Душою і сэрцам мы з вамі, героі,
Сыны дарагія, наш цвет!
Вы множыце славу савецкае зброі,
З надзеяй на вас глядзіць свет.
Драпежныя орды пад вашым ударам,
Як скрышаны лёд, растаюць.
Рыхтуйце ж магілы фашысцкім пачварам,
Змятайце фашысцкую муць!
Ад фінскіх узгорʼяў, з Дуная і Прута
Паўзе саранчою брыда,
І ўсё пажырае, знішчае ўсё люта
Галодная зграя, арда.
Руіны, пажары іх значацца следам,
І ўсюды нявінная кроў;
Не шкода дзяцей і жанчын людаедам,
Не шкода ім сёл, гарадоў.
Бандыт і грабежнік, звяруга шалёны,
Фашысцкая чорная вош,
Дык што яму права, людскія законы, —
Закон яго — доўбня і нож.
Такіх цемрашалаў не знаў свет ніколі,
Адпомсцім жа гаду за здзек,
І чэрап арыйскі на стоптаным полі
Навек пахаваем, навек.
Душою і сэрцам мы з вамі, героі,
Краса наша, гордасць і цвет.
Вы множыце славу чырвонае зброі,
З надзеяй на вас глядзіць свет.
1941