epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Думкі ў дарозе

Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, мігаюцца, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяняюцца палі, грамадзяцца горы, рассцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца балоты...

І куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку, на жывых і нежывых, на нашу бедную зямлю, на зямлю, прагноеную людскімі трупамі, залітую крывёю і горкімі слязьмі сіраты народа.

Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на нашы блуканні? Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Чаму не папаліш агнём справядлівым таго ліхога звера, што сее заразу, топча праўду і носіць няшчасце па нашай зямлі?

Далёкае неба! Сіняе неба! Што ёсць на свеце дзіўнейшае, як ты? Высокае сонца, белыя хмаркі, як пух, плывуць і плывуць адна за адною, родзяцца, прападаюць, сплываюцца ў цёмную хмару, звісаюць над полем і лесам, блішчуць маланкамі, трасуцца громам, разліваюцца чыстымі халоднымі кроплямі і шчыра льюцца на зямлю.

Далёкае неба! Сіняе неба! Як ціха на небе ўночы! Срэбраны месячык, то круглы, то вузкі, як серп, як хораша свеціць над чорнаю цемрай, што густа засцілае Божы свет! А далёкія зорачкі! Божа мой! Як добра ў ціхую ночку!

Далёкае неба! Сіняе неба! І як можа асмеліцца думка чалавека выдумаць у табе, яснае неба, пекла, агонь, што ніколі не тухне, смалу, што вечна кіпіць!

Далёкае неба! Сіняе неба! І як апаганілі людзі хараство тваё, Божае неба, у сваіх думках!

А дарога мая чуць віднаю шэраю ніткаю ідзе ўсё далей і далей, круціцца, абвіваецца наўкруг курганоў, узбягае на горы, спускаецца ў лагчыны, прападае ў лесе пад жывою страхою высокіх хвой і ялін; трасе цялежка, падкідае па каўдобінах, усё роўна як хоча яна выкінуць мяне пасярод дарогі. Зноў пайшла раўней мая дарога, зноў вачам адкрываюцца новыя абразы Божага свету, іншыя галасы чуе маё вуха, іншыя думкі родзяцца ў маім сэрцы.

Куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

О мой родны край! Хмурна пазіраеш ты з сіняга туману, што лёг па краях палёў, дзе неба, спусціўшыся нізка, абнімаецца з беднаю зямлёю. Парэзалі цябе вузкія сялянскія дарогі, чорныя сцежкі, рэкі і азёры, лагчыны і балоты, лясы і горы. А бедныя вёскі і сёлы без усялякага парадку параскідаліся то там, то сям: па гарах, лагчынах, па беразе рэчак, сярод далёкага поля, па цёмных лясах. Распаўзліся па полі, як чэрві ў нягоду, бедныя мужыцкія хаты. Пакрывіліся яны, абвіслі стрэхі на гумнах, зялёныя купіны моху таўстою карою ляглі на гнілых саламяных стрэхах. Збіўся ў кучу будынак. Навалены ў кучу бярвенне, стружкі, салома. Дзе-нідзе гляне нудная вярбіна, блісне бярэзіна, выскачыць клён. Як нявесела, як непрытульна пазіраеш ты, мужыцкая вёска, сірата між людской будовы!

А поруч з убогімі будынкамі ўперліся ў неба панскія палацы, зелянеюць сады, ломяць галлё яблыкі і грушы; шырока і смела раскідаюцца дваровыя палеткі, каласуюцца багатыя панскія нівы, пасуцца сытыя коні, валы-рагалі, тысячы авец рассыпаюцца па полі...

О мой родны край! Поруч з галытваю ходзіць роскаш і багацце; разам з людскімі слязьмі мяшаюцца панскія вальсы, льюцца вясёлыя галасы песень, грыміць музыка з панскага саду; разам з мужыцкім потам цякуць дарагія віны.

Толькі нудныя песні твае, Беларусь, хапаюць за сэрца, жалобяць душу, туманяць вочы слязьмі, плачуць і стогнуць і горкаю ўпікаю, ціхаю скаргаю плывуць к далёкаму, няведамаму, сіняму, спакойнаму небу.

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5