Ох, бедны Янь, цябе мне шкода:
Як ні спрачаўся ты з Сато,
Не падтрымаў цябе ніхто, —
Такая воўчая іх мода.
Эх, мілы мой! Там многа джэкаў,
Што выпускаюць трыбухі, —
Адпусціць па́па ім грахі
За іх крывавую апеку.
Хоць дыпламат ты, бедны Яне,
Ды ты наіўны чалавек,
Бо меў надзею, што за здзек —
Супроць японца па́па ўстане.
Дзівак! Ну што такое па́па?
Старыя рэзгіні, труна!
Ты чуў адказ ад шаптуна?
Маліцца Богу будзе, шляпа,
Каб між Кітаем і японцам
Быў мір, калі той Бог захоча.
Але раса, брат, выесць вочы,
Пакуль узыдзе тое сонца.
Глядзі, як папавы «авечкі»
Шлюць за даларчыкі, рублі
Японцу з зброяй караблі, —
І папа будзе мець «на свечкі»!
Дык кінь, брат Янь, ты спосаб гэты,
Вярніся лепш у свой Кітай
Ды за кітайскія Саветы
Ты голас голасна падай!
1932