epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Я — баец чырвоны

Шлях мой слаўны і шырокі,

Выпаў гонар мне высокі:

Я – баец чырвоны.

Я не знаю большай чэсці,

Як святы доўг чэсна несці —

Стаць на абарону;

 

Вартаваць свой край, граніцы,

Як вачэй сваіх зяніцы,

Як наш скарб бясцэнны.

Бо я знаю — землі нашы,

Горы, моры, нівы, пашы

Для ўсіх нас свяшчэнны.

 

За іх кроў бацькоў праліта.

Праз гарніла мук здабыта

Наша доля, воля.

Бо на гэтых землях, нівах

Мой народ жыве шчасліва,

Як не жыў ніколі.

 

А я, радасны, вясёлы,

Іду ў Армію — у школу

Сталінскае складкі.

Я ўсяму народу, краю

Урачыста абяцаю:

Для радзімы-маткі

 

Сіл сваіх не пашкадую,

Волю ўзброю маладую

На пачэснай варце.

Каб сам маршал Варашылаў

Мне сказаў з усмешкай мілай:

– Малайчына, браце!

 

5/ІХ 1938


05.09.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938