Адзванілі званы на званіцах,
І збуцвелі, паніклі крыжы,
Знакі цемры-імжы.
Новы край тут паўстаў з навальніцаў,
Забурлілі другія крыніцы
На шырокай савецкай мяжы.
У пустых дзірваністых абшарах
Патапельніц і багны балот
Дзівы робяцца ў год:
Ажываюць аблогі-імшары,
Загараюцца зоры-стажары,
Асвятляюць вялікі паход.
І спяваюць вятры-самагуды
Гучным звонам у струнах дратоў
На гітарах слупоў,
Што бягуць, як ганцы з Асінбуду,
Каб працоўнаму вольнаму люду
Прывітанне аддаць хоць без слоў.
Бурны рост. Цвёрды крок. Будаванне.
Зносяць межы ў палях трактары —
Новых дзён песняры:
Тут будуюць сваё бытаванне
У сімфоніі працы, змагання
Пралетары — зямлі ўладары!
Не пазнаць, Беларусь, цябе сёння!
Разагнуўся працоўны твой люд:
Грукат, шум, гоман, гуд...
Пакацілася ліха ў прадонне.
А калі ж ты, калі, Занямонне,
Адсвяткуеш свой дзень, як мы тут?
Дык дазволь жа і мне ты, краіна,
Прывітаць малады твой разгон,
Песню-быль, казку-сон.
А ваякам тваім, хто загінуў
За свабоду, працоўных айчыну,
Мой журботны і нізкі паклон.
[1930]