epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Як поп зрабіўся авіятарам

I
II
III
IV


I

 

На Палессі былі

Розныя праявы,

Быў і з гэтым папом

Выпадак цікавы.

Поп Мікіта

Сеяў жыта

І аўсы і грэчкі,

А ў святыя дні нядзелі

Ён таксама быў пры дзеле –

                Стрыг авечкі.

Пасвіў шчыра іх, старанна;

Клопат з імі ж – пастаянна,

Як усім вядома:

То іх трэба гнаць у споведзь,

То іх чэрці часта ловяць,

Як таго Арцёма.

Трэба было мець смякалку

У руках дзяржаць Міхалку,

Пад сваім аховам,

          І Таклюсю і Марʼянку,–

Проста з самага ўжо ранку

Навучай іх словам.

Ну, як бачыце, турбот

У Мікіты повен рот.

 

 

II

 

Паміж лесу над балотам,

Дзе лаза шуміць з чаротам,

Была пасека ў папа,

Гонаў добрая капа.

Вось ён ранняю вясною,

          Навазіўшы туды гною,

Заваліў аўсом аблог

Па балота ад дарог.

Не ўзышоў авёс як трэба –

Бах! Бяду паслала неба:

Па аўсянай той зямлі

Пахаджаюць жураўлі.

Ходзяць, топчуцца, заразы...

Вось дзе ліха даўгавяза!

Як бы чорт іх тут нанёс.

          І дзяўбуць папоў авёс.

Тужыць поп з тае напасці –

Можа тут авёс прапасці.

Нечаканая бяда –

Падзяўбе яго брыда.

Ц і т

 

– Бяда, бацюшка, але ж:

І насення не збярэш.

 

З Цітам бацюшка паохаў.

Ціт быў спрытны, хітры троха,

Пры папу працёрся век,

          І з мазгамі чалавек.

 

– Вось што, бацюшка, зрабі ты,

Будзе танна і сярдзіта:

У гарэлцы аўса намачы

Ды за імі ты сам пасачы.

Наядуцца аўса, паўпіваюцца,

З ног, пабачыш ты сам, паскідаюцца,

І навяжаш ты іх цэлы воз.

Будзе мяса табе і авёс.

 

 

III

 

Павесялеў наш поп:

          Навёў Ціт на троп.

 

Намачыў поп аўса з паўасміны

Ды занёс яго на лядзіны.

Надзяўбліся аўса жураўлі,

Упіліся, ляжаць на раллі.

У бацюшкі сэрца заёкала.

Абкруціўся вужышчам навокала

Ды давай жураўлёў ён кілзаць,

Цыбатыя ногі вязаць,

Да вужышча прывязваць аборкамі –

          Не хадзеце чужымі разоркамі,

Не дзяўбеце аўса вы паповага

І не квапцеся на гатовае.

 

Вяжа поп, бярэ ахвота,

А яны ляжаць, як мост,

Як ваякаў пʼяных рота...

Дзякуй Богу, – мінуў пост.

Поп хапаецца, пацее,

Каб усіх іх павязаць,

Кліча Ціта і Мацея

        Дзіва тое паказаць.

 

Жураўлі ад тога крыку

Хмель сагналі з галавы,

Закрычалі раптам дзіка.

Поп ні мёртвы ні жывы:

Адрываецца поп ад зямлі,

Паляцелі з папом жураўлі!

 

Ой, ляцяць жураўлі,

Не спыняюцца,

                Валасы ж у папа

                        Развяваюцца,

І гуляюць вятры

Там з халмідаю,

Поп нагою таўчэ,

        Нібы дзідаю.

Ды няма-няма

Там апоранькі,

Жураўлі ж нясуць,

Нясуць скоранька

Над балотамі,

        Над чаротамі,

Ды над лозамі

Над бярозамі...

 

Раскруцілася вужышча.

У вушах тут як засвішча!..

Птушкі ўгору, а наш поп

Паляцеў уніз, як сноп,

Ды ў балота тое – гоп.

А там – купіны, трава

Ды папова галава.

 

 

IV

 

Поп на купіне завіс

І – ні ўгору і ні ўніз.

І давай ён галасіць,

Клікаць помач і прасіць:

«Гвалт, ратуйце, людзі!

Я ў гразі па грудзі».

На балоце

У самоце

Паляшук дзесь драў лазу.

        Баця-коце

                Ў адзіноце

Тут гатоў пусціць слязу.

Чуе Саўка –

Не забаўка.

Што за ліха? Хто крычыць?

Азірнуўся –

Здрыгануўся:

Галава з травы тырчыць...

Вось задача –

Чорт, няйначай!..

  Хто ж тут можа быць другі?

Валасаты

І гарласты...

Збіўся Саўка наш з нагі.

 

Саўка

 

Хто такі ты?

 

Поп

 

Поп Мікіта.

 

Саўка

 

Што ж тут робіш, сатана?

 

Поп

 

Падыдзі ты

Да Мікіты, –

Зайздрасць – во мая віна.

 

Саўка

 

Брэшаш, сабака:

Ты не поп, а чарцяка!

 

 

Поп

 

Дальбог жа, я – поп, бацюшка ваш!..

Уваж ты мне, Саўка, уваж!

 

Саўка

 

Ці чулі яго, абармота!

Хіба месца папова – балота?

Хлусіш, нячыстая сіла!

Калі поп, пакажы мне кадзіла!

 

Поп

 

Ратуй мяне, Саўка:

Дальбог жа, я – поп!

 

Саўка

 

А дзе камілаўка

Твая, асталоп?

Манюка ты, звадыяш,

А не бацюшка наш!

 

Поп

 

Поп я, Савачка, поп!

Глядзі – хрышчу лоб.

Падышоў Саўка бліжай –

Нібы поп з бародкай рыжай.

Узяў Саўка ў рукі

Добрую лазіну.

 

Саўка

 

Хрысцішся? А ну-ка

Я нахрышчу табе спіну!

«У імя айца!» – і сёрб!

«І сына!» – ды ў горб!

«І святога духа!» –

І лясь бацю з-за вуха! –

Ну, вось цяпер бачу, што поп, –

Памагу з ахвотай.

І пад пахі бацю згроб,

Выцягнуў з балота.

 

1926,

[1927]


[1927]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4