epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Камсамолец Май

Ідзе Май у паходы, дазоры,

Пад штандарам чырвоным ідзе

Цераз пушчы, пустэлі і моры,

Нестрыманы нікім і нідзе.

 

Пераходзіць граніцы, кардоны,

Бо хто ж можа яго затрымаць,

Калі з ім баявыя калоны,

Пралетарыяў грозная раць?

 

Ідзе Май у вясёлкавым ззянні —

Буравей, камсамолец-юнак —

І заве ў прамяністае ранне

Разняволенай працы ваяк.

 

Няхай цёмная сіла шалее,

Хай зубамі скрыгоча шкілет, —

Зацвіце ва ўсім свеце лілея —

Міжнародны наш Май-агняцвет!..

 

Ідзе Май у вясеннім уборы,

Пад агністым штандарам ідзе

У паходы свае, у дазоры,

І магутным разводдзем гудзе...

 

Прывітаем яго мы як трэба,

І спаткаем яго, як адзін, —

Караваем калгаснага хлеба

І сімфоніяй грознай машын.

 

27/IV 1935


27.04.1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938