epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Янку Купалу

Да 25-годдзя літаратурнай дзейнасці

Была пара — марнелі нашы гоні

У холадзе жыццёвых непагод.

Ішоў за годам год,

Маўчаў, цярпеў народ,

Заціснуты, задушаны прыгонам.

Была пара — знямела слова ў краі

Пад уціскам жандарскае нагі.

У полагу смугі

Разлівамі тугі

Звінеў наш сум на гуслях-самаграях.

Журыліся і плакалі іх струны,

Ды слухалі іх толькі дзірваны,

Балоты, курганы

Ды ў межах палыны;

Карчма ж была — і школа і трыбуна!

Ды час прабіў, і волі промень глянуў,

Вясёлкаю прарваўшыся з-за хмар.

Знайшоў ты шлях, пясняр,

Пакрыўджаным свой дар

Панёс ты голасам трыбуна і баяна.

Грымеў твой кліч, іскрылася крыніца

Адточаных, як меч, і выкаваных слоў.

У словах тых было —

Нядоля наша, зло

І заклікі да яснай зараніцы.

Прайшлі гады. Магутны віхар дунуў

У цемру-ноч адвечнае жуды.

Самкнуліся рады

Працоўнай грамады

Пад лозунгам сусветнае камуны.

Упаў тыран. Адчынены дарогі!

Мільёны мас — дзяржава і ўладар...

Грымі ж яшчэ, пясняр,

Нясі працоўным жар —

Грамчэй заві да новай перамогі!

 

24/V 1930


24.05.1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938