epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Камсамольцам

Аб змене чырвонай даўно грыміць слава.

Здабыў ты законнае права,

Атрад баявы камсамольскі, на гэта.

Вы ў першых шарэнгах са звонкаю песняй

Напорна ішлі, як прадвесне,

На штурмы стыхіі пад сцягам Саветаў.

Крышыліся скалы пад вашым напорам,

Вы смела ўзнімаліся к зорам,

Каб сталінскім шляхам прабіцца ў вышыні.

Вас ведаюць тундры, тайга, Запалярʼе,

Гарачы пясок Амударʼі,

Суровы Памір, Каракума пустыні.

Вас ведаюць нетры зямлі і глыб мора, —

Усюды ішлі вы ў дазоры,

І голас ваш звонкі ўзнімаўся над долам.

І ведае вораг, ліхі чужаніца,

Як моцна стаіць на граніцы

Адданая, мужная раць камсамола.

І ўсюды, дзе толькі вас партыя звала,

Ішлі вы, як буры навала,

З парывам юнацкім, з адважнаю воляй.

А следам за вамі пачэснай дарогай

Нязменна ішла перамога,

Як моладасць ваша, як светлая доля.

Дык з Новым жа годам вітаю вас шчыра!

Няхай яшчэ вышай і шырай

Узносіць вас юнасць у ясныя далі,

Каб новаю сілай і новым узлётам

Была ваша справа, работа,

Каб новыя песні пра вас мы складалі.

 

24/ХІІ 1937


24.12.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938