epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Калгаснае

1. Старой вёсцы
2. Бабулька
3. Кулак
  Жальба
  Агітацыя
4. Сялянка
5. Серадняк
6. Бядняк
7. Моладзь


1. Старой вёсцы

Убогая, старая вёска!

Ты ў рызманах, ты ўся ў саломе,

Пануе цемра ў тваім доме,

А ты стаіш на пераломе,

Шкадуеш выцвіўшай палоскі.

 

Вякамі доўгімі гарліва,

Пад звон гнусавы стромкай вежы

Ты вартавала свае межы.

Зямлю саха і смык мярэжыў.

А што ты мела з свайго жніва?

 

Гібела, гнулася ў прыгоне

Пад вечным страхам і смугою,

Сама сабе была рабою —

Зямля валодала табою,

А ты была ў яе палоне.

 

Твае сыны і твае дочкі

Жылі, як чэрві, ў брудзе, пыле

Ды марнавалі сваю сілу.

Зямля за працу так дарыла,

Што беглі вон з яе упрочкі.

 

Аб чым жа смуцішся, старая?

Ці так надбала ты багацця

У цемры вечнага пракляцця?

Дык смела ўперад, смела, брацці!

Жыццё старое адмірае!

 

Чаго жалець табе, гаротнай?

Загонаў, дзе цвіце свірэпа,

Смыка, сахі, сярпа і цэпа,

Каб так чапляцца за іх слепа?

Пара іх кінуць беззваротна!

 

Зірні наперад зоркім вокам

У наша сённяшняе ранне,

Вітай дня новага світанне,

Ідзі машынам на спатканне,

Ды грамадою, цвёрдым крокам!

 

«Мая зямля», «мой поплаў», «паша»,

«Мой луг», «мой конь», «мае каровы» —

Злінялыя, старыя словы!

Пара, пара даць сэнс ім новы:

Змяніць іх час на «наш» і «наша»!

 

 

 

2. Бабулька

 

Гаруе бабулька — вось часы дык часы!

І што гэта будзе? Загубяць калгасы!

 

І межачкі знікнуць, змяшаецца поле,

І зёлак не знойдзеш, каб вылечыць болі.

 

Лячыцца не пойдзе ніхто да бабулі,

Не будзе, як кажуць, уткнуць дзе цыбулі.

 

У свой агародчык не выйду ніколі,

І ўсе мае сцежкі загубяцца ў полі.

 

І што гэта будзе? Ой, што гэта будзе?

Народ збіўся з тропу, збянтэжаны людзі.

 

Прапаў заработак, прапаў ён навекі,

Бо верыць не будуць ні ў шэпты, ні ў лекі!

 

А чутак жа, чутак якіх у народзе!..

Ох, Божачка-Божа! Зацьменне ды годзе!

 

 

 

3. Кулак

 

 

Жальба

 

Мяне ашальмавалі —

Заможнік я, кулак!

Як шчэпка ў перавале,

Плыву я, небарак!

 

А дзе маё прыстанне,

Парогі-берагі?

За што мне пакаранне?

Не збыцца мне тугі!

 

Дабро маё — няшчасце,

Стараннасць мая — грэх!

Вакол мяне напасці,

Галёканне і брэх,

 

Што вораг я дзяржаве

І недруг ёй ліхі,

І што калгаснай справе

Варожы я, глухі!

 

І гоняць на бадзянне

З сямʼі працоўных мас...

Няпраўда, грамадзяне, —

Вітаю я калгас!

 

 

Ён жа

 

 

Агітацыя

 

І што яны робяць, варʼяты?

Новы заводзяць прыгон:

Воля касуецца, святы,

Ты ж запрагайся ў фургон!

 

Хамут надзявай і ярмо ты,

Трактарам будзь і канём.

Гэта, брат, толькі — грымоты,

Але прысмаліць агнём!

Цівунам стануць ячэйкі,

Будзе аконам і пан...

Вось табе новыя рэйкі,

Перабудовы іх план!

 

Будзеш сядзець на пайку ты,

Жыць па загаду ўвесь час,

А ўласнай не будзе мінуты, –

Вось што такое калгас!

 

На рынак ты не паедзеш,

Сабе не наробіш каўбас.

Высмакча мозаг, суседзе,

Выцягне жылы калгас.

 

 

 

4. Сялянка

 

І праўда, галубкі, качаемся ў брудзе!

Пара нам, сялянкам, выходзіць у людзі,

Пара, мае мілыя, час!

 

Паганая доля і лёс наш жаночы:

Сядзі над кудзеляй, сляпі свае вочы,

Рабі тры работы зараз!

 

Важдайся з малымі ды тупай пры печы,

Капайся, хапайся за розныя рэчы

У хаце, у свірне, хляве.

 

І ўсюды паспей ты, і ўсё даглядзі ты,

Ну, свет табе белы засланы, закрыты,

Аж проста гудзе ў галаве!

 

І праха, і ткаха, і швачка, і жнейка,

А працы не ставяць ні ў грош, ні ў капейку,

Ці ж гэта не крыўда, жанкі!

 

Дык слухайце, Зося, Марыся і Кася.

Дальбог жа, нам будзе палёгка ў калгасе.

Запісвайся, сход гаманкі!

 

 

Ці ж блага, што дзеці жыць будуць у садзе,

Як красачкі-кветкі у добрым даглядзе,

І лішніх не будзе клапот?

 

Ці блага, што самі падвучымся трохі,

Не будзем такія, як ёсць, замазохі?..

Кладзі рэзалюцыю, сход!

 

 

 

5. Серадняк

 

Па чыну мне паложана,

Як ёсць я серадняк,

Глядзець на ўсё ўстрывожана

І думаць так і сяк.

 

Такая катавасія,

Аж пыл курыць і дым!

Не жартачкі — калгасія,

Падумаць ёсць над чым!

 

Ды чорт жа яго ведае,

Адкуль расце нага

І што з чаго паследуе, —

Няпэўнасць і смуга!

 

Не месціцца і ў розуме,

Як будзе ўсё яно,

Ды погляду цвярозаму

І збоку лепш відно.

 

Драбнее ўсё фамілія,

І множацца двары, —

Дабра з такой кадрыліі

Няма, гаспадары!

 

Людская сіла дробіцца,

І што тут ні талкуй,

А з нас, выходзіць, робіцца

Буржуй-індывідуй.

 

Буржуй, калені голыя

І латаны кажух.

На думкі невясёлыя

Наводзіць гэты зух!

 

Сядзіць, як грак на дворыку,

Як цецер на дубе.

Карысці ж з тых сцізорыкаў

Ні людзям, ні сабе.

 

Ізноў жа, людзі плодзяцца,

Зямля ж — яна адна.

Вось тут жа і прыходзіцца

Спусціцца аж да дна.

 

Па часці пладавітасці

Спаборніцтва у нас.

Дыктуе ўсё без літасці —

Запісвайся ў калгас!

 

 

 

6. Бядняк

 

Вось я — бядняк. Ці траплю стаць на ногі?

Ці акрыяю сам?

У калектыў вядуць мае дарогі —

Я — сіла буду там!

 

Збяруцца нас мільёны ў калектывы,

Рабочых і сялян,

А наш саюз — паток адзін бурлівы,

Непераможны стан.

 

Будаўнікі Савецкае краіны,

Ратаі, кавалі,

Мы створым новы свет і новыя пуціны

Праложым на зямлі!

 

 

 

7. Моладзь

 

Мы не хочам жыць так далей,

Як жылі нашы дзяды.

Смелым ходам, дружнай хваляй

 

У калгас мы ўсе павалім

Пад напеў наш малады!

 

І зямлю мы разгародзім,

Межы выкінем з палёў,

Жыць замкнута досыць, годзе!

Мы — імклівае разводдзе,

Загародкі ўсе — далоў!

 

Прэч саломенныя стрэхі,

Цесны двор і катухі!

Мы другія ставім вехі:

Камунізм гудзе нам рэхам

І паказвае шляхі.

 

Трактар будзе наша зброя,

Сіла — моладасць, парыў.

На работу сыпнем роем,

Свет нанова перакроім,

Дык жыві ж ты, калектыў!

 

[1930]


[1930]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938