ён паказывае сваю слабасць і поўнае непаважэнне к сабе. А хто не паважае сябе, таго і другія не паважаюць, папіхаюць ім, як хочуць. Ты прывыкла да лёгкага жыцця і ўсю надзею кладзеш на другіх. А хто не надзеецца на сябе, той цягам бывае слабы. А я змалку надзеяўся толькі на свае сілы і на сілы зямлі і сонца. Змалку навучыўся сам памагаць сабе. Нікому я не гнуўся. Ле́пей зламацца зусім, чым гнуцца ўсякай сіле. Мы, дубы, так і робім: або ломімся, або выжываем. Затое, як хто з нас захавае сваё жыццё, тады нікога не баімося. Праўда, і мяне можа зламаць бура і цяпер: няма на свеце такое сілы, над каторай не было б большае сілы.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5