epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Кірыла

Як паглядзіш – Божа мілы!

Што з людзямі робіць чын?

Адкуль морда у Кірылы?

Чаму сыты ён, як лін?

 

У Кірылы добры коні,

Бо Кірыла – галава!..

Цвіце збожжа на загоне,

Ў жонкі многа палатна.

Адзін розум – яго мова;

З башлыком яго халат;

У Кірылы хата нова,

У Кірылы грошай шмат.

 

Пʼе ён з пісарам гарбату,

Стаў ён тоўсты, як капа;

Заклікае к сабе ў хату

І частуе ён папа.

 

Грае ў карты ён з панамі,

Як бы з роду быў ён пан.

Тупне ў злосці ён нагамі,

Крыкне «дурань» і «балван»!

 

А нядаўна – Божа мілы! –

Як і ўсе, ён быў мужык.

Адкуль пуза у Кірылы?

Чаму дужы ён, як бык?

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910