epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Кантракт

З жыцця пінчукоў

I
II


I

 

Хата старасты Рамана Кораня была паўнютка людзей. Сюды часта-такі збіраліся палешукі пагутарыць аб сваіх справах. Апрача таго, Раман і сам часта склікаў сялян, каб абʼявіць ім волю валаснога начальства.

Вось і сягоння Раман паклікаў палешукоў на сход. Чуць толькі сцямнела – пачалі збірацца палешукі. Скора іх націскалася поўная хата. Захрыпелі цыбукі, застукалі люлькі аб тоўстыя кіпці, і ў хаце падняўся такі дым, што нельга было пазнаць трэцяга чалавека, хоць яго нос і можна было абмацаць рукою.

Покі збіралася «законнае чысло» людзей, каб сход мог мець сілу, палешукі гулі, як рой пчол. Адзеты яны былі – хто ў доўгія халаты, хто ў кажухі з шырокімі, як засланка, каўнярамі. Усе яны былі ў лапцях, з голымі грудзьмі, хоць на дварэ крапіла зіма. Адны сядзелі, другія стаялі. Нізкі, з рыжаю бародкаю, Сымон Тачыла жартаваў з Аленаю, стараставаю жонкаю, покі яна не сунула яму, смеючыся, качаргу ў рыжую бараду. Кандрат Лата пакепліваў з Дзямяна Трубы, як яго поп спавядаў летась і закамандаваў за грэх прывезці тры вазы дроў.

– Які ты грэх зрабіў, Дзямян?

– Што ступіў, то і саграшыў, – сказаў Дзямян. Стараста ўжо некалькі разоў падымаўся на ўслон, пытаў, ці ўсе сабраліся, лаяў Кастуся Рылку, што той доўга не ішоў.

– Ну, ужо ёсць больш як тры чвэрці гаспадароў, – сказалі сяляне.

– Дык будзем рабіць сход, – пачаў стараста. – Грыгор Бугай, Пятрусь Грэнка, Янка Вясёлы і Васіль Кукса хочуць узяць ад вобчаства ў арэнду рэчку і тоні.

Арандатары стаялі асобна. Твары іх былі сурʼёзныя.

Як толькі стараста змоўк, палешукі, як па камандзе, загаманілі на ўсе лады. Тут былі ўсякія галасы: адзін трашчаў, як трашчотка, другі вырываўся прарэзліва, як жалезны клін, трэці вёў тонка, чацвёрты хрыпеў, як люлька стараставага бацькі, пяты сыпаўся гарохам, шосты гуў чмялём, а ўсё гэта злівалася з басам якога-небудзь Данілы.

Але ўрэшце ўзяў верх голас Васіля Куксы. Ён так стараўся – вырачыў вочы, махаў капшуком і люлькаю.

– Якая цяпер у чорта рыба? – крычаў Кукса. – Хоць бы на невад адышло.

– На колькі год бераце ў арэнду?

– На шэсць. Але...

– Колькі арэнды ў год? – пытаў стараста ў сходу.

– Пятнаццаць рублёў! – гукнула большая палавіна палешукоў.

Праўда, некаторыя крычалі 18, другія – 12, а самі арандатары стаялі за дзесяць.

– Дык як жа будзе?

– Няхай бяруць за дванаццаць, – сказаў Мікіта Крынічны.

– Усе згодны?

– Згодны!

– Калі так, – сказаў стараста, – то будзем пісаць кантракт. Толькі ж не разыходзьцеся, мужчынкі.

 

 

II

 

А тым часам галоўнае было ўсё ўперадзе: дастаць аркуш паперы для кантракта, асадку, чарніла, пяро. Гэта ўсё такія рэчы, якіх палешукі не ўжывалі з тых часоў, як паўстаў свет Божы. Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты вёскі Ямішчы. Змяты аркуш паперы дасталі ў Бэркі. Па чарніла і асадку прыйшлося ісці дзве вярсты да старога Ірша. Прайшла добрая гадзіна часу, покі ўсе патрэбныя рэчы былі раздабыты.

Цяпер на самае важнае месца выступіла пытанне: хто ж будзе пісаць кантракт? Усе палешукі, у тым ліку і стараста, пісаць не ўмелі. А калі яму трэба было заверыць якую паперу, то ён браў сваю пячатку, трымаў яе над запаленым карчом або лучынаю, покі на ёй не нарастаў здаровы слой куру, і прыкладаў да паперы, папляваўшы на тое месца, дзе павінна быць пячаць. І «Яміцкі сельскі стараста» не раз стаяў дагары нагамі.

Палешукі пачухалі патыліцы. Але зараз жа пачалі таўчы пад бок Міхалку Варэйку.

– Ідзі, Міхалка, ты ж распісваўся ў воласці.

– Распісацца магу, а кантракт – чорт яго напіша, – упіраўся Міхалка.

Тут Міхалку падхапілі пад рукі, двое цягнулі яго за полы каптана, некалькі чалавек пхалі, і такім парадкам дамарослага пісара цягнулі праз усю хату, як мурашкі хрушча. Другія палешукі расступіліся, і Міхалку пасадзілі за стол. Стараста зняў лямпу, паставіў у гаршку на стол, а каб яна не хісталася, насыпаў у гаршчок ячменю.

На момант у хаце зрабілася ціха. Усе пазіралі на «пісара». А «пісар» сядзеў важна і аглядаў пісарскія прылады. Канец пяра быў зломаны, у чарніліцы не хапала палавіны рыльца. «Пісар» апусціў пяро ў чарніла, паднёс пасля да лямпы і стаў прыглядацца.

– Ці ж гэта чарніла? Саладуха нейкая! – сказаў ён.

Хата затраслася ад смеху. Смяяліся не з таго, што сказаў Міхалка, – усім было смешна бачыць Міхалку пісарам.

Міхалка ўжо хацеў кінуць пісарства і вылезці з-за стала.

– Дык што пісаць? – спытаў ён злосна.

Падняўся яшчэ большы смех.

– Ось я табе зараз скажу, – і стараста пастараўся зрабіць надта мудрую міну. Ён скрывіў набок галаву, завярнуў вочы ў самы лоб, а адной рукой чухаў сківіцу. Яму давялося чуць некалькі разоў, як чыталі кантракты, але ён не хацеў паказаць гэтага: няхай знаюць палешукі, што ён дыктуе сам са свае галавы.

– Пішы! – сказаў стараста да Міхалкі. – Мы, ніжэйпадпісаныя, сяляне вёскі Ямішчы, скліканыя нашым старастам...

– Чаго ты паляцеў, як вол у гіз! – крыкнуў Міхалка.

Але старасце далей ляцець не было куды: хоць забі, далей ні слова не помніў. Аж холадна зрабілася старасце: пачаць то пачаў, але чым скончыш? Як тут выкруціцца?

Міхалка тым часам прыглядаўся да пісання. Перш-наперш ён пасадзіў вялізную «варону» на паперы. А як гэтая капка была не патрэбна, то ён размазаў яе рукавом і пачаў выводзіць каракулі, высалапіўшы язык і сярпом скрывіўшы яго на правай палавіне рота.

А стараста думаў. Цяпер ён думаў папраўдзе, але галава была як саганец – ніводнай думкі не выціснуў з яе бедны стараста.

– Мы... мы... мы... ліжа... іжа... падкасаныя... – Міхалка ўпёрся носам у кантракт.

– А ты праўду кажаш, – загаварыў «пісар», не зводзячы вачэй з кантракта, – што ж я напісаў?

– Ніжэйпадпісаныя, – сказаў стараста апаўшым голасам.

– Ага! Так, так!

– Прачытаюць у воласці, яны ж з гэтага і хлеб ядуць, – развясельваў іх арандатар Кукса.

А тым часам і стараста, і «пісар» не маглі далей зрушыцца з месца, як бы на сцяну налезлі.

Стараста ўставіўся вачыма ў печ, як дурны, і стаяў, а Міхалка ваяваў з «сялянамі». Чытаў, чытаў, а ў канцы вычытаў:

– Сагане.

Усе зарагаталі.

Старасту асвяціла ўрэшце добрая думка.

– Ну, і пісар жа з цябе! – накінуўся ён на Міхалку. – Пісаў пісака, што не разбярэ і сабака... Бадай ты згарэў! Ідзіце, хлопцы, дахаты. Прыедзе пісар, дык і напіша...

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5