epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Юрка і кот

Юрка рана прабудзіўся.

– Есці дайце мне! — крычыць:

Я ляжаў і зверадзіўся,

Нездароў я — ўсё баліць.

Матка хлеба адламала.

– На, сынок, крыху пажуй.

– Колькі ты дала мне? мала!

– Еш, сыночак, не сярдуй,

Сердаваць няможна: брыдка,

Ты ж вялікі ўжо хлапец:

Паглядзі, якая лытка,

Расцягнуўся, як касец.

– Ты мне сыру дай ці сала!

– Бач, які ты ласунок!

Сала, ведаеш, патала,

Сыр увесь паеў каток.

Юрка тут узбунтаваўся.

Бʼе нагамі у сяннік,

На ўсю хату раскрычаўся,

Маме высунуў язык.

– Ах, распуснік! ці ж то можна

Гэтак маму зневажаць?

Матка злёгка, асцярожна

Стала Юрку прабіраць.

– Гэта, мама, я жартую.

Больш не буду, мама, не!

І табе я ўсё дарую,

А ты сыру ўсё ж дай мне!

Як тут з ім не пагадзіцца?

Ну, як хлопцу адказаць?

– Што ж? даволі нам сварыцца:

Трэба сыру Юрку даць.

Юрка есць і разважае,

Да яго прыбег каток

І на Юрку паглядае:

Дай і мне, моў, хоць драбок!

Але Юрка не ахвочы

Катка сырам частаваць.

– Ты чаго уставіў вочы?

Вон пайшоў мышэй ганяць!

Хітры коцік ўсё ж падкраўся

Ды з-за коўдры ўсё глядзіць,

І чуць Юрка зазяваўся —

Цоп за сыр! і ў кут бяжыць.

Юрка плача і сярдуе,

Хоча біць насмерць ката.

Коцік есць і ў вус не дуе,

Не вылазячы з кута.

Потым спінку выгінае,

Хвосцік трубкаю задраў —

І казанне пачынае,

Як ён Юрку ашукаў.

 

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938