Ой, вы, дзве мінуты на ціхім завулку!
Няхай бы вас лепш не было:
Няма маім марам сягоння прытулку –
Прадонне між намі лягло.
Пытаю сябе я: няўжо ж гэтак стала?
Адкуль жа разлад і чаму?
Ці песціў у мыслях Былінку я мала?
За што ж яна радасць маю растаптала?
Нідзе я канцоў не вазьму.
І цяжка, і горка, і крыўдна да болю –
Так рэзка пакласці канец!
За прыязнь святую – горсць едкае солі,
Бярозавы гнуткі дубец!
Ну, што ж? адбылося!.. Няхай нада мною
Халодная цемра вісіць –
Былінка заўсёды мне будзе вясною,
У мыслях я буду з Былінкай адною,
Яе буду ў сэрцы насіць.
15/ІІІ 1948