epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзед і мядзведзь

(вершаваная казка)

I
II
III
IV
V
VI


I

 

Кажа дзеду баба:

– Дзеду, з хлебам слаба –

Едзь у млын ты, дзедка!

Млын не страшан дзеду:

– Трэба, дык паеду,

Бабка, мая кветка!

Дык гатуй сняданне –

Менш завозу зрання,

Справа, бач, такая.

Паліць баба ў печы,

А дзед грэе плечы,

Снедання чакае.

 

II

 

Скавародка

Ходзіць лётка,

Спрытна ў бабіных руках.

Тыя ж дровы

Роняць словы –

Трах-та-тах!

Трах-та-тах!

Скваркі ў печы

Штось дарэчы

Шэпчуць той скаварадзе,

А старэчы

Каля печы

Ім і сам у тон гудзе.

 

III

 

Дзед паснедаў ёмка,

Нават ікнуў громка.

Вось прыбраў наш дзед калёсы,

Колы дзёгцем квацануў,

Нацягнуў тужэй атосы,

Шчыльней загваздкі заткнуў.

І мяшкі паклаў дзядуня –

Дуж дзядок быў і здароў, –

Па кабылу звольна суне, –

Дзед гарачкі не пароў.

А была ж у дзеда

Кабыліца гнеда,

Белагрывая,

Памаўзлівая.

 

IV

 

Выйшаў дзед, кабылу кліча:

«Кось-кось-кось!»

Ды «кось-кось-кось!»

Выган, гай прайшоў наскрозь,

Бо кабылін ведаў звычай.

Эх, кабылка, воўча мяса,

Ну і шкодніца ж яна!

Так і шворыцца адна,

Лезе ў шкоду самапасам.

А бадай жа яе качкі!

Трэба ў млын, яе ж няма!

Час той зводзіцца дарма

З-за кабылкі, з-за лайдачкі.

Дзед ідзе, а цемнавата;

Зірк – у грэчцы ходзіць штось.

«Знаю нораў твой, нябось,

І натуру твайго брата!

Патравіла грэчку троха...

Пачакай жа, памаўзоха!»

Скраўся дзед і – хоп за грыву,

Ды вярхом і ў бок штурхець!

Як раўне ж пад ім мядзведзь!

Як памчыцца ў лес праз ніву!

Як задасць ён ла-та-та!

Прэ мядзведзь наўскапыта.

А дзед бедны – дух у пятах.

Учарэпіўся за хіб,

Звера пынячы, ахрып.

  «Тпрру, спыніся! Стой, мядзведзь!»

А мядзведзь – цялеп-кульгець!

Толькі мордаю трасе,

Дзеда ў лес імчыць-нясе!

 

V

 

І набраўся ж страху

Дзед з сваім мядзведзем!

Гэтак даў ён маху –

Смех сказаць суседзям!

Як ён не разгледзеў

Ды сеў на мядзведзя!

Беглі ельнякамі –

Біўся лес сукамі,

А галінкі-лапкі

Збілі дзеду шапку,

Аб бярозу-вітку

Разадраў дзед світку,

А аб пень дубовы

Гуз набіў здаровы.

Бачыў лес пацеху,

Дзеду ж не да смеху.

Пазіраў з бярлогу

На іх вепр іклаты.

Уступаў дарогу

Ім сам лось рагаты.

Цокала вавёрка

Ад такога дзіва,

Нават воўк з узгорка

Лыпнуў вокам скрыва.

А як зайчык згледзеў

Дзеда на мядзведзі,

Ад той небяспекі

Кінуўся наўцекі.

Злодзей тхор-выжыга

Толькі выскаляўся,

А лісок, псялыга,

Сосмеху качаўся:

«Ой, звяры, вы, мае братцы!

Памажэце мне смяяцца!»

 

Гасаў мядзведзь, гасаў,

Насіў дзядка, насіў,

Аж сам сябе кусаў,

На ўвесь лес галасіў.

Зачапіўся лапцем дзед

За корч-патарчаку,

Адчыніўся тады свет

Дзеду-небараку.

Выпусціў мядзведзя з рук,

Гопнуўся, завохаў,

Распасцёрся, бы япрук,

На зялёным моху.

«Вось брыда, мядзведзь!

Адкараскаўся ледзь!

А бадай ты спрах!..

Аж гудзе ў вушах!»

 

VI

 

Прыйшоў дзед дахаты,

Ціхі, вінаваты.

І спытала бабка:

«А дзе твая шапка?

Як табе не брыдка –

Разарвана світка!

Ой ты, дзед-дурыла,–

У хляве кабыла!

Дык вазьмі за нораў –

Не хадзі за горы,

А перш каля носу

Пашукай ты лёсу».

– Скажы дзякуй, баба,

Што прынёс я драбы!

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4