epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Крумкачы

Па-над лесам крумкач кружыць —

Ён аб корме больш не тужыць.

— Крум! крум! — родных кліча.

З цёмных дзебраў, з поля, з гаю

Чарнакрылых склікаў зграю.

— Крум! крум! ёсць здабыча.

 

Паляцелі чорнай хмарай

Над узлескам, над імшарай.

— Крум! крум! тут спажыва.

        Селі чынна ды ўсёй купай.

Дзе ні глянуць — трупы, трупы.

— Крум! крум! проста дзіва.

 

Мох зялёны, верас ніцы

Густа ўкрылі чужаніцы.

— Крум! крум! то — салдаты.

Распрасцёрты рукі крыжам, —

Аман тут фашыстам рыжым!

— Крум! крум! пір багаты.

 

Леглі ворагі ўпавалку.

        Рвуць іх цела па кавалку.

— Крум! крум! дай ваякаў!

Расклявалі шчокі, вочы,

Рэшту чэрві іх паточаць.

— Крум! крум! Гітлер, дзякуй!

 

Так лятаюць, так жыруюць

І яшчэ спажыву чуюць.

— Крум! крум! — Знаюць цвёрда:

Зазімуюць на начлезе

На марозе і на снезе

        — Крум! крум! — катаў орды.

 

Крумкачам яды нямала,

Бо не ўсіх зямля пабрала.

— Крум! крум! чуйце, людзі:

На сканчэнне для закускі

Каравай нам будзе прускі,

— Кар! кар! — Гітлер будзе!

 

15/ХІ 1941


15.11.1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945