epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Калымага вайны

Ад сталіцы да сталіцы,

З краю ў край

Ходзяць чуткі — навальніцы

Зноў чакай.

 

Бляск пагульвае крывавы

Ў пушчы хмар,

Голад скаліцца кастлявы:

Дай ахвяр!

 

План складаюць злыя сілы

Патайны.

Лічыць труны і магілы

Здань вайны.

 

На Саветы зрок пражоры

Косіць звер —

Майстар «расавых тэорый»,

Фюрэр гер.

 

Злыган з ім і Мусаліні,

Самурай.

На чужыя квапяць скрыні,

Дык зважай!

 

Кроў людская землі росіць

Трох краін!

Пан Бек стаўся «шворнам» восі

Рым — Берлін.

 

Тарахціць вайны павозка

Скрыпам злым,

Аж з-пад «шворна і падоска»

Ідзе дым.

Дык няхай на лбе запішуць

Ездакі:

Зломяць голаў, зубы скрышаць

Бандзюкі.

 

Разляцяцца ў прах іх спіцы

У пуці.

Ім савецкае граніцы

Не прайсці!

 

12/ІІ 1938


12.02.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938