epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Купальскія светлякі

Расцярушыла ночка свой цёмны пыл, распляла над зямлёю свае чорныя косы, а сама, як маці, прытаілася ў лесе, каб вартаваць і ахоўваць сон людзей і сон прыроды. Гэта была добрая ночка. А каб на зямлі не было так маркотна ў часе яе прыходу, яна пазмятала з неба ўсе хмаркі, і яно заззяла тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў-зорак. Слаўна блішчалі гэтыя адвечныя нябесныя вочы. Яны дрыгацелі ў пералівах жывых агнёў, нібы брыльянцістыя матылькі, што, сеўшы на краску, трапечуць крыльцамі, сатканымі з праменняў. А можа, яны, робячы гэтыя дзіўныя рухі, спявалі там свае песні, але голас песень не мог даляцець да зямлі з бяздонных глыбінь, бо зоркі былі вельмі далёка ад яе. Аднак было добра адно тое, што бляск зорак асвятляў і ночку і тым самым рабіў меней адчувальным змрок. Тыя ж, каму прыходзілася ў гэты час быць у далёкай дарозе, калі ў сэрца закрадалася трывожная думка: а ці той гэта шлях? — пазіралі на зоры і па іх знаходзілі дарогу. А калі хто прачынаўся ўночы і таксама заўважаў зоркі на небе, дык і яму было весялей, і ён выказваў уголас сваё здаваленне.

Адзін чалавек шукаў у гэтую ноч кветку папараці, бо кажуць, што ў Купальскую ноч зацвітае яна агнявістым цветам. Многа людзей шукала гэтую кветку, але ніхто не знайшоў па той простай прычыне, што папараць ніколі не цвіла з таго часу, калі пачала расці на свеце. Аднак чалавек усё ж такі знайшоў кветку папараці, і гэта ніколечкі не супярэчыць таму, што гаварылася раней, бо гэты чалавек не сапраўдны, а казачны. У казцы ж усё можа быць. Гэтая знаходка зрабіла чалавека шчаслівым. Усякія згрызоты і непрыемнасці не краналі яго. На душы ў яго было спакойна і радасна. А цікавей за ўсё тое, што яму сталі вядомы галасы прыроды і ён мог разумець яе думкі.

Ідзе чалавек і чуе, як перамаўляюцца дрэвы між сабою. Ён спыніўся. Яго зацікавіла гутарка двух велізарных дубоў, што стаялі ўскрай лесу. Ноч, цішыня, блісканне тысяч зор, як відаць, настроілі іх на філасофскі лад.

— Чым цікава жыццё, — казаў адзін дуб, — дык гэта тым, што яно хоць і ідзе па пэўных законах, але вечна змяняецца і разгортвае новыя старонкі. І колькі б ты ні жыў, ніколі не пасягнеш яго мнагалучнасці.

— У гэтым і ёсць мудрасць жыцця, брат мой дуб.

— І няўжо ж ніколі, ну, не мы, а нашы патомкі не пасягнуць гэтага сусвету ва ўсёй яго складанасці?

— Думаю, што ніколі. Бо вось і мы: чым больш высока падымаемся над зямлёй, тым большыя і шырэйшыя далягляды адчыняюцца перад намі... Я, ведаеш, люблю гэтыя бліскучыя зоры: іх святло і вабіць і прыцягвае.

— Знайшоў чым захапляцца, дурань стары! Хі-хі-хі! — пачуўся новы тоненькі-тоненькі галасок, які ішоў аднекуль з-пад каранёў дуба.

Чалавек зірнуў уніз. Па дубовых каранях і па траве пад дубамі поўзалі харошанькія светлячкі. Галоўкі ў іх былі цёмныя, можа, іх зацямняла ноч, бо яна стаяла тут недалёка і таксама слухала музыку цішыні і шолахі прыроды, яе гутарку. Затое ж жывоцікі гэтых светлячкоў-жучкоў свяціліся зеленаватымі агеньчыкамі. Але трэба было вельмі ўважліва прыглядацца, каб іх прымеціць. Чалавек стаў слухаць, аб чым гаманілі светлячкі. Іх было тут вельмі многа. З іх чарады абабраўся адзін жучок. Сам ён быў тоненькі, але жывоцік меў крыху таўсцейшы, з прычыны чаго і агеньчык яго выдаваўся крыху больш прыметна. Ён прымасціўся на кары дубовага кораня, нарыхтаваўшыся сказаць прамову жучынай грамадцы. І ён сказаў:

— Ёсць многа на свеце агнёў, але яны аджылі свой час. Жыццё не стаіць на адным месцы, як казаў — вы чулі самі — і гэты дуб, значыць, і агонь павінен перайсці ў іншыя формы. Такімі формамі і зʼяўляемся мы, чуеце, жучкі? Мы! Я засмяяўся — вы чулі? Я засмяяўся, калі пачуў ад гэтага старога дуба, што яму падабаецца святло зорак... Дзіўная справа заскарузласць! Тут, пад яго ўласным карэннем, на яго ўласнай кары, запаліліся для свету новыя агні, а ён іх не бачыць. Ды якія агні!.. Эй, жучок на лістку суніцы!

— Я! — азваўся жучок.

— Вы паглядзіце на яго агеньчык: колькі хараства! Колькі новых бляскаў, я б сказаў, новых агнявых вобразаў! І што такое зоры ў параўнанні з нашымі агнямі? Бляск гнілякоў, балотны агонь!.. Або звярніце вы ўвагу — я не саромеюся сказаць гэта — на мой агонь: гэта адна, адна чыстая паэзія, паэзія вышэйшага гатунку! Вось што такое нашы агні.

У сухім леташнім лісці пад карэннямі дуба шаснула яшчарка.

— Ну, а скажыце, будзьце ласкавы, — прамовіла яна, — каму свеціць ваш агонь?

— Як каму свеціць? Перш за ўсё ён свеціць нам самім. Мы ствараем новае хараство агнёў, у гэтым стварэнні мы адчуваем радасць. А нам — цьфу на сонца, на зоры, на месяц, на купальскія агні, што пазапальваны па лесе ў гэтую ноч. Каля іх сялянская дурнота спраўляе свае танцы. Мы ж самі — сонца, зоры, месяц!..

— Ха-ха-ха! — засмяялася ночка. — Мілыя вы жэўжыкі! Усё гэта вельмі пацешна, але самі вы — толькі малюпасенькі адбітак сонца, а вы плюеце на яго. Ну, што ж? Ваш час, пазабаўляйцеся, дзеткі. Я зараз сыду з зямлі, і ваш мілы агеньчык пагасне ў бляску дня.

Засмяяўся чалавек:

— Мілыя жучкі! Калі я адыду ад вас на два крокі, вашы агні знікнуць з маіх вачэй.

Чалавек разумеў іх, але мова чалавека была для іх незразумелая.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7