epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

«Калектыў» пана Тарбецкага

I
II
III
IV
V
VI


I

 

 

 

«Дзядзька Тарас шукаў люлькі. Злосці набраўся шукаючы, а люлькі ніяк знайсці не можа. Тады сказаў яму пляменнік: «Дзядзька, плюнь!» Дзядзька Тарас плюнуў, і з зубоў выпала люлька».

З расказаў нябожчыка «Дзынгалы»

 

 

Некалькі слоў наконт загалоўка майго расказу.

У нас паны не ў пашане. Але калі хто назаве пана Тарбецкага грамадзянінам, то Тарбецкі крывіцца, а скажаш «таварыш Тарбецкі», – адварочваецца і гаварыць з табою не стане. А назавеш «пан Тарбецкі», тады вочы яго пазіраюць лагодна, і ён робіцца другім чалавекам. Адгэтуль і выходзіць, што яго трэба называць – «пан Тарбецкі», як гэта і зрабіў я. Чалавек ён стары, а старасць вымагае пашаны.

Сам дзень падняў заслону, бо надышоў той час, калі зямля, па абавязку сваёй прафесіі, павінна прыступаць да пастановак на сцэне жыцця. Першым, хто выступіў у гэты дзень на сцэне, быў сам пан Тарбецкі. Ён толькі што адамкнуў калодзеж і стаў у двух кроках ад яго, залажыўшы рукі ў рукавы чырвонага кажуха. У губах дымілася досыць паважная, запраўленая ў тоўсты муштук цыгара, уласная прадукцыя пана Тарбецкага з яго ж уласнай плантацыі. Непадалёку ад калодзежа на сцяне аднаго з трох дамоў пана Тарбецкага было напісана мелам і ўласнаю ж рукою: «Не заплаціўшым грошы браць ваду забараняецца». Гэты надпіс сведчыў, з аднаго боку, што справа беларусізацыі пасунулася наперад, а з другога – што гаспадарскае вока пана Тарбецкага не драмала. У варотах мільгатнулася жаночая постаць з вёдрамі. Згледзеўшы пана Тарбецкага, гэтая постаць спынілася на момант, а потым павярнулася назад, не заходзячы ў двор.

– Заплаціш грошы, тады будзеш браць ваду, – строга сказаў пан Тарбецкі і не парушыўся з месца. Стаяў і разважаў. Разважаў пан Тарбецкі аб тым, чаму цяпер людзі такія заразы. У сваім двары многа такога дабра, а тут з чужых двароў яшчэ суне нос, не заплаціўшы за ваду. І вочы пана Тарбецкага самі падняліся на вокны кватэры, дзе жыве вось гэты самы санітар, каб яго боль узяў. Што зрабіў ён з кватэры? Хлеў, свінушнік! Куры ў пакоі трымае, кватэры не апальвае. У кахлянай печы бульбу свінні парыць. І грошай не толькі за ваду – за кватэру не плаціць! І горш усяго тое, што нічым не дапячэш гаду. Гэта ж каб даўней – ці ж трымаў бы такога свінтуха?

З кватэры санітара вочы пана Тарбецкага зірнулі на вокны другога кватаранта, суседа санітара, электрафікатара. Гэта ён упусціў сюды завалу гэтага, грубіяна-свінтуха. А цяпер цацкайся з ім. Да і сам электрафікатар плаціць, колькі сам хоча. Прафсаюзны, каб ён запаветрыўся.

У гэты час, калі пан Тарбецкі пазіраў на кватэры санітара і электрафікатара, з кватэры процілежнага дома, з самай галубятні, – называецца яна салькаю, – выглядала швачка Алена Мастоўская, жонка камуніста. Сам ён невядома дзе, а яна тут адна і за кватэру ўжо тры месяцы не плаціла.

– Стаіць, слуп стары, каб яму вочы калом пасталі! – гаворыць у сальцы швачка. Ёй якраз трэба вады, а гэты «слуп стары» ад калодзежа не адходзіць.

– Давай я табе прынясу! – сама выклікаецца Мальвіна Грында.

Мальвіна Грында – адна з выдатнейшых асоб у калектыве пана Тарбецкага. Злыя языкі распусцілі аб ёй пагалоску, што яна мае дваістую прыроду: часамі яна – баба, часамі – мужчына. Касцістая, шырокая фігура, размашыстыя рухі, рэзкая хада, грамавы голас, вялізарныя боты, – усім гэтым яна зразу зварочвае на сябе ўвагу і выклікае да сябе пэўны страх і паслушэнства.

Алена Мастоўская, пачуўшы грубы голас, раптам паварочваецца ў бок Грынды, лагодна ўсміхнуўшыся.

– А, калі ласка! Я ўжо потым аднашу вам.

– Добра, добра – адносіш!.. Дзе тваё вядро?

Грында парывіста бярэ вядро і з грукам спускаецца па ўсходах, выходзіць на двор, ідзе да калодзежа, вітае пана Тарбецкага скупым «дзень добры!», вешае на калодзеж вядро і тарахціць помпаю. Пампуе так энергічна, што пан Тарбецкі падаецца назад.

Занёсшы адно вядро, Грында ідзе з другім, з трэцім.

Пан Тарбецкі ківае галавою, дагадваючыся, што Грында цягае ваду камусь другому. Некаторы час стаіць, паглядае, потым кашляе і ўрэшце адважваецца.

– Куды гэта столькі вады цягаеш?

Грында стаўляе на зямлю вядро, становіцца супраць пана Тарбецкага. Пан Тарбецкі зноў падаецца назад, азіраецца, ці чуюць людзі.

– На ўвесь горад нашу! – злосна адказвае Грында. Злосць яе расце, маршчыністы твар нейк зразу мяняецца, вочы бліскаюць маланкамі.

– Дамоў я не маю, няма каму на мяне рабіць, буржуі праклятыя! Абмываю вас! Не ты ж, дармаед, будзеш за мяне бялізну мыць... Куды ваду цягаеш! А, каб з цябе кішкі павыцягалі! Ты – што ж? З чэрава свайго вады ў зямлю напусціў? Ты калодзеж рабіў, каб табе ў грудзях рабіла? Хто на цябе робіць? На чые грошы калодзеж паставіў? Вады яму шкода!..

Збянтэжаны і зняважаны пан Тарбецкі задам накіроўваецца на поле адступлення, палахліва аглядаецца, пазірае на кватэры свайго калектыву і, калі апынецца па-за межамі беспасярэдняй небяспекі, гаворыць сам сабе:

– Тфу, паскудства! Во, зараза! А бадай табе язык адсох! І адкуль яны такія бяруцца? Вось, халера!

Бясслаўнае адступленне пана Тарбецкага ад калодзежа наддае Грындзе яшчэ больш пыху і прыводзіць яе ў поўны стан натхнёнай лаянкі. Сячэ словамі, як шрапнэллю, і голас яе разлягаецца па ўсёй аколіцы, заглушаючы брэх сабачай акадэміі каля трэцяй часці. А ў той час, калі пан Тарбецкі гатовы ўжо зызнуць у дом свае кватэры, яна высока падымае свой здаравецкі кулак і грозна трасе ім у паветры.

– Я табе выведу гэтую моду стаяць каля калодзежа, буржуй ты, кравапівец, храпавідла свіное!

Калектыў пана Тарбецкага заварушыўся. З усіх куткоў выпоўзваюць члены гэтага калектыву, бо ўсім цікава даведацца прычыны заядлага літання і паслухаць мастацкую лаянку. Другія, больш далікатныя, прынікаюць да акон сваіх кватэр або чуць-чуць прыадчыняюць дзверы.

Вясёлы смех блукае на іх тварах.

На ганак выходзіць электрафікатар, чмыша перш у адну, потым у другую наздру, праводзіць рукою па вусах і слухае. Жонка санітара зʼяўляецца на другім ганку. Свінабой з сваёю жонкаю, наваліўшы свінінаю ручную цялежку, гатовыя зрушыць у дарогу на рынак, запыняюцца, і хоць яны і не спачуваюць такой лаянцы, але азнаёміцца з яе зместам вельмі цікава. Усе стаяць моўчкі і толькі тады, калі Грында з вядром хаваецца за вугал дома, пераглядаюцца з усмешкамі і перакідваюцца кароткімі ўвагамі.

– Вот дык баба! – голасам адабрэння аклікаецца санітарыха.

– А ўсячаскі непрыятна папасці пад такі язык, – заўважае электрафікатар.

З-за вугла паказваецца Марыся Шпала, аглядае ўсіх і заліваецца вясёлым, высокім смехам.

– Хэ-хэ-хэ-хэ! Але ж і дала рэзалюцыі!

 

 

II

 

Насельніцтва двара пана Тарбецкага складаецца з дзвюх часцей: з «працоўнага элемента» і «элемента непрацоўнага», або, іначай, – з людзей працы і з дармаедаў. Да дармаедаў адносіўся сам пан Тарбецкі, прачка Грында, прачка Варакса і яе напалавіну замужняя дачка Анэта, Марыся Шпала, свінабой Вадапʼян і поп Лагода, а рэшта: кравец Самабыль, швачка Самабыліха, шавец Сякач, дацэнт, асістэнт, электрафікатар, проста тэхнік, хлебапёк і яшчэ іншыя людзі з двара пана Тарбецкага належалі да людзей працы.

Праўда, людское жыццё і чалавечую істоту вельмі цяжка ўлажыць у пэўны рэестр, адгэтуль і выходзяць часамі няўхільныя шурпатасці і недарэчнасці. Вось хоць бы і свінабой Вадапʼян, які значыцца з спіску непрацоўных. На праўду ж ён працуе найболей з усіх членаў двара пана Тарбецкага. Апошнім кладзецца спаць і першым падымаецца. У той час, калі сам ён увіхаецца каля дзялянак сала, яго жонка запраўляе свіныя кішкі рознаю свіною ж дрэнню на патрэбу чалавека і ў першую ж чаргу на патрэбу калектыву, у склад якога ўваходзіць і свінабоева сямʼя. У кірмашныя дні, наваліўшы ручную цялежку свінінаю, свінабой і яго жонка цягнуць яе на рынак, чуць толькі разднее. Завёзшы свініну, ён варочаецца назад, пакінуўшы там жонку, а па дарозе прыхваціць пару бітых ці жывых япрукоў, парадкуе іх, калі яны ўжо старгаваны і куплены бітымі. Калі ж япрукі жывыя, то іх трэба яшчэ ўзважыць, таргаваць і разоў дваццаць пляснуць далонню аб далонь прадаўца. У гэты час двор пана Тарбецкага дрыжыць ад свінога піску, асабліва тады, калі япрука знімаюць з воза і кладуць на вагу. Дацэнт, пад вокнамі якога адбываецца гэта свіная справа, сярдзіта зрываецца з пасцелі і нервова бегае па сваіх пакоях, праклінаючы Вадапʼяна і яго прафесію. А часамі не ўтрывае, падбяжыць да акна і праз фортку крыкне свінабою:

– Ці ў цябе іншага месца няма, што ты пад маімі вокнамі свіней душыш? Ты мне спаць не даеш, работу рабіць перашкаджаеш!

Вадапʼян часамі і не расчуе гэтых слоў, а пачуе, то моцна пакрыўдзіцца.

– Паны ўсё, трасца вашай галаве, і хваробы ў вас панскія. Нябось, папрацуй, як трэба, то будзеш спаць, хоць шыла ўваткні.

Дацэнту нічога болей не застаецца, як толькі сказаць «кулак» і на гэтым заспакоіцца. У Вадапʼяна ёсць пэўная жыццёвая задача: яму трэба перш за ўсё вырвацца з двара пана Тарбецкага, бо гэты двор паганы, сварлівы і няма дзе тут разгарнуцца. А пану Тарбецкаму плаці кожны месяц дваццаць пяць рублёў за кватэру, а згрызот тых не абабрацца. І Вадапʼян працуе, як чорны вол, каб барзджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Вадапʼян гандлюе, збірае капейку. Ад зоркага вока калектыву пана Тарбецкага нічога не можа схавацца. А хтось нават распусціў такую чутку, што сальнік купляе залатыя дзесяткі і складае іх – дзе? Трудна дадумацца: пад сучкаю Знайдаю, што прывязана каля хлява, дзе стаіць свінабоева карова.

Ну, хіба ж гэта жыццё? А тут яшчэ – сусед-асістэнт! Жыць з ім на адным двары – трэба мець цярпенне. Бяда з гэтым чалавекам ды годзі!

Як тая хвоя – зімою і летам усё адным цветам, так і гэты асістэнт: зімою і летам ходзіць усё ў адной і той жа шапцы. Цяпер такіх шапак ужо не знойдзеш. Хіба можа яшчэ ў якога старога ляснічага захавалася такая. Шырокі верх, як добры скавароднік, машастовы аколыш, сапраўдны колер якога вызначыць вельмі цяжка, бо шапка зʼявілася на свет яшчэ тады, калі склікалася першая Дзяржаўная дума. Але самае важнае, што было ў гэтай шапцы, дык гэта – засалены плех у тым месцы верху, дзе ён стыкаецца з круглым выступам галавы асістэнта. Плех быў ёмкі, бліскучы, а па яго краях ішлі вельмі замыславатыя лініі-стрэлы, як тыя прамені ад сонца. Гэты плех не проста плех, а медаль, падараваная галавою шапцы за яе верную службу.

Як чалавек адукаваны, асістэнт не можа спакойна глядзець на тую некультурнасць і неахайнасць, што бʼе ў вочы на кожным кроку. Ён прабаваў зварачаць увагу гэтых некультурных людзей на іх некультурнасць. Але, апрача непрыемнасці, нічога не выходзіла. Найбольшы ж вораг яго ў гэтым сэнсе – грамадзянін Вадапʼян. З таго часу, як пасяліўся тут свінабой, адразу нейк горш стала жыць. Куды ні павернешся, усюды так ці іначай натыкаешся на гэтыя Вадапʼянавы карэнні. То дзеці блытаюцца пад нагамі, то гэты прарэзлівы, траскучы голас свінабоевай цешчы ці жонкі рэжа вушы, то самі шнуруюць каля яго кватэры, ходзячы ў хлеў да каровы. Каля хлява пачала расці куча гною і ўсякага бруду, і на гэты бруд прыходзіцца пазіраць разоў шэсцьдзесят на дзень. Некалькі разоў зварачаў асістэнт увагу свінабоя на тое, што гной не ёсць украса двара пана Тарбецкага, што гной ёсць расаднік усякай заразы і ліха.

– Калі Бог не папусціць, то нічога благога і не здарыцца, – адказвала на гэта Вадапʼянава жонка. У такія разы асістэнт пазіраў на яе, як на заразлівую бактэрыю. І злосць брала яго. Гэтая некультурнасць і цемра калыхала яго душу да самага дна.

«Некультурнасць – найбольшае зло на свеце».

Вось тая тэза, што запаўняла цяпер усю яго істоту. З гэтаю тэзаю ён падыходзіў, як з меркаю, да зʼяў жыцця і ёю расцэньваў і тлумачыў усе яго хібы.

І горш за ўсё вось гэтая слепата, глухата, нячуласць людская да пытанняў навукі і культуры, бо калі асістэнт папрабаваў давесці, што ў кучы гною гняздзяцца шкодныя бактэрыі, ад якіх можна захварэць і памерці, то з яго проста пасмяяліся. А кравец Самабыль засмяяўся сваім глыбокім добрым смехам і сказаў:

– Я гэтыя бактэрыі зʼем, і мне нічагутка не будзе. А як загну яшчэ добрага ёршыка, то ўсе яны ў жываце павыдыхаюць.

Калі хто не ведае, што такое «ёршык», то няхай налле паўшклянкі піва і паўшклянкі самагону і выпʼе. Гэта і будзе «ёршык».

Асістэнт пачуў сваё адзіноцтва ў калектыве пана Тарбецкага, сваё акружэнне морам некультурнасці і бруду. Аб гэтым брудзе гаварыла тая ж куча гною. Яшчэ з большаю сілаю паднялося ў ім абурэнне, і гэтае абурэнне ў першую ж чаргу накіравалася на свінабоя, бо свінабой – першапрычына ўсяе гэтае гісторыі!

– Не! пакідаць гэта так нельга! – казаў сам сабе асістэнт: – я навучу вас культурнасці!

Якім спосабам навучыць культурнасці, асістэнт спачатку і сам не ведаў. Але ва ўсякім разе аб гэтым ён думаў. А покі што, ідучы ад пана Тарбецкага са збанам малака і з папяросаю ў зубах, або несучы вядро вады, ён казаў таму-сяму з суседзяў, што кішкі або каўбасы, сфабрыкаваныя Вадапʼянам, чорт ведае з чаго, ні ў якім разе нельга ўжываць, калі ты хочаш жыць на свеце. Такія гутаркі даходзілі да вушэй Вадапʼяна. Усё гэта толькі спрыяла той варожасці, што лягла між асістэнтам і свінабоем. Урэшце асістэнт надумаў ужыць супраць свінабоя цвёрдыя меры, бо мала таго, што тут ляжала куча гною, – Вадапʼян яшчэ наклаў каля кватэры асістэнта і кучу дошак. Між тым на двор пана Тарбецкага занеслася шкарлятына і якраз захварэлі дзеці Вадапʼяна.

– Вот вам рэзультаты нечыстаты і некультурнасці! – гаварыў асістэнт.

У яго ў самога былі дзеці. Трэба было бараніцца ад заразы. Зачыніў асістэнт сваю сямʼю ў кватэры. Цэлую зіму ні жонка, ні дзеці на двары не паказаліся. Але гэтага мала. Каб адрэзаць хваробам усякія дарогі ў кватэру, асістэнт прынёс фармалінавыя ляпёшкі і стаў акурваць імі ўсе хады-выхады і парогі. Нарабіў такога смуроду, што прачка Грында, – а яна жыла ў суседстве з асістэнтам, – падняла цэлы гвалт.

– Чорт яго ведае, што ён робіць! Падушыць хоча нейкаю атрутаю, газы пускаць пачаў, каб з дому ўсіх павыкурваць і самому заняць цэлы дом! Вось яшчэ скулу Бог наслаў!

Грында чакала толькі здарэння, каб прабраць асістэнта, як трэба, і вывесці яго на чыстую воду.

У выніку цвёрдых мер, прынятых асістэнтам, сюды завітаў міліцыянер. Двор пана Тарбецкага, і без таго шумны і гучны, ажывіўся яшчэ больш. Сабраўся чуць не цэлы мітынг. У той час, калі асістэнт выкладаў стан і сутнасць справы міліцыянеру, падышоў і сам пан Тарбецкі, і ўся працэсія пад кіраўніцтвам асістэнта пашла да кучы гною. Каля гэтай кучы асістэнт прачытаў цэлую лекцыю па хіміі і з некаторых аддзелаў гігіены. Апанентам выступіла Вадапʼяніха. Яна давяла, што гной – факт звычайны, што на холадзе ён нават і смуроду не мае, а прыйдзе вясна, яго з ахвотаю людзі купяць. А цяпер дзе ж яго падзець? Не палажыць жа на галаву асістэнту. Уся грамада, асабліва прачка Грында, выразна сталі на бок апаненткі.

– Вялікія паны завяліся, на гной пазіраць не могуць! Куды ж гной цяпер дзець? Ён жа – мёрзлы! – прачка Грында ўзяла зразу высокі тон: – Вучоныя! калі ён табе не міл, дык не пазірай на яго, а калі ён табе смярдзіць – заткні свой вучоны нос!.. А сам ты не робіш смуроду? Якою ты атрутаю карыдор абкурваў і абкурваеш? Людзей труціш, прайці нельга, а яму гной тут смярдзіць!.. Ведаем цябе! Годзі ўжо! Досыць нас буржуі мучылі! Не для таго іх скінулі, каб пасадзіць сабе на шыю новых!

Націск на асістэнта быў такі энергічны і напорны, што міліцыянер толькі сказаў:

– Гной трэба прыбраць.

– Не будзе яго, вядома, прыбярэцца, т. міліцыянер!

Што ж датычыць дошак, то цяпер гэта быў такі нікчэмны козыр у руках асістэнта, што аб іх не варта было і губы расчыняць. Міліцыянер выйшаў з двара, а асістэнт змушан быў прызнаць сваё паражэнне, але ён усё ж такі астаўся пры сваёй думцы, што найбольшае зло на свеце – некультурнасць. І асістэнт зачыніўся ў сваёй кватэры і акурваў яе фармалінавымі ляпёшкамі, каб засцерагчыся ад заразы.

 

 

III

 

Калі не больш, то ва ўсякім разе і не менш ад Вадапʼяна, была занята работаю і сама пані Тарбецкая. Гэта добрая, ціхая жанчына, здаецца, на тое толькі і створаная, каб працаваць. Яна галоўным чынам назірае за парадкам на двары, падмятае яго, скрабе, чысціць, ходзіць за кароваю, выконвае самую брудную работу па ачыстцы самых гіблых закуткаў свайго двара. Яе ж рукамі робіцца работа і ў садзе, і ў агародзе. І робіць сваю работу ціха, без шуму і крыку. Яна ж першаю адгукнецца на ўсякае няшчаснае здарэнне на двары. А на двары бывалі ўсякія здарэнні.

Салюта, жонка электрафікатара, прачнулася рана і ніяк не магла ўжо заснуць. Звычайна яна ў такія мінуты думала аб амбулаторыях. А сёння якраз і Ганна яе штось кашлянула нядобра. Трэба павесці яе паказаць дактарам, але ці не лепей запісаць яго на дом? Ва ўсякім разе справу гэтую яна развязала, і тым не меней у яе на сэрцы чамусь не было спакою. Нешта як бы карцела, але што – ніяк не магла сцяміць. Перабірала ў памяці і тое, і гэтае, – не, чагось не хапае. І раптам яе асвятліла: ляжак на гары праваліўся! Праўда, не іх ляжак, а ляжак іх суседа-кватаранта, санітара. Нягледзячы на тое, што правал у лежаку пагражаў пажарам, санітар і вухам не вёў: ёсць гаспадар, пан Тарбецкі, – няхай ён яго і правіць. А калі загарыцца дом, дык чорт яго бяры!

Салюта цяпер думае, як быць з гэтым лежаком. Прадумала яна з гадзіну, покі не прачнуўся электрафікатар.

– А ўсячаскі непрыятна з ім, – сказаў пасля некаторага разважання электрафікатар.

– Воченна дажа нават непрыятна, – пацвердзіла і жонка.

Устаўшы, электрафікатар пайшоў да санітара, балазе жыў ён блізка – праз дзверы. Павёўшы рукою па вусах, электрафікатар сказаў:

– Ну, што рабіць з лежаком? Трэба даваць якую раду: дым, іскры і агонь на гору валяць. Пажар можа быць. І дзе ты потым дзенешся?.. Нядобра брат.

– А чорт яго бяры: няхай гарыць! – панура адказаў санітар і ў вочы суседу не глядзіць. Ён гатаваў дробных паленцаў, збіраючыся раскладаць агонь на прыпеку.

– Гаспадар ёсць – няхай правіць, – уставіла слова санітарыха.

– Гаспадар кажа, што вы самі вінаваты: неакуратна ў печы паліце, раскладаеце на прыпеку агонь. Дый гаспадару што? Згарыць дом, страхоўку возьме. А даходу яму няма...

– Калі гаспадар не клапоціцца, то якое дзела мне? Няхай гарыць, – адказвае санітар і кладзе на прыпек паленцы.

– Давай удвух самі заложым: многа тае работы!

– Чорт яго будзе закладаць! – заладзіў сваё санітар.

Так ні да чаго і не дагаварыліся.

Электрафікатар на службу пайшоў, а Салюта на гору палезла і прастаяла ўвесь час каля лежака, покі санітарыха на прыпеку паліла. З-за гэтага праклятага лежака і амбулаторыю прыйшлося прапусціць, што з Салютаю здаралася вельмі рэдка.

«Вось жа людзі, каб на іх упадкі – злавалася на гары Салюта: пільнуй іх, каб пажару не нарабілі!»

Санітарыха скончыла паліць. Салюта злезла з гары і пайшла да суседкі, дацэнтавай жонкі, і расказала аб здарэнні з лежаком. Санітар, электрафікатар і дацэнт жылі пад адною страхою. Пажар у аднакай ступені пагражаў і электрафікатару, і дацэнту. Пачуўшы такую навіну, дацэнт спалохаўся і закіпеў злосцю на санітара: пажар ды яшчэ зімою нікому на свеце, апроч хіба санітара, не мілы. І ў дацэнта ёсць навуковыя працы, а ў пажары яны лёгка могуць прапасці. Але з санітара нічога не возьмеш. Пайшоў дацэнт да пана Тарбецкага.

Пан Тарбецкі яшчэ быў у пасцелі.

– Пане Тарбецкі! Трэба меры прымаць якія: у санітара ляжак праваліўся. Гэта ж не жарты!.. Калі вы не прымеце мер, то не гневайцеся: у міліцыю заяўлю.

Пан Тарбецкі закрахтаў і пачухаў патыліцу:

– А няхай яго халера возьме! Паліць сырымі дровамі, агонь раскладае на прыпеку. Ну, дзіва, што ляжак разваліцца! Ды яшчэ бульбу ў кахлянай печы свінні варыць... Што з кватэры зрабіў? Хлеў, свінушнік.

І пайшоў і пайшоў скардзіцца пан Тарбецкі. Дацэнт слухаў, слухаў, і злосць яго астываць пачала. Але ўрэшце ён усё ж такі напомніў пану Тарбецкаму аб міліцыі яшчэ раз.

– Дык трэба даваць нейкую раду, – сказаў пан Тарбецкі. А гэтым часам па ўсім двары стала вядома аб здарэнні з лежаком. Калі загарыцца адзін дом, то могуць пагарэць і другія. З гэтае прычыны ў лежаку быў зацікаўлен увесь калектыў пана Тарбецкага. Пры гэтым выявілася, што санітар найболей вінаваты, і агульнае нездаволенне было накіравана на яго.

Увесь гэты дзень прайшоў пад знакам санітаравага лежака. Вечарам дацэнт настроіў радыё, асядлаў галаву пружынаю і наладзіўся слухаць канцэрт, каб трохі адпачыць і забыць усе гэтыя згрызоты, звязаныя з лежаком і санітарам.

– Айро! айро! т. т. радыёслухачы! Зараз доктар Розенталь прачытае лекцыю аб санітарнай асвеце.

– Тфу! – плюнуў дацэнт і зняў пружыну: – ад санітара збегчы хацеў, а тут – санітарная асвета!

І на другі дзень ляжак заставаўся ў тым жа стане. Але санітар пачаў варушыць мазгамі, бо з усіх бакоў на яго напірала апазіцыя. Выходзіла, што ён вінаваты, і нават Грында яго не падтрымала. Але не хочацца яму за ляжак гэты брацца. У яго ёсць такое пераконанне, што ляжак павінен паправіць хто-небудзь другі. Калі не пан Тарбецкі, то электрафікатар. Дачуўшыся, што справа можа дайці да міліцыі, санітар надумаўся сам звярнуцца да яе. Па-першае, ён зніме з сябе адказнасць і, па-другое, напэўна дазнаецца юрыдычную падставу рамонту гэтага самага лежака, і адпаведна з гэтым ён возьме належную лінію захавання.

Але покі што гарачкі ён не пароў: дайці да міліцыі ён паспее. А тым часам электрафікатар, падбіваны жонкаю, – а ёй да таго ж прыйшлося патраціць адну амбулаторыю, – замысляў супраць санітара нядобрую справу: палезе на гару і забʼе ў лежаку дзірку. Тады пабачым, як ён разложыць агонь на прыпеку. Электрафікатар быў палез на гару, загатаваўшы патрэбны матэрыял. Але ён схамянуўся, што дым з кватэры санітара можа найці і ў яго кватэру. Дый колькі крыўды будзе і злосці! Няхай яго лепш халера задушыць. І электрафікатар злез з гары. Санітарысе строга сказаў:

– Ну, як сабе хочаце: забʼю ў коміне дзірку, душэцеся ў дыме.

І гэтая апазіцыя, і пагроза, і адказнасць перад суседзямі змусілі-такі санітара звярнуцца да міліцыі. Звярцеў папяросу, закурыў і пайшоў. Спыніўшыся на парозе канцылярыі, санітар кінуў вокам на адзін, на другі, на трэці стол, да каго тут лепш звярнуцца. Спыніўся на стараватым пісцу. Падыходзіць, пытаецца, расказвае пра ляжак.

Пісец быў яшчэ старое школы, і старая закваска выбівалася з-пад сівых броў і нават у самым яго поглядзе.

– Дык што ж твой ляжак – самагону напіўся? – запытаў пісец санітара. А гэтае пытанне трэба разумець так, што злачынства лежака не такога роду, каб справу аб ім разбіраць у міліцыі, што і выявілася з далейшых слоў:

– Калі ляжак не ў парадку, то трэба звярнуцца ў пажарную каманду.

Раз зрушыўшыся з месца, санітар наш раскалыхаўся і пайшоў да пажарнікаў. У яго зʼявілася ахвота давесці справу да канца.

Праз паўгадзіны санітар быў у пажарнікаў. І там расказаў справу аб лежаку. І ўрэшце паставіў пытанне рубам:

– Хто ж павінен паправіць ляжак?

– Гэта не наша дзела разбіраць, хто павінен папраўляць вам коміны. Наша дзела – тушыць пажары, і калі ты будзеш гарэць, то мы прыедзем тушыць цябе.

Санітар застаўся незадаволеным такім адказам. Ён нават пачаў у сваіх думках выказваць абурэнне на непарадкі ў савецкіх установах і чуць-чуць не дайшоў да контррэвалюцыі. Пры гэтым яму ніяк не прыйшло ў галаву, што ўся гэтая ляжачная справа не варта цвілога граша, і што варта яму патраціць толькі поўгадзіны часу, каб ліквідаваць непарадкі і не замінаць савецкім установам рабіць сваю справу. Праўда, санітар – чалавек бедны, а беднасць часта робіць чалавека злым, дурным і неўспагадным.

У той час, калі санітар уваходзіў у двор пана Тарбецкага, пані Тарбецкая якраз злазіла з гары, прычым рукі яе былі ў гліне. Покі санітар даходзіў праўды, яна замазала ляжак і гэтым самым зліквідавала пытанне аб ім. А санітар і да гэтага часу напэўна не ведае, хто ж павінен папраўляць нам лежакі!?

 

 

IV

 

Кравец Самабыль – шчыры сын зямлі. Радзіўся і вырас у вёсцы. Прафесіі свае не любіць: горкая бядота, беззямелле змусілі яго шукаць іншага спосабу да жыцця. Вынікам гэтага шукання і зʼявілася краўцоўства. Але і тут у ім выказваецца дух зямлі: Самабыль на гарадскіх не шые, ён спецыяльна абслугоўвае вёску, адкуль і мае заказы. Сярод вясковага люду аўтарытэт Самабыля, як краўца і слаўнага чалавека, стаіць надзвычайна высока. Яго бяруць чуць не з бою, каб завербаваць у сваю вёску або на свой хутар. З вёскі яму трудна вырвацца – так завальваюць работаю. Кормяць яго скваркамі, яечняю, частуюць лепшым гатункам самагону. З далёкіх вёсак прыязджаюць да яго людзі і не з пустымі рукамі, а з бутэліцаю самагону, каб мець прыемнасць выпіць яго ў кампаніі з Самабылем. Гэтую сялянскую прадукцыю Самабыль ставіць вышэй саракаградуснай. Быць можа, і тут яго густ падпарадкуецца таму ж вясковаму патрыятызму, а можа гэтая любасць да самагону выходзіць з асаблівасці яго натуры.

– Ямчэй, брат, выпіць самагону: ён табе і ў горле дзярэ, і ў жываце пячэ, і такім душком адрыгаецца!

І не дармо ж ён прымаў самы дзейны, самы гарачы ўдзел, калі быў зроблен строгі экзамен самагону і саракаградуснай. Яго прыяцель Баўтрук Шкель прывёз самагону. Было гэта тады, калі саракаградусная ў продаж выйшла. Устрывожана Шкель вынуў пляшку свае прадукцыі.

– Падсякуць, брат, заработкі мне, – казаў ён. І цікавасць узяла чалавека, у якой меры саракаградусная будзе канкурэнткаю самагону. Дасталі ачышчанай. Налілі ў чарапок, сталі падпальваць – пшыкае, а не гарыць. Павесялеў Шкель. Паднёс запалку да самагону – сінім агнём заняўся!

Самабыль і Шкель у вочы адзін аднаму паглядзелі і дружна зарагаталі – наша бярэ!

– Танней толькі прадаваць прыдзецца, – сказаў Шкель.

З радасці выпілі гарадской і вясковай. Выпіў, развесяліўся Самабыль, жартамі сыпле.

– Смычка вёскі з горадам! Ха-ха-ха-ха!

Не любіць Самабыль жыць у горадзе. І тут ён стараецца завясці сялянскі быт. У яго ёсць малюсенькі кусочак зямлі напроціў кватэры, дзе жыве. Як толькі згоніць снег, ён зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе стаіць сліва, груша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Падбярэ чысценька кожную цаглінку, кожную смяцінку, засцеле гноем зямлю, капае яе рыдлёўкаю, разбівае на градкі. Насадзіць цыбулі, буракоў, морквы. Не так гэта ўсё патрэбна яму для жыцця, як для прыемнасці працаваць на зямлі, хоць ён і апраўдваецца тым, што ў яго жывёла ёсць. І праўда, у Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Дзівяцца людзі, як размяшчае Самабыль сваю жывёлу ў такім маленечкім хлявушку. Хлеў яго называюць яшчэ Ноевым каўчэгам. І сапраўды, колькі ў ім клятушак, катушкоў, перагародачак! Мяркуе Самабыль, як тут латвей жывёлу размясціць. Надумаўся другі паверх пабудаваць. Два дні майстраваў там. На гэты паверх саломы наслаў і пачаў туды сваіх япрукоў перасяляць. Не ўсё ж свінні ў гразі качацца: няхай і свіння хоць закаштуе панскага жыцця! Але панскія палацы не па нутру прыйшліся япручкам. Пішчаць там пачалі, непакоіцца, галадоўку абʼявілі і свінячых прысмакаў не захацелі есці.

– Не, брат, – казаў тады Самабыль: – свіння – такая жывёла, што не можа ад зямлі адрывацца, ёй патрэбна зямля, як рыбе вада.

І пазнімаў сваіх япрукоў з другога паверха.

– На другім паверсе лепей козам жыць, бо козы любяць лазіць па вярхах, гэта іх спецыяльнасць. Можа там і нічога сабе было б козам, але ад свіней ішоў цяжкі дух, а козы – жывёлы далікатныя. Прыйшлося і коз адтуль забраць і ліквідаваць другі паверх. Але ж чалавек павінен вучыцца, каб на ўсё мець практыку.

– Няма мне, брат, дзе разгарнуцца. А я гэтую гаспадарку так люблю, што проста здаравею каля яе.

Уваходжваючыся каля свае «гаспадаркі», Самабыль часта зʼяўляецца сведкаю цікавых падзей, што маюць месца на двары пана Тарбецкага. Двор жа пана Тарбецкага яшчэ мае тую асаблівасць, што на ім надзвычайна многа дзяцей. Пан Тарбецкі ў сваім часе звярнуў на гэта ўвагу, нават ганарыцца гэтым, бо яго калектыў множыцца, а бяздзетным людзям часамі параіць перабрацца ў яго двор, бо ў яго няма ніводнай такой жанчыны, каб яна тут не прывяла дзіця. На гэты раз пан Тарбецкі нездаволены толькі тым, што сярод дзевяці новых членаў яго калектыву папаўся ўсяго адзін хлопец, а то ўсё дзяўчаты.

– Зганьбілі мне двор, – казаў пан Тарбецкі: – якая з дзевак карысць?

У цёплыя дні двор аж кішыць дзяцьмі. Няма тае гадзіны, каб яны не пабіліся. Пакрыўджаныя з плачам бягуць да сваіх бацькоў. Якому ж бацьку або матцы не шкода свайго дзіцяці, і заўважце – найлепшага дзіцяці? Бацька або маці, гледзячы на іх натуры ці па ступені пакрыўджанасці іх дзіцяці, бураю ўрываюцца ў кватэру бацькоў крыўдзіцеля. Вынікі ад гэтага бываюць розныя: часамі вінаватага бацькі пакараюць, а часамі заступяцца за яго і самі пасварацца. Сварка выносіцца на двор і часамі прымае зацяжны характар, а часамі пераходзіць у новую фазу свайго развіцця, канчаючыся бойкаю. Самабыль толькі тады зварачае ўвагу на сварку, калі яна вядзецца энергічна, з належнаю доляю запалу.

Тады ён адводзіць вочы ад град і кажа:

– Во, гэтыя пачалі добра!

На звычайную ж сварку адзываецца:

– Глупства: абы языком мянціць – рабіць людзям няма чаго.

З прычыны таго, што сварка – бытавая зʼява шырокага размаху, на яе трэба было б звярнуць належную ўвагу, чаго, на жаль, не робіцца дагэтуль. Літаратура таксама займаецца ёю мала, а калі і займаецца, то не так, як трэба, разглядаючы яе з надворнага боку, адзначаючы пэўныя факты. Істота ж гэтае сваркі, яе, так сказаць, дынамічнасць, яе метадычны бок застаюцца ў цені. Скажам, не высветлены такія пытанні: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба казаць наўперад, а што потым? Куды трэба пазіраць, калі лаешся з чалавекам? Якую нагу трэба выставіць наперад? Які выраз трэба даць твару? Як трымаць рукі? У які момант трэба згарнуць фігу? Калі пераходзіць ад слоў да справы, або, другімі словамі, калі кідацца ў атаку?

Да гэтага часу сваркі вяліся і вядуцца саматужным спосабам, а трэба было б злажыць простую, усім даступную, схему для практычнага карыстання ў інтарэсах эканоміі часу і фізкультурнага выхавання. Тут, здаецца, зацікаўлен і сам НОТ, павінен быць зацікаўлен.

На гэты раз мяцеж падняў Сцёпка, брат Анэты і сын прачкі Вараксы. Сцёпку восем гадоў, ходзіць ён у чырвонаармейскай шапцы. Шапка дасталася яму ад Анэцінага мужа. Гэты муж, павялічыўшы калектыў пана Тарбецкага на аднаго чалавека, зараз жа знік. Ад яго засталася тут адна шапка да вось гэты «алімент». З выгляду Сцёпка ціхі хлопчык, але ваяцкага запалу ў ім досыць многа. Можа ў гэтым трохі вінавата чырвонаармейская шапка, якая па сваёй ужо прафесіі абавязвае да ваяцкасці. Ваяцкасць малога Сцёпкі выявілася ў тым, што ён даў у зубы санітарысінай дачцэ і засыпаў пяском вочы Вадапʼянаваму сыну – дубальтовае злачынства! На Сцёпку напалі санітарыха і Пронька, сястра Вадапʼяніхі, дзяўчына гадоў пад сорак. Варакса і Анэта кінуліся ратаваць Сцёпку. Падняўся гармідар. Сварка зараз жа адхілілася ад сваіх абʼектаў і пайшла па другому кірунку. Пронька счапілася з Анэтаю, а санітарыха з Вараксаю. Але ў працэсе сваркі пары мяняліся, як часамі гэта робіцца ў некаторых танцах.

– Пагналася за камуністам, а ён табе во што паказаў! – забалабаніла Пронька, згарнула фігу і сунула яе ў бок Анэты ды сыпала далей: – на чорта ж ты яму здалася! Ці ён сабе не знойдзе? Свісне – дваццаць прыбяжыць такіх, як ты.

– А ты сама свістала, ды нічога не высвістала, – асеклася Анэта.

А Пронька сваё гнула.

– Замуж выйшла, дзіця маеш! Тваё дзіця трэба клікаць – цю-цю-цю-цю! бо яго не хрысціў ні поп, ні ксёндз, ні рабін... Жонка камуніста!.. Думаеш – дзіця не ахрысціла, дык да цябе вернецца? Трасцу!

Балючыя гэта словы для Анэты.

– Заві сабе маё дзіця, як хочаш: ад сукі сучкіна і пачуеш, але я сваё дзіця гадую. А ты дзе сваё дзела? Куды яго ўкінула? Думаеш, ніхто не ведае, на якую хваробу ты хварэла?

Пронька раптам збялела, а потым агнём загарэлася.

– Што ты брэшаш, сякая такая?! Дайце нож, я яе зарэжу! – крыкнула Пронька і кінулася на Анэту. Анэта – наўцёкі. Потым раптам спынілася і сама рынулася на Проньку. Пронька, у сваю чаргу, задала драла. Так яны ганяліся адна за другою разоў восем: то да калодзежа, то ад калодзежа.

– Бі смярдзюху гэтую! – крычала санітарыха.

– А ты ідзі прытулкі абкрадаць! – кінула ёй Анэта набягу.

Пронька асмелілася і зноў наскочыла на Анэту. Тут і счапіліся і за валасы паўпляталіся. Санітарыха на дапамогу падскочыла. Варакса таксама рынулася ў атаку. Рвануўшы па разу за чубы, жанчыны, як бы папалохаўшыся, адскочылі адны ад адных. Малыя дзеці лямант паднялі. Але бойка на гэтым не скончылася. Тут зброя патрэбна. Анэце першай падвярнуўся пад рукі аскабалак. Шпурнула попускам у Проньку. Аскабалак загуў каля яе ног, адскочыў і папаў у санітарыху. Санітарыха павалілася на зямлю каля калодзежа.

– Ой, забіла мяне, забіла! Ратуйце, людзі, забіла! – ляжыць санітарыха і галосіць.

Прачка Грында ўвесь час стаіць у акне свае галубятні і наглядае гэтую бойку. Яна там робіць сама сабе ўвагі, як генерал-стратэг нейтральнай дзяржавы, стоячы з боку ад вайны і сочачы за яе развіццём і за памылкамі генеральных штабаў.

Убачыўшы санітарыху на зямлі і пачуўшы, як яна галосіць, Грында не можа болей маўчаць.

– Калі цябе забілі, то чаго ж ты крычыш? – пытае яна з гары: – раз забітая, дык трэба маўчаць... Тфу! – плюе яна ў акно.

Прыпыніў сваю работу і Самабыль. Уткнуў рыдлёўку ў зямлю і пазірае. Часамі ён заліваецца смехам уголас, а часамі проста смяецца моўчкі. Урэшце зазначае:

– Разышліся бабы!.. Але ж падлы, і біцца не ўмеюць... Ну, якраз, як курыцы!.. А бадай вы пагарэлі!.. Смех і бяда!

Потым ён бярэ рыдлёўку і капае.

Калі праз некаторы час усё аціхла, хлапчукі з двара пана Тарбецкага спявалі песню:

 

 

Ой, тут здарылася драка,

Ака-ака-ака!

Гусь пабілася з свіннёй!

Ёй-ёй-ёй!

Куры рынулі ў атаку,

Таку-таку-таку!

Закіпеў крывавы бой!

Бой-бой-бой!

 

 

 

V

 

Швачка Самабыліха – рэдкі чалавек і найболей папулярны член калектыву пана Тарбецкага. Калі кравец Самабыль увасабляе сялянскасць, то Самабыліха зʼяўляецца чалавекам пераважна універсальным. Хто не ведае швачкі Самабыліхі, і каго не ведае Самабыліха? Яе ведае Украіна, Данбас, Сібір, Масква, Заходняя Беларусь, і хто прыязджае з гэтых далёкіх месц у сталіцу Беларусі, то першым чынам зʼяўляецца да Самабыліхі, каб пры яе дапамозе ўвайсці ў курс справы і адпаведна з гэтым прыняць належныя крокі. Дактары ўсіх медыцынскіх галін, адвакаты, прафесары, грамадскія дзеячы, камісары і проста партыйныя людзі, паэты, мастакі, артысты, міласэрныя сёстры, папы і ксяндзы, мяшчане, сяляне, чыгуначнікі, гандляры, спекулянты і людзі іншых прафесій і сацыяльных груп складаюць звычайны круг знаёмства швачкі Самабыліхі. Ніхто, як яна, не дасць табе дарады і не паможа табе ў цяжкую мінуту жыцця, і няма на свеце такой труднай задачы, перад якой спасавала б швачка Самабыліха. І нават калі б да яе звярнуўся Пілсудскі, зрабіўшы пераварот у Польшчы, з такім запытаннем:

– Парай ты мне, Самабыліха, каго мне назначыць у міністры? – то яна, вокам не міргнуўшы, па пальцах пералічыла б яму кандыдатаў.

Пачаць хоць бы з яе прафесіі. Хто б толькі ні звярнуўся да Самабыліхі з просьбай прыняць заказ і выпаўніць яго ў самы кароткі тэрмін, яна скажа:

– Ну, добра: прыходзь, будзе гатова.

Такіх заказаў набіраецца ў яе многа, і ніводнага з іх не выпаўніць яна ў тэрмін. Прыходзяць адна за другой заказчыцы і ні з чым варочаюцца назад, і варочаюцца без усякай злосці на яе, бо яна ўжо выставіць такія прычыны, перад якімі і мусіць скарыцца самая непакорная галава.

Прыносіць раз маладая будачніца шоўкавую спадніцу – на хлеб яе выменяла – парадзіцца з Самабыліхай, што можна зрабіць з спадніцы.

Самабыліха перакінула сюды-туды гэтую спадніцу.

– Вось ведаеш, сястрыца, што? Пакінь ты яе ў мяне: я табе набяру за яе на капоцік саціну, а мне яна пойдзе на адштукоўку.

– Добра, — згаджаецца будачніца.

– Ну, вот.

Самабыліха зараз жа бярэ «сантыметр», тут жа здымае мерку.

– Прыходзь паслязаўтра, будзе капоцік!

Будачніца счакала з тыдзень, прыходзіць па капот. У Самабыліхі быў сіні матэрыял, санітарыха прынесла на плацце сабе.

– Вось паглядзі, які матэрыял набрала табе, – паказвае ёй санітарыхін матэрыял, – бачыш, які моцны! – рве яго і парваць не можа.

Разглядае будачніца, цешыцца.

– Добра! – кажа з вясёлай мінаю.

– Ну, я ж табе казала, што будзеш мець капоцік. Але ведаеш, сястрыца, прыехала Ганна Лагуноўская, над каркам стаяла, каб дзецям сукенкі пашыла, – не мела часу пашыць табе. Ну, але нічога: прыходзь у тую нядзелю – будзе гатова.

Праз месяц зноў прыходзіць будачніца.

– Ну, як жа, Самабыліха, капоцік?

Самабыліха трасе гаротна галавой.

– Ведаеш, сястрыца, што? Украла той сацінік мая дзеўка, каб яе халера! Украла і сама прапала!

Будачніца ўздыхнула.

– Ну, але я табе сказала – пашыю, дык будзь спакойна – пашыю... Што ты зробіш?! Прапала маё!

Прыйшла будачніца ўжо месяцы праз чатыры.

– От каб іх халера, гэтыя гандляры! – спаткала Самабыліха будачніцу і рукамі замахала. – Набрала табе ў Левіна саціну. Лепшы яшчэ за той! Прынесла дадому, разгарнула – аж там дзве вялікія дзіркі: вала працягнеш! Панесла яго назад і кінула яму ў морду.

Будачніца толькі слухала, уздыхала ды галавою ківала. Прайшоў год і некалькі месяцаў, покі дачакалася яна капота. І Самабыліха сказала ёй:

– Вось бачыш, сястрыца. Хоць і доўга чакала, затое ж маеш цяпер новы капот. А так бы знасіла даўно і забылася б аб ім.

Хто не згодзіцца, што гэта не праўда?

Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Год пройдзе, два і болей, але што яна паабяцае, то ўжо зробіць. Гэтым і можна растлумачыць, чаму ўсе члены калектыву пана Тарбецкага, так добра ведаючы Самабыліху як чалавека з багатай фантазіяй і з нахіленнем да розных камбінацый, зварачаюцца да яе, калі каму прыходзіцца крута.

Так было і з дацэнтам. Збіраўся дацэнт адсвяткаваць сваё нейкае свята. Гарэлкі не было, і дастаць спірытусу было надзвычайна цяжка, а выпіць хацелася. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек пʼяным рабіўся. Не было толькі ў дацэнта соладу, і дзе дастаць яго, па сваёй вучонасці ён не ведаў. Нягледзячы на тое, што ён зарокся да Самабыліхі за паслугамі зварачацца, прыйшоў-такі да яе.

– Вось глупства! – і засмяялася зняважлівым смехам Самабыліха. – Каб чаго добрага – соладу! Я сама нагатую столькі, што хоць бровар адчыняй. Жыта ёсць, намачу, прарашчу, высушу, занясу ў млын, змялю – і вары колькі хочаш, хоць пуп расперажы!

Дзён за дзесяць да таго дня, калі трэба было варыць брагу, запытаў дацэнт пра солад.

– На печы жыта сушыцца! Паслязаўтра і солад будзе.

«Паслязаўтра» аказалася, што солад у печы сушыцца.

– А ён жа ў цябе на печы сушыўся? – занепакоіўся дацэнт.

Самабыліха пальцам ткнула ў дацэнта.

– Чалавек! Трэба, каб на солад жыта ў печы паджарылася. Не верыш? Ідзі паглядзі! Толькі мой Самабыль не любіць, калі хто печ адчыняе, бо там яго тытун сушыцца на блясе.

Нарэшце прыносіць Самабыліха солад. Але дацэнт і да гэтага часу не ведае, з чаго быў прыгатаваны Самабыліхін «солад». А гэта проста быў змелен у ручным млынку падгараны авёс, і брагі з яго не выйшла. А калі дацэнт, угневаны, стаў выкідаць усё гэта Самабылісе на вока, то яна сказала:

– Бо ты забыў свой рэцэпт, дык і брага не выйшла.

Марыся Шпала – жанчына хітрая і прабеглая, але і яна папалася на Самабыліхіну вудачку.

– Вось ведаеш, сястрыца, – сказала ёй Самабыліха, сустрэўшы каля калодзежа, – заўтра Сёмуха, а ў мяне – ні масла, ні малака, ні яечка. Няма чаго ў цеста палажыць, хацела піражок спячы. Ведаеш што: пазыч мне яец, а я табе спяку булачку.

Пагналася на піражок Марыся. У яе былі куры, і яечкі ў запасе вадзіліся.

– На, вазьмі, – вынесла яна паўдзесятка яец.

Спякла Самабыліха булкі. Прыходзіць назаўтра Марыся.

– Ці ведаеш, мая сястрыца, што? Вось калі не шанцуе, дык не шанцуе: пасадзіла ў печ булкі ды забылася, а мой Самабыль – вось чалавек і не сляпы здаецца! – наклаў туды дроў і печ падпаліў. Усе булкі пагарэлі, адны толькі бляхі засталіся.

Адным словам, не было таго чалавека ў калектыве пана Тарбецкага, якога не павадзіла б за нос Самабыліха. І тым не меней аўтарытэт яе ад гэтага ніколечкі не парушаўся, бо гэта проста была ўжо такая патрэба яе натуры. Але было ў ёй і нешта такое, што прымушала адносіцца да яе з павагай.

Ніхто не адгукнецца з такой чуткасцю да чужога гора, як швачка Самабыліха. І калі здараецца такая патрэба, што прыходзіцца сапраўды дапамагчы каму, то яна кіне сваю кватэру, работу, дзяцей і Самабыля і будзе цэлы дзень хадзіць з табою па ўстановах, дабіваючыся права і абароны. Яна, як ніхто, дасць належную параду, накіруе ў адпаведнае месца і, нягледзячы на сваю непісьменнасць, ведае не горш за адваката кодэкс законаў. У яе ж знаходзяць прыпынак людзі, пакрыўджаныя жыццём, часта чужыя і мала знаёмыя ёй, галота, што не мае дзе прыхіліць галаву і зацяць за што рук.

А калі возьмецца яна за работу, то гэтая работа гарыць у яе руках. У яе багатая памяць, назіральнасць і крытычны падход да справы. Ад яе можна даведацца гісторыю двара пана Тарбецкага. А гісторыя гэтая – багатая і цікавая, і выходзіць яна далёка за межы двара. Я не буду чапаць яе тут, спадзеючыся, што яе напішуць гісторыкі, спецы, якім таксама здаралася быць членамі калектыву пана Тарбецкага.

Ніхто, як Самабыліха, не ведае і закулісных падзей у гэтым калектыве, калі члены яго, завёўшы між сабою зацяжную і зацятую сварку, наймаюць прачку Грынду і Марысю Шпалу, каб яны, як спецы свае справы, дапяклі іх праціўнікам сваімі сібірнымі языкамі. У заключэнне прыходзіцца пашкадаваць, што наш жанаддзел да гэтага часу не залучыў у свае рады швачкі Самабыліхі, бо ў яе асобе ён траціць значны элемент.

 

 

VI

 

Самы ціхі, самы забіты, загнаны і малапрыметны член калектыву пана Тарбецкага гэта – поп Лагода. Жыве ён дзесь па суседству з прачкаю Грындаю. Ходзіць ціхенька, апусціўшы ў землю вочы, і стараецца як мага меней пападацца людзям на вочы, як бы ён зрабіў нейкае цяжкое злачынства. Акуратна перад кожным святам у паложаны час ціха выходзіць ён з двара, пануры, замкнуты, посны.

Што ён думае, ідучы на набажэнства? Напэўна аб тым, колькі перападзе на яго долю медзякоў, каб купіць на іх самае патрэбнае, без чаго так цяжка жыць. А можа папракае сябе, што памыліўся і пайшоў у папы і што памылку сваю трудна паправіць, бо ў яго няма жыццёвага спрыту. Часамі яго думкі рассунуць вузкія межы горкай праўды і разгорнуць перад яго вачамі траячку або нават і цэлы чырвонец з сярпом і молатам у прыгожым вяночку. Тады вочы яго засвецяцца радасцю і надзеямі, і ногі цвярдзей ступаюць па гэтай грэшнай зямлі, дзе ні папу, ні Богу цяпер няма разгону. Другіх думак амаль і не бывае ў Лагоды. Але скупы сталі людзі, адпала іх шчырасць да царквы, і ў пустых яе сценах разносіцца глуха і вяла голас прафесіянала, страціўшага грунт пад нагамі. І вера без грошай, як і лампадка без масла, чэзне і гасне.

Зацягвае Лагода «мірам госпаду памолімся»: халодныя муры падхопліваюць яго дзервяны голас і нейкім жудасным гудам кідаюць яго ад сцяны да сцяны, покі ён не прападзе ўгары. Пуста ў цэркві. Мала народу. Некалькі стоптаных бабулек ды мужчын прыйшло сюды, каб падбаць аб сваёй душы, бо іх дарогі падыходзяць да дзвярэй «таго свету». Маркотна Лагодзе. І думак аб Богу няма. На здзек, на пакуту пакінуў ён сваіх служак... А можа і праўду кажуць бальшавікі, што Бога няма? Розум у Лагоды нешырокі і неглыбокі. І вера яго не мае ніякага грунту, ніякай апоры. Ён толькі ведае, што яму цяжка, што з гэтых бабулек карысць малая, і гэтае набажэнства нічога не дасць яму. Скончыўшы службу і падлічыўшы заработак, Лагода яшчэ больш пануры варочаецца ў двор пана Тарбецкага, дзе яго чакае жонка... Невесела ўсё ж такі ў іх кватэрцы!

Марыся Шпала, звычайна вясёлая жанчына, прыходзіць да жонкі дацэнта. Засмучана кабета. І кажа яна:

– Вы не пашкадуеце даць на ахвяру?

І слёзы паказаліся на Марысіных вачах.

– На якую ахвяру? – затрывожылася дацэнтава жонка.

– Не пытайцеся. Можаце даць, то дайце!

– Што здарылася?

Марыся азірнулася і прыдушаным голасам сказала:

– Ой, мая мілая!.. Поп!.. Без хлеба сядзіць! Няма за што дзіцяці малака купіць... Ой, як жа яны, бедныя, гаруюць! Ну, як жа ім на свеце жыць? Шэсцьдзесят капеек у тыдзень з цэрквы мае!

Марыся заплакала.

Узяўшы «ахвяру», яна таямнічна і ціха прамовіла:

– Толькі ж нікому нічога – ні мур-мур! ані шэп!

Марыся абышла ўсе кватэры, збіраючы «ахвяры» для папа Лагоды.

Марыся Шпала нідзе не служыць, заработкаў не мае, а нейк жыве сама і дзяцей гадуе. На якія сродкі жыве, калектыў пана Тарбецкага не ведае. А калі хто ведае, то маўчыць. І наогул у калектыве ёсць такія асобы, якіх лічым зусім не такімі, як яны ёсць.

Вось хоць бы і прачка Грында. З выгляду яна простая, жорсткая жанчына, з распусным языком. А прыглядзецца да яе бліжэй, у яе знойдзеш многа самых такіх неспадзяваных рыс. У яе надзвычайна многа мяккасці і ласкі. Сваіх парасятак яна ніколі не кране пальцам. Выганяе іх пасвіць і называе іх «дзетачкі». Калі хто крыкне на яе свінню, яна зверне ўвагу, што гэтым крыкам можна перапалохаць бедную жывёлу, супакойвае яе, чухае пад чэравам і за вушамі.

– Дзёдзечка мая, дзёдзечка! Не палохайся, мілая! Спалохалі маю залатую, маю любую! Не бойся, не бойся!

Нікому ў крыўду не дасць свае жывёлы. А як яна даглядае яе! У хляве заўсёды суха. Разам з свіннямі Грынды стаіць дацэнтава каза, адгароджаная тонкаю перагародкаю. Дзівіцца дацэнтава дзяўчына, чаму гэта ў казы мокра, а ў свіней суха. І саломы ж яна падсцілае. Куды дзяецца гэтая салома? Няўжо яе каза зʼядае? Потым заўважыла дзяўчына, што ў казы шпарка гною прыбывае, а ў Грындзіных свіней усё ў адной меры. І яшчэ заўважыла яна, што яе каза пачала настойваць свіны гной. І пачалося новае змаганне ў калектыве пана Тарбецкага. Зацятая і дацэнтава дзяўчына, хоць многа крычаць і гаварыць не любіць. Кожную раніцу свіны гной у казіным хляве перакідаецца туды, адкуль ён і выйшаў. Доўгі час перакідаўся гэты гной з аднае загарадкі ў другую, перакідаўся моўчкі. Словам – вайна вялася на «истощение», як казалі ў нямецкую вайну. І пераможцам павінен аказацца той, у каго нервы крапчэйшыя, як казаў Гіндэнбург.

Больш крэпкія нервы аказаліся ў дзяўчыны.

Бачыць Грында, што іх вайне канца не відаць. Прыходзіць яна ў той час, калі Вольга корму казе давала.

– На што ты гной перакідаеш у маю загарадку?

– Калі вы яшчэ хоць раз перакінеце свіны гной сюды, то гэты гной я перакіну не ў вашу загарадку, а вашым свінням у карыта, – заўзята адказала Вольга.

– Глядзі, каб я табе за каўнер не накідала! – пагразіла Грында.

– Папробуй! – дзёрзка адказала Вольга і стала ў позу. Гэтая дзёрзкасць і малады задор, а таксама і карчавітасць складу дзяўчыны зрабілі сваё. Напэўна тут мела значэнне яшчэ і тое, што вінавата была яна, Грында. І канфлікт на гэтым і скончыўся, а гной ужо выкідваўся на двор у тую кучу, што прывяла ў абурэнне асістэнта.

Дзівіліся людзі, даведаўшыся аб гэтым канфлікце, чаму Грында Вольцы ўступіла. Ніяк гэта не ўкладвалася ў прадстаўленне аб Грындзе. За некалькі дзён да канфлікту і пасля яго Грында хадзіла аціхшая і як бы чымся засмучаная. У яе была нейкая трывожная, затоеная думка. І голасу яе на дварэ не чуваць стала.

Раз нейк ранічкаю заходзіць Грында да жонкі дацэнта. Завяла наўперад гутарку, што Вольга слаба казу даглядае, што казе трэба разнастайны корм. Ну, але гэта гутарка вялася так сабе, між іншым. Урэшце, Грында запыталася:

– Вы не чулі... дэкрэт такі быў, каб высяляць паноў з Беларусі, што жывуць каля граніцы. Што гэта за дэкрэт такі?

– Быў такі дэкрэт...

Грында кашлянула і ціха сказала:

– Баюся, каб і мяне не выслалі...

Дацэнтава жонка шырока раскрыла вочы.

– Вас?!

– Вы ж не ведаеце: я з роду графоў!.. Вы не глядзіце, мой бацька – самы настаяшчы граф. У Менску цэлы квартал дамоў у яго быў. Ды спіўся, сукін сын, папрапіваў усе дамы. А я бялізну мыю. І цяпер баюся, каб не выслалі.

– А хіба вы зарэгістраваны, як графіня?

– Ніхто не ведае, што мой бацька граф, але ж могуць даведацца.

Пазірала дацэнтава жонка на «графіню» Грынду і душылася смехам. А Грында, як бы хочучы давесці, што яна зусім савецкі чалавек, расказвала, як у 1905 годзе яна служыла на вінным складзе і прымала ўдзел у рэвалюцыі і ў забастоўках, як за ёю ганяліся казакі, каб арыштаваць, і як яна хавалася ад іх і дзе? у Свіслачы!

Вось якія людзі ў калектыве пана Тарбецкага.

Тут паказан іх толькі надворны бок, але за гэтаю надворнасцю, што выклікае наш смех, часта хаваецца глыбокі трагізм людскога жыцця.

[1926, 1952]


[1926,1952]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6