epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Голас ветру

Зашумеў на лад суровы

Вольны вецер, сонца сын,

З родных ніў, з палёў, з дубровы

Шмат нясе ён мне навін.

 

А навіны невясёлы:

Паліць вораг нашы сёлы,

Топча нівы, сенажаці,

Няма літасці к дзіцяці,

 

Ні к жанчыне, ні к старому,

Забірае скарбы з дому,

Ненаедны, злы і люты,

Чыніць здзекі і пакуты.

 

Нелюдзь, вырадак шалёны

Кроўю піша цьмы законы

Для няволі, гора, згубы.

Звер нямецкі шчэрыць зубы.

 

Ды прыціх мой родны вецер,

Шэпча мне, змяніўшы тон:

«Не сумуй, браток: як смецце,

Вольны люд змяце палон.

 

Не сагнуў ён спіны, шыі,

Зброю ў рукі ўзяў ізноў,

На дарогі баявыя

Ён павёў сваіх сыноў.

 

Росіць вораг кроўю чорнай

Багуны і верасы,

І гамоняць непакорна

Беларускія лясы.

 

Не зламаць народнай сілы

Дзікім ордам у баю,

А я ім на іх магілах

Марш хаўтурны прапяю».

 

25/VII 1941


25.07.1941