epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Грамадаўцам

Да працэсу над «Грамадой»

 

Браты, мы ведаем —

Няроўнае змаганне:

Супроць вас штык,

Астрогі, катаванне,

Прадажных сведак легіён

І панскі ўвесь сінедрыён —

Камедыя паноў,

Над праўдай наруганне.

 

Але вы не адны:

За вас, браты, мільёны

Нясуць панам

Праўдзівыя законы:

Гісторыяй асуджаны паны;

Ім не адпусціцца віна —

Прыпомніцца ім здзек,

Мейштовічам шалёным!

Бо дні іх злічаны,

І сходзяць іх часіны —

Калоцяцца паны,

Як горкія асіны,

А слова смелае

Наводзіць на іх жах...

Не, ідал не ўстаіць

На гліняных нагах, —

Затопіцца ў крыві

Замучанай краіны!

А Польшча — не паны

Тыранскае закваскі,

Пілсудчыны-маны

Прыслужнікі-падпаскі, —

Ёсць людзі там высокай чэсці,

Праціўна ім бруд панскі несці,

Наблізяць час яны развязкі.

Тады, паны, тады, пілаты,

Надыдзе грозны час расплаты!

 

24/IV 1928


24.04.1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938