epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Крынічка

Позні час ужо, друг дарагі.

Зоры ў небе гараць. Я гадаю,

Сэрца поўна імжы і тугі...

Дзе ж пралеглі твае берагі?

Па якому праведзены краю?

 

Час праходзіць, а вестак няма,

І не піша мне друг мой нічога...

Я хаджу ды пытаю пісьма,

Ды чакаю яго надарма,

І на сэрцы журба і трывога.

 

І мне ўспомніўся дуб лугавы,

А пад дубам — красуня-крыніца.

Апусціў дуб шацёр векавы,

Каб у ценю зялёнай ліствы

Красавала яго чараўніца.

 

А крынічка, жывая вада,

Дубу-«другу» карэнні падмыла...

Засыхае дуб. Чуе дуб — бяда!..

Эх, крынічка, не маеш стыда,

І навошта ты дуб засушыла?

 

29/VII 1943


29.07.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945