epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дудар

Тром родным братам Бог даў аднакі розум, аднакія мыслі і думкі. Толькі няроўная доля спаткала кожнага брата ў жыцці, калі яны разышліся.

Хоць усім братам не вельмі соладка жылося, але Меншаму Брату выпала самая горшая доля. Прысудзіла яна яму самы горшы куток, закінула між імхоў і балот.

Кепска жылося Меншаму Брату.

Гараваў ён, плакаў, і ніхто не бачыў яго слёз або не хацеў бачыць. Спяваў ён і песні — невясёлыя, нудныя песні, песні нядолі. Складаў ён і казкі і толькі ў казках бачыў сябе шчаслівым. Яго слёзы ападалі разам з расой на зямлю. Грэла сонца, і слёзы, змешаныя з Божай расой, падымаліся да неба і адтуль вярталіся назад на зямлю чыстымі кропелькамі.

І так яны вечна кружылі з зямлі на неба, з неба на зямлю. І ніколі не высыхалі вочы ў Меншага Брата. Векавечны высокі лес адзін толькі слухаў яго песні і сам памагаў яму спяваць працяглым шумам.

Выходзіў Меншы Брат увечар на двор, браў дудку, садзіўся на прызбе каля сваёй хаты і граў. Па небе каціўся месячык, плылі белыя хмаркі. Божыя зоркі, як сарамяжлівыя дзяўчаткі, пазіралі на зямлю праз белыя, тонкія хмаркі і слухалі, як Меншы Брат граў на дудцы. І ціха было на сэрцы, як ціхая была сама ночка. І думкі, як тыя хмаркі, лёгка нараджаліся ў сэрцы і плылі невядома куды, далёка-далёка, паміралі ціха-ціха, як растаюць белыя хмаркі ў небе. Толькі пугач і сава жудасным крыкам сваім будзілі ад шчаслівых думак Меншага Брата. Ён абуджаўся, як ад сну, і думкі іншыя, думкі нядолі сціскалі яму сэрца.

Ні думак, ні песень яго ніхто не ведаў і не чуў або не хацеў ведаць і чуць. Яго жальба прападала, як прападаў з усходам сонца туман, што вісеў над балотамі. Разумеў яго адзін толькі лес, і лесу адкрываў Меншы Брат свае думкі, бо людзі смяяліся з яго слоў і песень. А з лесам жылося вальней: лес не прыгнятаў яго, не гнаў, як гналі і прыгняталі яго людзі. І Меншы Брат зрабіўся ціхі, замкнёны, асцярожны і нікому не адкрываў свае душы. Меншы Брат нібы адзічаў. Лес і балоты адгарадзілі яго ад Божага свету.

Прайшло многа часу.

Усе тры браты сустрэліся. Старэйшы Брат пазіраў смела. Ён быў у ботах, у крамных майтках і кашулі, а паверх кашулі — камізэлька. Гаварыў Старэйшы Брат хутка, мова яго была адменная, і Меншы Брат ледзь мог разбіраць яе.

На Сярэднім Браце была высокая шапка, шырокія сінія шаравары, боты. У зубах круглая люлька на кароткім цыбуку; гаварыў ён мала.

Меншы Брат выглядаў старэйшым за іх абодвух. Барада яго была нябрытая, рукі дрыжалі. Сам ён быў тонкі, худы. Яму быццам брыдка было перад братамі, што на ім сівая падраная світка, круглая шапка-кучомка, на нагах лапці, а каравыя анучы абвівалі худыя ногі.

Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй долі, аб праўдзе, аб жыцці.

Меншы Брат маўчаў. Яму не давалі гаварыць той мовай, якой гаварыў ён сам з сабой, з сваімі думкамі, з лесам. З яго мовы смяяліся старэйшыя браты.

— Гавары ты так, як гавару я, — казаў Старэйшы Брат, — і не стракаці ты мову людскую. Твая мова — нямая мова. Што сказаў ты свету на сваёй мове? Хто чытаў твае думкі, работу твайго розуму і сэрца? Дзе песняры твае? Чым ты пахвалішся?

— Лепшай мовы я не чуў. Гавару, як умею. Брат! Хто доўга маўчаў, таму хочацца шмат гаварыць, не адбірай ты ад мяне хоць гэтага права. Спытайся ў заімшэлых крыжоў: яны табе скажуць пра мае думкі. Мае думкі напісаны слязьмі, а слёзы разам з думкамі разліліся ў рэчцы. Вецер — пясняр мой. Гора і боль радзілі мае песні, іх слухаў прастор неба і лес. Спытай у лесу — ён скажа пра песні мае.

Раскажу табе казку.

Пасадзіў пан дудара ў глыбокім склепе за каменныя сцены. Кажа яму пан: «Грай мне на дудцы, каб я чуў твае песні, і тады я дазволю табе спяваць іх людзям, дарую права расказаць свету пра думкі твае тваёю моваю».

Праз каменныя сцены не выбілася песня дудара, і ніхто яго не пачуў. «Ты павінен маўчаць! — кажа пан дудару. — Бо песня твая нічога не сказала майму сэрцу. Няхай застаюцца ў табе твае думкі і песні».

І дудара з таго часу слухалі пустое балота і лес.

Брат! Усе мы шукалі шчасця, толькі ішлі мы не аднакімі дарогамі. Вам хоць трохі свяціла сонца, а я ішоў як сляпы. Запалім жа мы лучыны і пойдзем яшчэ шукаць долі, будзем памагаць адзін аднаму, а калі заблудзіць хто з нас, падамо яму голас. Не смейцеся ж, браты, і не адбірайце ад мяне таго, што можа адабраць толькі Бог.

І вялікі сум адбіваўся ў вачах Меншага Брата.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7