epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзе вы?

Быў у нас хаўрус

Крэпка звязаны,

Дружбай моцнаю

Падпяразаны.

 

Жыў ён думкамі

І надзеямі

Смела ў бой ісці

З ліхадзеямі,

 

З ноччу цёмнаю,

Беспрасветнаю,

З доляй горкаю,

Непрыветнаю,

Каб расчынен быў

Свет людскім вачам,

Каб жылося лепш,

Весялей людзям,

 

Каб ярэмы іх

Былі зломаны,—

Крэпкі быў саюз,

Дружбай скованы.

 

Песні вольныя

Разліваліся,

Горы, лес, лугі

Адклікаліся.

 

Ды завыў віхор

Па-над лозамі,

Дзьмухнуў холадам

І пагрозамі.

 

Ўсё схавалася,

Затаілася,

Да зямлі ніжэй

Нахілілася.

 

Ўсё растрос-разнёс,

Як мятлою змёў,

Не мінуў і вас

Ён, маіх сяброў.

 

Распаўзліся вы,

Пахаваліся

І ад дум сваіх

Адцураліся.

 

З таго часу я

Адзін смычуся,

І ніяк я вас

Не даклічуся!

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910