epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Канец зімы

Адспявалі ўюгі свае дзікія песні; даволі траскучыя марозы гулялі на прасторы, ціснулі ўсё жывое і нежывое. Прайшлі і Коляды, і Крашчэнне (Тры Каралі), і блізка Грамніцы. Хоць і кажуць: «Грамніцы – палавіна зіміцы», але ўжо зіма ідзе к канцу. Хоць і няласкава глядзіць яшчэ сіняе неба на зямлю і засцілае свой вобраз халоднымі пялёнкамі снегавых хмар; хоць крэпка яшчэ дзержацца марозы, але часы ідуць к вясне: большае дзень, вышэй падымаецца сонца, ярчэй грэе яно дзень ада дня, і капае снег у поўдзень са стрэх. Святлее ўсюды.

Выйдзеш у поле. Укруг яшчэ ляжыць снег. Нудна пазіраюць вёскі, засыпаныя снегам. Нідзе не чарнее поле – усё закрыта снегам. Але ў воздусі чуецца блізкая вясна. Крывыя санныя дарогі распаўзліся ва ўсе стораны, крэпка ўбітыя палазамі, капытамі мужычых коней. Пачарнела гэта дарога ад цэлага слоя конскага гною. Воздух мякчэе, на дварэ цяплее. Далёкі сіні лес ясна выдзяляецца з белізны снегу, цягнучыся ўзгоркамі на краі поля. Паласа лесу чуць закрыта сіненькім туманам – знак адлігі.

Чакаюць людзі вясны. Надаела зіма сваімі снегамі, марозамі, уюгамі і мяцеліцамі. Даволі нацярпеўся холаду чалавек, намёрзлася скацінка ў хляву. А больш за ўсіх чакаюць вясны дзеці. Даўно хочацца ім з душнае хаты на вольны воздух, на двор, на прастор. Чакаюць яны цёплых дзён вясны, каб выскачыць на вуліцу, пракапаць равок, паставіць самадзельны млынок і пазіраць, як круціць яго каламутны ручаёк – перавальчык. Што ні кажы, а вясною ўсё ж такі куды лепей!

А вясна ўжо не за гарамі! Скора, скора заплача зіма халоднымі слёзамі, скора прыйдзе вясна, прыляцяць з выраю птушкі, счысціцца поле ад снегу, зазелянеюць дрэвы, зацвітуць сады, вырасце трава.

Эх, тады будзе раздолле!

Скарэй прыхадзіце к нам, цёплая вясна, вясёлыя, ясныя дзянькі!

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5