epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Глухая дарога

Наракаюць і смуткуюць

Дзве сястрыцы, дзве пуцінкі,

Што ў палях адны пустуюць,

Што іх глухнуць каляінкі:

«Конік возу тут не цягне,

І не ходзяць больш тут людзі,

Ці то леглі мы на багне?

Хто ж нам сон-спакой абудзіць?

Нам тут сцішна і журботна:

Мы адны тут, бы ў пустыні.

Зелле сцеле нам палотны,

Забіваюць нас палыны.

Дык нашто ж, нашто было нам

Тут лажыцца, вывівацца

Ды імклівым бегам-гонам

З белым светам спазнавацца?

Хто ж нас кінуў тут на полі?

Чаму ж нам закрыты далі?

Каб мы зналі, мы б ніколі

Тут слядоў сваіх не клалі!»

Так гаруюць, так смуткуюць

Дзве сястрыцы, дзве пуцінкі,

Што ў палях адны пустуюць,

Што іх глухнуць каляінкі.

І пачуў іх жальбу вецер,

Што праходзіў тут на полі,

І гаворыць ім – «Маўчыце:

Вы –– след цьмяны чужой волі».

 

25/VII 1913


25.07.1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938