Гусі, гусі, вырай вольны!
Сумен крык ваш, гусі:
Леціцё вы ў свет раздольны
З нашай Белай Русі.
Засмуткуюць зноў балоты
Без вас, госці лета.
Занудзяцца, як сіроты,
Лозы там да свету.
Бабыль-вецер на світанні
Пойдзе ў свет шырокі,
Пойдзе ў злосці, буркатанні
Аглядаць валокі.
А вы, гусі, пад аблокі
Крыллямі ўзмахнеце,
Каб не бачыць, як асокі
Гне і ломіць вецер.
Што ж? Ляціце — для свабоды
Вам і крыллі служаць...
Толькі ж шкода чагось, шкода
Па вас далі тужаць.
І гаруе сіратліва
Ў чырвань лес адзеты...
Ой вы, гусі! паняслі вы
За сабою лета!
22/ІХ 1916