Калгасная хата. Багоў ані следу.
Угоднік святы Мікалай
Не рупіць сягоння калгасніку-дзеду —
Газеты яму падавай.
На сценах — выдатныя, здольныя людзі:
Ударнікі, правадыры,
Што волю, імкненне да радасці будзяць,
На землю рай зносяць згары.
І дзед гэтаксама не лыкам падшыты:
Ударнік. Яму, батраку,
Сам маршал Будзённы, яздок знамяніты,
З падзякаю ціснуў руку.
У дзеда на стайні такія ўжо коні,
Што хоць з іх малюнкі пішы;
А сядзеш — і вецер цябе не дагоніць,
Як бура, прамчаць па шашы.
Гарыць над абрусам не тая газоўка,
Не тая куравасць карча,
А лямпа, што свеціць, як сонца ў пятроўку, –
Дзівосны агонь Ільіча.
Паважная постаць у дзеда Рыгора:
Уздзеў акуляры на нос,
І мыслі пабеглі кудысь аж за мора,
Дзе чыйсьці рашаецца лёс.
Ён так углыбіўся ў газеты! Чытае...
Эх, грозны падзеяў развой!
Куды завядзе інтэрвенцыя тая,
Той наглы фашысцкі разбой?
Куды яна прэцца, фашызма агіда?
Не ёй жа на свеце ўладаць?
І дзед разважае аб лёсах Мадрыда
І як яму помач падаць.
А потым адводзіць свой зрок ад газеты
І родны прыгадвае край.
За шчасце, за волю, за край родны гэты –
Ну хто не паўстане, спытай?
10/ХІ 1936