Шалее фашысцкі падлюга,
Брыдзе па калені ў крыві,
Махае нямецкаю пугай
І піша загады — даві.
Дзе толькі ні пройдзе фельдфебель,
Там чорныя пусткі ляжаць,
І дым рассцілаецца ў небе,
І блекнуць палі, сенажаць.
Над светам, дзе мірныя людзі
Пракладваюць творчы свой шлях,
Сцяг свастыкі прускай паскудзе
Мільгаецца ў свінскіх вачах,
І лаўры спустошанай сцерве
Мярэшчацца ўночы і ўдзень,
Не чуе, не бачыць, як чэрві
Паўзуць на фашысцкую тлень.
Высока ўзносіцца ў марах,
У мыслях зладзейскіх бандыт,
Але дзе апусціць, пачвара,
Асліны нямецкі капыт?!
За межамі смродных падвалаў
Народная помста гудзе:
На эшафот цемрашалаў —
Ім месца няма ў грамадзе!
30/IV 1942