epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Катаржнікі

Цесны дворык. Непрыгожа!

Дзверы пад замкамі,

У тры сажні агарожа,—

Глуха, як у яме.

 

Толькі бразгаюць кайданы

Дзікім бразгатаннем,

Звон пакуты, звон паганы

Аддае стагнаннем.

 

Будзіць звон той боль у сэрцы,

Смутак наганяе.

Цяжка, цяжка ў паняверцы!

Ой, доля ліхая!

 

 

        *

Свеціць сонца, жарам пыша,

Ў небе — ні хмурынкі.

Лёгкі ветрык сад калыша,

Гойдае галінкі

Ды жартліва задзімае —

Накурыць, напыліць,

Пух угору падымае,

Красачку пахіліць.

 

Прабяжыць і ціха стане...

Звякаюць кайданы.

Ў гурт сышліся катаржане,

Від іх змардаваны.

 

Вось на лаўку яны селі,

Галовы спусцілі,

Думкі моцна іх здалелі,

Сэрца засмуцілі.

 

Не згадаць іх дум маўклівых,

Дзе яны іх носяць —

Мо гуляюць там, на нівах,

А мо волі просяць.

 

Катаржане — хлебаробы,

Дзеці вёсак, поля:

Таго бойка з-за худобы

Прывяла ў няволю,

 

Той з суседам пасварыўся,

Ў таго зяць паганы,

А той, з братам як дзяліўся,

Зарабіў кайданы,

 

Той за нораў свой сярдзіты

Ці за лішак жару...

Гэта — цёмны люд, забіты,

Беднаты ахвяра.

 

        *

Што за думкі — не згадаю:

Цьмяна іх гаворка.

Адно толькі добра знаю:

Горка людзям, горка!

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910