epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Камсамольцам

Прывет вам, племя маладое,

Зямель савецкіх яснацвет!

Дарога ваша — шлях герояў,

У новы дзень бліскучы след.

Як сонца, першыя ў паходзе,

Стыхіям злым наперакор,

Ішлі вы з песняй, як разводдзе,

На штурмы скал і дзікіх гор.

 

Ішлі вы, юнасць-чарадзеі,

Зʼяднанай сілай грамады,

Перамагаючы завеі,

Дажджы, і суш, і халады.

 

І голас вашай песні звонкай

Лавіў прастор нябёс, зямлі,

І ціш балот, і шчыт сасонкі,

Дзе густа збіліся камлі.

 

Усюды, дзе патрэбна зброя,

Каб перашкоды ўсе скрышыць,

Вы неслі сэрца маладое

І жар юнацкае душы.

 

І было крэпка ваша раме,

І не стамлялася рука,

Бо Ленін быў заўсёды з вамі,

Быў з вамі гарт бальшавіка.

 

І вам дарогу саступалі

Пустэлі, пушчы і снягі,

Бо даручаў таварыш Сталін

Вам камсамольскія сцягі.

 

Прывет вам, войска маладое,

Загартаванае ў баях!

Дарога ваша — след герояў,

Былінны эпас, зорны шлях.

 

Ідзіце ж гэтак жа і далей!

Прывет вам, родныя, прывет!

Пад камсамольскай гулкай хваляй

Ці ж устаіць варожы свет?!

 

8/ІІІ 1936


08.03.1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938