epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас, Янка Купала, Андрэй Александровіч, Міхась Лынькоў, Аляксей Суркоў, Віктар Гусеў, Ільля Гурскі, Пятро Глебка, Ізі Харык, Пятрусь Броўка

Дванаццаць песень

пра нашу непераможную Чырвоную Армію, пра яе творца і натхніцеля вялікага Сталіна, пра яе палкаводца Клімента Варашылава, пра гераічныя паходы і бітвы, пра мужнасць сыноў беларускай зямлі, пра надзейную варту савецкіх граніц, пра еднасць народа і арміі, пра нашых шчаслівых і смелых дзяцей, пра нашу сталінскую радасную моладзь, – напісалі Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, – прысвячаецца слаўнай рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі і яе правадыру — першаму маршалу краіны сацыялізму Кліменту Яфрэмавічу Варашылаву

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII


На плошчы! на вуліцы радасным строем!

Рассыпцеся, кветкі, дажджом прамяністым!

Вітайце байцоў і любімых герояў –

Адважных пілотаў і смелых танкістаў!

 

У небе высокім плывуць самалёты,

Па бруку грукочуць цяжкія марціры,

Шарэнга ў шарэнгу праходзіць пяхота,

Наперадзе горда ідуць камандзіры.

 

Вы чуеце, коціцца ўзрушаным валам

        Шырокае рэха ад песень і крокаў...

Наперад, аркестры! На пляц, запявалы!

Хай марш узаўецца высока, высока.

 

 

I

 

Мы помнім змаганне, паходныя маршы,

Мы помнім, як выйшаў са зброяй народ

Жыццё бараніць рэвалюцыі нашай –

На поўнач, на поўдзень, на захад, на ўсход.

 

Мы йшлі пераможна пад посвісты куляў,

Мы гналі бандытаў з савецкай зямлі,

Разбіты быў вораг – мы вольна ўздыхнулі,

        Нам Ленін і Сталін магутнасць далі.

 

Радзіма, ты ў росквіце сацыялізму!

Хай шалам кіпіць фашыстоўская кроў:

 

За нашай граніцай спраўляць будзе трызну

Смяротная бура над зграяй паноў.

 

Мы помнім змаганне, мінулыя маршы,

Мы помнім суровыя дні непагод...

А вораг зачэпіць – адпорам бясстрашным

Адкажа бясстрашны савецкі народ.

 

 

II

 

Яшчэ не заціхлі над плошчаю маршы, –

        Пранеслася песня, падобная грому,

Як вырас з луганскага слесара маршал,

Як стаў ён любімым жалезным наркомам:

 

Быў слесар луганскі,

А сталь ён каваў

І песні-вяснянкі

Пра волю спяваў.

 

І слухалі песню

Заводы і бор,

Умчаў яе вецер,

        Адносіў віхор.

 

Іскрыліся ў горне

Агніста вуглі,

А іскры далёка

Ляцець не маглі.

 

Біў молат магутна,

Як гора, як гнеў,

Кавадла звінела,

І молат звінеў.

 

І кузня звінела,

        І слухала даль...

І выкаваў волю,

Як іскру, як сталь.

 

 

 

 

 

III

 

Шчаслівыя людзі! Спявае краіна,

Грыміць урачыстасць ад краю да краю,

Адно аб мінулым цяжкія ўспаміны

Часамі на момант душу засмучаюць:

 

Жудка стане на сэрцы,

Калі ўспомніш сягоння,

Як цары-самадзержцы

        Людзей гналі на бойню;

 

Як Вільгельма салдаты

І панят легіёны

Руйнавалі нам хаты,

Спусташалі загоны.

 

Заглушаў посвіст куляў

Салавейкаву славу,

Кукавала зязюля,

Не к дабру кукавала.

 

Пакідаў гняздо бусел,

        Свае пожні і сосны,

Паляцеў, не вярнуўся

Ў тыя чорныя вёсны.

 

Беларусь пад панамі,

Пад жандарам і царам

Палівала слязамі

І крывёю папары.

 

 

IV

 

Але не згінаўся народ наш ніколі,

На царскую зграю ўзнімаўся паходам,

І вобразы паўшых герояў за волю

        Заўсёды у сэрцах і думках народа:

 

Белапольскія уланы

Лютымі былі –

Цёмнай ноччу партызанаў

На расстрэл вялі.

Ён ішоў пад бізунамі,

Баявы атрад,

Закаваны кайданамі

Па чатыры ў рад.

 

Перамучаныя ногі

                Па пяску брылі.

Над апошняю дарогай

Хмары слёз плылі.

 

На світанні, рана-рана

Біў смяротны час.

Золак бліснуў партызанам,

Ды астатні раз.

 

І калі не стала смелых,

Аж заплакаў бор,

З неба сіняга зляцела

                Многа ясных зор.

 

 

 

V

 

Спакой вам і слава! Сябрынаю цеснай

Стаім мы сягоння пры вашай магіле,

Прыносім вам нашы найлепшыя песні

Аб тым, як вы белую шляхту грамілі.

 

Пройдзем мы слядамі боек,

Барацьбою шлях багаты,

Прыгадаем пра былое,

Пра вядомы год дваццаты.

 

У той год вялікі Ленін

        На паноў ішоў крывавых,

З курных хат і сутарэнняў

Сталін вёў дарогай славы.

 

Гулка ў лесе пелі хвоі,

Калыхаўся дуб вячысты,

Як вялі нас грамадою

Камандзіры-камуністы.

 

Мы на сініх на азёрах

Мылі раненыя ногі,

Як ішлі палямі, борам

Мы, узнятыя трывогай.

 

Як ішлі ў адной кагорце,

Каб разбіць няшчадна гада...

Бацька з сынам быў на фронце,

Дзед падвозіў ім снарады.

 

І ніхто не быў там лішнім,

Як ішлі байцы-героі:

Маткі мылі нам бялізну

І хадзілі за сахою.

 

Помніць доўгі шлях Варшаўскі,

        Помніць Нёман і Бяроза,

Як ляцеў апрычнік панскі,

Пакідаючы абозы.

 

На нашы палеткі, у нашы прысады

Праклятае панства ніколі не прыйдзе,

Нядарам у бітвах хадзілі брыгады

Пад слаўнай камандаю Арджанікідзе.

 

 

 

VI

 

Пад Барысавам палонным,

За Бярозаю-ракой

Войска Арміі Чырвонай

        Сабірала сілы ў бой.

 

«Ледзь над лесам сонца ўзыдзе,

Фронт прарваць, нанёсшы ўдар» –

Так рашаў Арджанікідзе –

Палкаводзец-камісар.

 

Ноч расой паіла кветкі,

Над ракой туман стаяў.

Рапарт пятае разведкі

Ў гэту ноч Сярго прымаў.

 

Як дазор, дубы-сталеткі

        Засланялі грамаду.

І сказаў Сярго: «У разведку

Сам, таварышы, пайду».

 

І таемна, ўнепрыкметку,

Цераз брод і твань балот,

Вёў Сярго атрад разведкі

Тылам ворага ў абход.

 

Шлях расчысціў куляй меткай,

Вёў атрад у стоме сіл:

Дваццаць вёрст прайшоў разведкай,

        Дваццаць вёрст зайшоў у тыл.

 

На дапрос за трэцім – следам

І чацверты ўзяты пан.

Ад паноў Сярго разведаў

Пра апошні польскі план.

 

З думай дум сваіх, з развагай

Ён, схаваўшыся, ляжаў,

Беларускіх смачных ягад

Першы раз пакаштаваў.

 

Дзень мінуў. Паўзуць сапёры,

        На ваду кладуць масты.

Будзе бой! І нават зоры

Гасяць бляск свой залаты.

 

Знаў Сярго сакрэт нядарам:

Полк байцоў адвёў тайком

І, прарваўшы фронт ударам,

Закідаў ліхім агнём.

 

І ў атаку – на палякаў,

На акоп – штыкамі ў лоб!

Сталлю бралі, вызвалялі

        Беларускі Перакоп.

 

 

 

 

VII

 

Вітанне і песня адважным героям!

Прайшлі яны буры, прайшлі навальніцы.

Сыны іх магутныя сталінскім строем

Вартуюць савецкіх рэспублік граніцы.

 

Ішоў дазорны, пільным вокам

Глядзеў праз зараслі ў прасвет

І раптам у снягах глыбокіх

Заўважыў нейчы свежы след.

 

Відаць, нядаўна на світанні

        Граніцу вораг перайшоў,

Яго слядоў незатаптаных

Яшчэ і вецер не замёў.

 

Да баявых прыгодаў звычны,

Без меркаванняў і разваг

Шынель скідае пагранічнік,

Бяжыць з вінтоўкай па слядах.

 

Абліўся твар гарачым потам,

Усю душу калоціць дрож.

Цяжэюць ногі. Скінуў боты

        І ўжо імчыцца басанож.

 

Калючы снег у ногі коле...

Дарма! Настаў апошні час:

Ужо відаць за лесам поле,

А там дарога і калгас.

 

Ужо калгаснікі і дзеці

Бягуць гурбой наперарэз.

Але і вораг іх прыкмеціў

І зноў, як воўк, пабег у лес.

 

Няхай! Не ўдасца план злачынны:

        Сабраўшы сілы, вартавы

Прабег яшчэ адну хвіліну

І ўзяў ён ворага жывым.

 

 

Вам не прасунуць бруднай лапы

Крывавы свой спраўляць папас:

Мы бʼем без промаху гестапа,

Калі мы бʼем, бандыты, вас!

 

Граніцы нашы ў сталь адзеты,

Заўсёды меткі наш прыцэл!

Хто мкнецца несці смерць Саветам,

        Таму адзін прысуд – расстрэл!

 

 

VIII

 

Таварышы, нашай зямлі абаронцы,

Вы сталі заслонай на нашых граніцах,

На вас пазіраюць і зоры і сонца,

І песні пяюць вам лясы і крыніцы.

 

Упрыгожым нашы хаты

І вянкі саўём на браме

Ды накрыем, як у свята,

Стол калгаснымі дарамі:

Хлебам, мёдам, сырам, мясам...

        Хоць і проста, але шчыра,

Запрашаем вас калгасам,

Вас, байцы і камандзіры.

 

Вы – апора наша, сіла,

Наша радасць, наша слава,

Нам бяседа з вамі міла,

З вамі бавіць час цікава,

 

Чым багаты – тым і рады.

Сваё ўсё: пітво, закускі.

Сок пладовы з свайго саду,

        Віны з ягад беларускіх.

 

У бяседзе у прыязнай

Прыгадаем нашы былі,

Як у час ліхі, адказны

Мы на ворага хадзілі.

 

Шчыльна злітаю калонай,

Сэрцам Сталіна сагрэты,

Сілу Арміі Чырвонай

Паказалі ўсяму свету.

 

Хто ж памкнецца – песня спета:

        Госць нязваны будзе біты!

Няхай вораг помніць гэта,

Вораг тайны і адкрыты.

 

 

IX

 

Ліецца гаворка ў бяседзе калгаснай.

Здарэнні, падзеі, прыгоды, ўспаміны...

Шчаслівая ж маці з усмешкаю яснай

Гаворыць пра любага, слаўнага сына:

 

Спаць малога палажыла,

Неспакойны сын не спіць:

«Раскажы, як Варашылаў

        Вёў рабочых панства біць?»

 

Заспявала калыханку,

Як збіраўся рад у рад

За ракою, за Луганкай,

Варашылаўскі атрад.

 

Выціралі ўпотай слёзы

Непаслушныя жанкі.

Камандзір – луганскі слесар –

Аглядаў браневікі.

 

Добра помніць Дубавязка,

        Як, пакінуўшы майдан,

Уцякалі немцы ў касках

Ад луганскіх партызан,

 

Як нязломнаю калонай,

Пад шрапнельны свіст і звон,

Варашылаў і Будзённы

Вялі войска цераз Дон.

 

Беларускія загоны,

Не забудуцца й яны,

Як ад шабель Першай Коннай

        Беглі польскія паны.

Слава нашага наркома

Прагрымела з краю ў край...

Будзь жа й ты, сынок, свядомы,

Нам на радасць падрастай.

 

Будзь адважным, мужным сынам,

Падрастай на ўцеху ўсім,

Беражы сваю краіну,

Як луганскі слесар Клім.

 

 

X

 

Частуюцца госці, пяюць і гамоняць,

        Дзяўчаты пітво і закускі падносяць,

Іграюць цымбалы, іграе гармонік,

А хлопчык у лётчыка ласкава просіць:

 

Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Хачу я з табой паглядзець,

Як месяц на небе начуе,

Як блукае ў лесе мядзведзь.

 

Як свецяцца ночкаю зоры,

А днём не відаць іх чаму,

Як рэкі ў далёкія моры

        Улетку плывуць і ўзіму.

 

Мне ўжо надакучыла дома.

Ў дзіцячы хадзі адно сад,

А так паглядзеў бы, вядома,

На іншы парадак і лад.

 

Вось гэтак у добрым здароўі

Мы будзем ляцець і ляцець.

Вазьмі ж мяне, лётчык, з сабою,

Не будзеш ты клопату мець!

 

На моры зірнуць хоць раз вокам,

        Як ходзяць па іх караблі,

Ляцеці далёка, высока

Ды так пабываці ў Крамлі.

 

 

І там з паднябеснае далі

Гукнуць над зямлёй і людзьмі:

«Дзень добры, таварыш наш Сталін.

Паклон з самалёта прымі!»

 

 

XI

 

Дзяўчаты з байцамі пусціліся ў скокі

(Віхор гімнасцёрак і кофтачак сініх!).

На прызбе зенітчык, чарнявы, высокі,

        Гаворыць з запалам прыгожай дзяўчыне:

 

«Ды скажу табе я, мілай,

Быў дзянёк, ды нештодзённы:

Сам таварыш Варашылаў

Прынімаў парад ваенны.

 

Не высокі сабе ростам,

Не высокі і не нізкі,

А такі вясёлы, просты,

А такі прыветны, блізкі.

 

А свой погляд, свой юначы,

        Калі кіне, бы зарніца, –

Сэрца з радасцю заскача,

Кроў адвагай забурліцца.

 

Адным словам, свой брат родны,

Так і хочаш, мая Каця,

Быць яго дастойным, годным,

За яго жыццё аддаці.

 

Конь пад ім, прост вярнігора!

А як скача, як гарцуе!

Як вачыма лічыць зоры,

        Ён вушамі вайну чуе.

 

Вайну чуе, броў не хмура,

Толькі бліскаюць падкоўкі,

Бо яздок на ім, што бура,

З віхрам пойдзе ўперагонкі.

 

 

У міжбурʼе з ім жыць міла,

Лёгка ж будзе і ў паходзе.

Во які наш Варашылаў!

Во які наш палкаводзец!»

 

 

XII

 

За маршалам нашым, за нашым наркомам

        Мы пойдзем зʼяднанаю сілай заўсёды.

Вы чуеце – гулкі, раскацісты гоман?!

Вы чуеце – крочаць юнацкія годы?!

На кліч роднай партыі цвёрда,

З уздымам

Ідзе маладосць нашай гордай

Радзімы.

 

Ідзе маладосць нашай шыры

Зʼяднацца

У грозную армію міру

                  У працы.

 

Ім сцежкаю сцелюцца кветкі

Вяснянкі,

Вітаць іх выходзяць танкеткі

І танкі.

 

І строй самалётаў высокі

Займае,

І сонца, як дыск кулямёта,

Усплывае.

 

Іх пільныя вочы-дазоры

                  Граніцы,

Ім здрадная цемень, як вораг,

Скарыцца.

 

І пройдзе іх слава заўсёды

Над светам.

Жывіце спакойна, народы

Саветаў!

 

 

 

 

  * * *

 

Падымем жа чаркі сямʼёю народаў

За армію нашу, за грозную сілу,

За маршала нашых геройскіх паходаў, –

        Хай доўгія годы жыве Варашылаў!

 

Падымем жа чаркі за партыю нашу,

Што нас прывяла да здабыткаў вялізных,

За мудры ЦК, баявы і бясстрашны, –

Хай славіцца ленінскі штаб бальшавізма!

 

Падымем жа самыя поўныя чаркі

За вобраз, раскрыўшы нам светлыя далі,

За слаўнае імя, за геній наш яркі, –

Хай славіцца Сталін!

– Няхай жыве Сталін!

 

 

[1936]


[1936]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4