epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Дзед і зайчык

Злез дзядок старэнькі з печы,

Сеў і лапцікі абуў,

Апрануў кажух старэчы,

Рукавіцы нацягнуў,

Ўзяў сякеру і мяшочак

І на луг пашыбаваў.

Падаў мякенькі сняжочак,

Холад злёгку прабіраў.

Дзед ідзе і дым пускае,

Дым густы, як з той трубы.

Вецер, злодзей, падзімае,

Аж гудуць ў лугах дубы.

Зірк — адкуль ён тут узяўся —

Зайчык выскачыў з кустоў;

Здуру дзед за ім пагнаўся —

Колісь дзед лавіў зайцоў.

Не прабег дзед і тры крокі —

Бух у снег ён і ляжыць!

Зайчык з радасці у скокі,

І давай ён з дзеда кпіць!

– Ты, дзядок, стары, нядужы:

Дзе табе мяне дагнаць?

Дзед няспрытны, няўклюжы...

Памагчы мо табе ўстаць?

Дзед ляжыць і ўстаць не можа –

Хітры быў стары дзядок!

– Ой, прапаў! Хто мне паможа?

Плечы ўсе пабіў і бок!

Тут падскочыў зайчык к дзеду:

– Будзеш, дзед, заўцоў лавіць?

Будзеш к панскаму абеду

Брата нашага насіць?

От цябе ж я закапаю, —

І давай ён снег зграбаць.

– Я на дзеда вока маю —

Трэба дзеда пахаваць!

Тут дзядок як ўзварухнецца!

– А пастой жа, галубок!

Зайчык плача, зайчык рвецца.

  – Не, брат, лезь у мой мяшок!

І панёс дзядок зайчынку.

А каб дзеда не займаў,

Меў бы цэлай кажурынку,

Бегаў вольны б і гуляў.

 

[1917]


[1917]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938