epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Капайце яму, далакопы

Зямля ў агні, у горкім дыме,

Разносіць вецер смрод і гар.

Праклята будзь ліхое імя,

Што душыць свет, як сон-кашмар.

 

На мірных пожнях стогнуць нівы,

Шумяць прызыўна каласы.

Мой слых напружаны, чуллівы

Усюды ловіць галасы:

 

«Паўстань, народ, злучы ўсе сілы

Супроць тэўтонскае арды,

Супроць пачвары тупарылай,

Што нішчыць сёлы, гарады!

 

Змятай жалезнаю мятлою

Навалу ката-прусака!

Няхай пад цёмнаю гразою

Не дрогнуць сэрца і рука!

 

Капайце яму, далакопы,

Каб у яе халодны жвір

Упаў навек тыран Еўропы,

Крывавы прывід і вампір!»

 

[1941]


[1941]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945