epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Думкі

Дрэмлюць думкі цяжкай дрэмай,

Поўныя трывогі.

Ім на свет з магілы немай

Не прабіць дарогі.

 

Ім няма дзе прыхінуцца,

Хоць і свет злятаюць,

А часамі, як ачнуцца,

Жаласна ўзыграюць.

 

І смуткуюць сэрца дзеткі,

Што тут мы ў няволі,

Што пасохлі жыцця кветкі

Без пары, без долі,

 

Што мы гора збыць не ў сілах,

Крыўды не зваюем,

Што, быць можа, да магілы

Долі не пачуем.

 

Не смуткуйце ж вечарамі,

Думкі, гора дзеці!

Хоць мне цяжка, толькі з вамі

Не адзін я ў свеце.

 

Цьмяна жыцце, ні іскрынкі,

Ў кут яно забіта,

Толькі ж з вамі, сірацінкі,

Гаманю адкрыта.

 

1/ІХ 1910


01.09.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910