epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Фрыцы

Ходзіць гулка над краінаю

Бяда,

Лезе ліпкай павуцінаю

Брыда.

Лезе, прэцца фрыц сляпіцаю,

Як пац,

Нелюдзь чорная, тупіца ён,

Эрзац.

Лапы ў фрыца — заграбастыя

        Каўшы,

А сумленне і не шастае

Ў душы.

Пасць разявіў шырачэзную

Барон.

Дулю смалена-жалезную

Зʼесць ён.

Фюрэр, мордаю звярынаю

Стрыжы —

Не прабʼеш сваёй дубінаю

        Мяжы.

Цешся, падла тупарылая,

Лютуй,

Стой над фрыцавай магілаю,

Халуй!

Прад табой зямля расступіцца

Сама,

І, як з вужа, скура злупіцца

З дзярма.

З рук ты выпусціш паплеціну,

        Бандыт,

Надламаў сваю хрыбеціну,

Капыт.

Будуць, будуць лютым ворагам

Канцы.

Ох, заплаціце вы дорага,

Фрыцы!

 

27/VII 1942


27.07.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945