epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Янку Купалу

Я не ведаю, дружа мой Янка,

Што сказаць табе сёння.

Прамільгнулі гады, як маланка,

У парнаскай пагоні.

 

Было многа дарог і прыгодаў

І спатканняў пад чарку...

Пастрыножыць бы вас, збегі-годы,

Паскідаць бы вас з карку.

 

А ярлык мець «старых» нецікава,

Няхай Бог яго крые.

Не міла табе нават і слава,

Калі скажуць — «старыя».

 

Ды «старымі» завуць нас па злобе,

Ёсць на гэта прычыны, —

Каб нас проста, як кажуць, угробіць.

А за што? З-за жанчыны.

 

Яшчэ раз гэта слова пачую, —

Ведай, друг мой Гарацый:

На ўвесь свет свой пратэст пракрычу я,

Заяўлю ў Лігу Нацый.

А ты, Янка, пішы, брат, і крышка,

Старасць тут недарэчы.

Юнаком ідзі ўгору, брацішка,

Разгарні свае плечы.

 

Не зважай на блазноў на бязвусых:

Зубаскальства іх — плесень.

Завінешся — напішаш два стусы

Ды якіх яшчэ песень!

 

Дык няхай жа жывуць твае песні

У прыгожых узорах,

І мы выпʼем за гэта, хоць трэснем:

Хто не выпʼе — той вораг.

 

27/V 1935


27.05.1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938