epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Гадавіна

Лінуць дожджык памыкаўся,

Вецер ліст сухі ганяў;

Нешчаслівы дзень прыдаўся:

Волю я ў той дзень хаваў.

 

Сам я йшоў бядзе у рукі,

Сам я вольнасць сваю нёс

Ў гэты суд балота, мукі,

У гэту багну гора, слёз;

Ў суд, дзе праўда ўжо спрадвеку

Папіхаецца нагой,

Дзе прастор вялікі здзеку

Над бяздольнасцю людской.

 

Я дабра не спадзяваўся,

Я там праўды не чакаў...

Нешчаслівы дзень прыдаўся:

Ў той дзень волю пахаваў.

 

15/ІХ 1909


15.09.1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910