epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Курская анамалія

I
II
III


I

 

Каб не ўводзіць людзей у зман, скажу зразу, што гэта не тая анамалія, якая знаходзіцца ў нетрах Курскай зямлі, якую даследуюць прафесары.

Не, не тая.

Праўда, і гэтая анамалія таксама курская, але зусім іншага парадку. Наогул трэба заўважыць, што Куршчына – край анамалій. Напрыклад, з Куршчыны выйшаў вядомы дэпутат Дзяржаўнае думы Маркаў-другі. Некаторыя камуністы з Куршчыны, як гэта было ў Абаяні, зганялі з цэркваў і з манастыроў папоў і манахаў з харугвіямі і ўсенародна служылі хвалебны малебен за дараванне пабеды над Дзянікіным. Таксама і курскія салаўі ёсць да некаторай ступені анамалія. І яшчэ адна анамалія мела месца ў той жа Куршчыне. Выявілася яна так.

Рыгор Андрэевіч Угоднік – такое было яго прозвішча – ляжаў на цвёрдым ложку, закінуўшы ногі на біла. У яго пакойчыку было пуста, няветла і непрытульна. Дух стаяў спёрты і цяжкі. Было холадна і сыра. Пабелка на сценах размякла ад вільгаці і адвальвалася. На выступах сцен нагусцілася многа пылу. Над печчу, каля столі, цэлымі кудламі звісала павуццё, у якім гойдаўся шкілет мухі. Яна заблыталася там яшчэ, відаць, да вайны 1914 года, а цяпер ужо быў сакавік 1918 г.

Рыгор Андрэевіч ляжаў і думаў. Ён думаў аб тым, што на гэтым самым ложку ляжала і Настасся Мікалаеўна Гулькіна. Яна была тут настаўніцаю да яго. Бачыў яе разы са два, і тым не меней сяды-тады яна прыходзіла яму на памяць. Настасся Мікалаеўна была сваячка папа і жыла цяпер у горадзе, а працавала таксама настаўніцаю ў школе другой ступені. Цяпер ён аб ёй перастаў думаць. Не, цяпер яго думкі не такія. Ён думаў аб сваім жыцці, аб тым, што няма чаго есці. Ці не паехаць і яму па хлеб на Украіну, як ездзяць усе? Толькі вось пытанне: на што выменяць хлеба? Засталося адно толькі паліто, можа і далі б за яго пуд хлеба. Але як прывязеш гэты пуд? Адбяруць у дарозе, і не будзе ні паліто, ні хлеба. І вось яшчэ кепска, што аддзел народнай асветы не плаціць пенсіі. Яшчэ за два леташнія месяцы не выплацілі.

І яшчэ думаў Рыгор Андрэевіч і аб «працоўных працэсах» у школе. «Працоўныя працэсы!» Аб іх толькі цяпер і гутаркі. Аб іх пішуць, аб іх гавораць, але што яны такое, як ужываць іх у школе, у якіх формах карыстацца імі, не ведае ніхто: не ведае загадчык аддзела асветы таварыш Гітман. Дый скуль яму ведаць, калі ён – кравец па прафесіі? Не ведаюць і школьныя інструктары. Адны кажуць: «працоўныя працэсы» – наламаць з вучнямі дроў, вымыць падлогу, нанасіць сабе вады. Другія ходзяць з вучнямі рэзаць дубцы і плятуць кошыкі. Ломяць галовы бедныя педагогі, як і чым утрудзіць сваю школу. Сказана проста, што ніякіх праграм у школе не павінна быць, школа – гэта жыццё, жыццё калектыву, дзе павінен выяўляцца творчы дух, і настаўнік не павінен звязвацца ніякаю праграмаю. Школа – гэта кузня, дзе выкоўваецца і загартоўваецца новае жыццё. Кузня-то яна кузня, але калі няма жару і вугалёў, то не выкуеш і клямкі.

Праўда, у яго школе не было ніякіх працэсаў: ні працоўных, ні гультайскіх. Не было проста з тае прычыны, што ні да Каляд, ні пасля Каляд ні разу не прапальвалася ў печы, і вучні самі пакідалі хадзіць у школу. Школка гэта была царкоўнапрыходская. Яна больш была дапасавана дзеля таго, каб вартаваць царкву, чым да навукі. А кнігі, якія былі ў школе, парасцяганы і пакураны.

А ўрэшце, іх і шкадаваць няма чаго. Па-першае – кнігі старыя, па-другое – царкоўнаславянскія і па-трэцяе – адзін школьны інструктар чытаў на павятовым зʼездзе настаўнікаў даклад на тэму: «Ці можна навучыць дзяцей грамаце без кніг, паперы і алоўка або пяра?»

З даклада выходзіла, што можна.

Адзін настаўнік тут жа зазначыў, што ён навучыў сваіх хлопцаў пісаць палкамі на снезе! І ўсе знаходзілі, што гэта арыгінальна і проста.

Можа яно і так. Сам Рыгор Угоднік такой спробы не рабіў. З гэтае прычыны яму было крыху і нядобра, проста непрыемная была сама думка, што ён ніякае карысці, як настаўнік, за гэты год не прынёс. Вось людзі жывуць не лепей за яго, але яны нешта робяць, нават ухітраюцца вучыць пісьму на снезе.

Настаўнік паварушыўся на сваім цвёрдым ложку, зняў ногі з біла і лёг на бок. Трэба было так ці іначай выходзіць з гэтага застою. Ён чуў, што ён апускаецца на нейкае дно, што жыццё прыдушыла яго, і невядома, ці спіць, ці жыве. І ўсё на свеце страціла для яго цікавасць. А тым часам трэба было нешта рабіць, трэба было кудысь пайсці. Але куды і чаго?

Тут ён успомніў, што яшчэ зранку была ў яго думка схадзіць да Міканора Платоныча, заможнага селяніна-крупарушніка. Ці не разжыўся б там карвегу хлеба. У той час, калі зʼявілася гэта думка, Рыгор Андрэевіч знаходзіў, што гэты візіт ён зробіць лёгка і проста і дастане карвегу хлеба. Але вось цяпер? Гэта ахвота хадзіць прайшла. Ну як жа гэта прыйсці да чалавека і сказаць:

– Міканор Платоныч, дай хлеба.

Чаму Міканор Платоныч павінен даваць яму хлеб? І як папрасіць: кавалак ці цэлы баханец? Даваць кавалак, як жабраку, Міканор пасаромеецца, а цэлы баханец пашкадуе.

Рыгор Андрэевіч ведае з практыкі, чаго варты такія раздабыткі, якія балючыя яны і непрыемныя. І ён застаўся ляжаць на сваім цвёрдым ложы.

 

 

II

 

А жыццё білася сваім пульсам і пісала складаныя старонкі свае кнігі. Усе даступныя нашаму назіранню і разуменню формы напаўняліся ім, жылі, гаманілі на свой лад. І нават сам Рыгор Андрэевіч жыў не толькі ў сваёй цеснай каморцы: ён жыў таксама і на сходцы, што адбывалася ў той жа вёсцы, дзе меў сваю настаўніцкую пасаду Рыгор Андрэевіч.

На сходзе разглядаліся самыя звычайныя вясковыя пытанні. Пасля таго, калі парадак дня быў вычарпаны, нечакана вынікла адно важнае для вёскі пытанне, якое не значылася на павестцы. Цяпер, уласна кажучы, і пачалася самая жывая, самая цікавая частка сходкі.

Справа ў тым, што вёска паўгода ўжо жыла без папа. Стары бацюшка памёр, а пасада яго пустуе да гэтага часу. А без бацюшкі вельмі нязручна: ці да хворага паклікаць, дзіця ахрысціць, адслужыць паніхіду, ці жэніцца хто, – у кожным разе трэба ехаць за некалькі вёрст да чужога папа. А ці мала на гэта зводзіцца часу? Ну, каб ужо не было царквы або прыпынку папу, а то і царква ёсць і ўсё ёсць, няма толькі папа. Усе іншыя прыходы маюць папоў, а чаму іхні не мае? І, калі сказаць праўду, тут справа датыкаецца гонару мясцовых сялян: чым яны горшыя, скажам, за Бабрышова, Краснікава або Рудавец? У Рудаўцы таксама памёр поп, але царква не запуставала: на Украіну трапілі, а папа дасталі, і поп някепскі. Проста людзі смяюцца...

– Няўжо мы так-такі нікудышныя, што не можам папа свайго мець? – скончыў свой даклад Міхайла Хвёдараў, царкоўны стараста.

З першых жа слоў усіх прамоўцаў выявілася, што патрэба ў папу наспела пільная і пытанне аб ім трэба развязаць не толькі ў тэорыі, але і правесці яго ў жыццё і правесці неадкладна.

– Яно-та, вядома, без папа не выпадае, – падагульваў жаданні грамадзян старшыня сходкі, ён жа і старшыня сялянскага камітэта. Гэта быў рослы і шырокі селянін з паважнаю барадою.

– Але вось у чым задача: дзе ўзяць папа? Не ехаць жа і нам на Украіну.

– Ты думаеш, на Украіне папоў з галушак табе вылепліваюць? Калі рудаўчане прывезлі адтуль, то гэта і не поп быў, а дыякан, а потым ужо на папа яго высвецілі.

– А ці не ўсё табе роўна, хто ён быў, ці дзяк ці дыякан? Абы цяпер папом быў, – асадзіў Міхайлу дзед Свішч.

– А паслухайце, што я вам скажу, – выціснуўся дзесь з-пад парога дзядзя Мітрыч і апошні раз пацягнуў цыгарку. – Нашто нам ламаць галовы, калі можна абраць за папа Рыгора Андрэіча, нашага вучыцеля. Чым не поп будзе?

На адно імгненне сход замёр, а потым усе як адзін бурна запляскалі ў далоні.

– Брава, брава, Мітрыч!

– Вось гэта называецца слова сказаў!

– Лепшага папа й не сасніш!

– Поп – што твая разлюлі-маліна!

Некаторы час на сходзе стаяў гул і густы шум.

Дзядзю Мітрыча за яго трапнае слова хацелі нават на руках пагушкаць. Старшыня сходу забыў пра свае старшынёўскія абавязкі і даў поўную волю сходу выявіць бурлівую радасць і сам не меней другіх выказваў яе.

У чым жа былі вартасці кандыдата ў папы?

Перш за ўсё і галоўным чынам кандыдатура гэта пазбаўляла ад лішняга клопату: не трэба вандраваць па свеце ў пошуках. З папом на старане заўсёды больш клопату. Калі поп пачуе, што ў ім ёсць патрэба, само сабою зразумела, ён заломіць і цану сабе і будзе моцна таргавацца. Затым з такім папом усё роўна не абмінеш і кансісторыі. Праўда, так ці іначай з кансісторыяй мець дачыненне прыйдзецца, але адна справа, калі ты ўжо маеш гатовага папа, і зусім іншая справа, калі гэтага папа трэба яшчэ лавіць.

Другое, намечаны кандыдат – чалавек малады, значыцца, можна спадзявацца, што ён і жыць будзе доўга. Што ж датычыцца яго здольнасцей як папа, то і з гэтага боку ніякіх перашкод няма: чалавек вучоны, спяваць у царкве ўмее, апостала чытае выразна і прачула. А папрактыкуецца яшчэ, то такі выйдзе поп, што і сабор гарадскі можа пазайздросціць.

Усё гэта было на сходзе прынята пад увагу. На сходцы выявілася, што настаўнік да навукі не хіліцца, жыве адзін, у холадзе, у голадзе, ні родных, ні сваякоў, хто б дапамог яму, не мае. Ну, як тут не зрабіць чалавеку дабра? Мала таго, што сялянства, выбіраючы за папа Рыгора Андрэевіча, развязвае проста папоўскую справу, яно яшчэ дапамагае чалавеку выбіцца з яго цяжкага лёсу, бо хто не дасць папу на пражытак? Тут нават выявілася спогадзь, дабрата і мяккасць сэрца сялян. Адным словам, кандыдатура Рыгора Андрэевіча мела ў сабе такое шчаслівае злучэнне, калі агульная справа развязваецца як найлепей, у інтарэсах абодвух бакоў.

Вось чаму, калі старшыня сходу паставіў на галасаванне кандыдатуру Рыгора Андрэевіча, усе рукі як адна падняліся ўгору.

Так справа не магла быць скончана, – гэта быў толькі яе пачатак.

Як вядома, поп павінен мець і пападдзю. Рыгор жа Андрэевіч быў чалавек халасты. Ужо гэта адно падказвала сялянству, што трэба было таксама падумаць і аб жонцы папу. У гэтым пытанні перш не было згоды. Адны казалі, што жонка – справа прыватная, лепш за ўсё пытанне аб ёй можа развязаць сам поп, гэта значыць, сам Рыгор Андрэевіч. Другія даводзілі, што калі сход прыме такую рэзалюцыю, дык яна пашкодзіць агульнай справе, і раз само сялянства падняло гэту справу, то яно павінна само паклапаціцца і аб пападдзі. І толькі пасля таго, калі слова ўзяў старшыня, спрэчка была спынена і вырашэнне справы прыняло іншы характар.

Старшыня казаў:

– Таварышы, не памыляйцеся! Калі выбар жонкі даручым самому кандыдату, то мы паступім па-буржуйску. Гэта раз. Другое. Калі мы самі выбіраем сабе папа, дык павінны самі ж выбраць яму жонку. І яшчэ: Рыгор Андрэевіч чалавек ціхі, ён ніколі першы не зачэпіць бабы, і, покі ён жэніцца, можа прайсці год і болей. А мы тут павінны: раз, два – і гатова!

Сход дружна запляскаў старшыні.

– А як ён не захоча яе або яна яго, тады што? – спытаў якісьці скептык з натоўпу.

– Што значыць не захоча? – грозна спытаў старшыня. – Калі выбралі, значыцца, і быць так. Гэта табе не старыя парадкі... Цябе мы можам папом паставіць! – яшчэ больш грозна наваліўся старшыня на скептыка. – І ты не смееш адмовіцца. Мы можам выбіраць папу жонку, і, калі скажам – вось твая жонка! – ён павінен і мець яе за жонку!

Пасля такога растлумачэння грамадзянскіх правоў сходу заставалася прыступіць да выбару пападдзі. Усе мясцовыя кандыдаткі пасля некаторай парады былі адкінуты і вось па якіх матывах. Пападдзя павінна быць з папоўскага роду, бо на тое яна матушка, ёй часам і ў руку прыйдзецца пацалаваць. А як ты будзеш цалаваць, скажам, Маланцы або Марынцы, хоць яны пападдзі былі б і не кепскія? Усё ж яны – свая мужыцкая кроў. І што скажуць людзі? Дый сам іх поп меней меў бы павагі. Калі поп, то трэба, каб поп быў па ўсёй форме.

І сход пастанавіў: выбраць у жонкі свайму папу Настассю Мікалаеўну Гулькіну, а камісіі з трох асоб – старшыні, царкоўнага старасты Міхайлы Хвёдарава і дзядзі Мітрыча (яго заслугі перад вёскай не былі забыты) – даручыць пастанову сходу правесці ў жыццё.

 

 

III

 

Павярнуўшыся на бок, Рыгор Андрэевіч зноў думаў. Цяпер ён думаў аб тым, што трэба збірацца куды-небудзь у іншае месца, пашукаць другое пасады, хоць бы замацавацца прадаўцом у кааператыве. Паволі ён губляў кантроль над сваімі думкамі і ўжо сон пачынаў змыкаць яму вочы. Раптам бразнулі дзверы ў адным канцы школы, і зараз жа за гэтым некалькі пар ног загрукалі наўперад у школе, а потым і ў калідорчыку між школаю і яго кватэркаю.

Рыгор Андрэевіч прыслухаўся. Ішлі якраз да яго.

– А можа яго і дома няма, – казаў адзін голас.

– А дзе ж яму быць? – прабубніў басам другі.

– А вось пабачым! – і з гэтымі словамі Міхайла Хвёдараў папхнуў дзверы ў пакойчык настаўніка.

Дзверы былі замкнёны.

– Хто там? – спытаў настаўнік.

– Дома, дома, – адгукнуліся з калідорчыка дзядзя Мітрыч і стараста Міхайла.

Рыгор Андрэевіч падняўся з ложка і адамкнуў дзверы. Увайшла камісія ў поўным складзе.

– Здарова, Рыгор Андрэевіч!

Усе члены камісіі павіталіся з сваім кандыдатам за руку. Кандыдат, чарнявы, прыпухшы ад голаду і холаду, ускудлачаны, даволі неахайны з выгляду, стаяў перад сваімі гасцямі здзіўлены і ўстрывожаны.

– Ну, як жывеш? – запытаў старшыня.

– Ат! – махнуў рукою настаўнік. – Каму гэта цікава, як я жыву?

– Значыцца, цікава, калі аб гэтым пытаюць, – адказаў за старшыню Міхайла.

А дзядзя Мітрыч яшчэ дадаў:

– Чудачэц ты, Андрэіч, права слова, чудачэц! Няўжо ж ты думаў, што вёска ніколі не паклапоціцца аб табе? Або мы не ведаем, як ты жывеш? Ведаем, брат, і гатовы памагчы табе, толькі сам дурань не будзь.

Сказаўшы так, дзядзя Мітрыч непрыметна зірнуў на другіх членаў камісіі, каб па іх тварах прачытаць, ці добры тон узяў ён. Старшыня і Міхайла былі спакойныя і нічым не выказалі стану сваіх душ. З гэтага дзядзя Мітрыч вывеў заключэнне, што ён памылкі не зрабіў.

Настаўнік здзівіўся яшчэ болей і чакаў, што будзе далей.

Мітрыч у сваю чаргу палічыў, што ён пачатак зрабіў, а цяпер няхай кажуць яны. Тут трэба і меру ведаць.

– Гавары, дзядзя Мітрыч, ты, – сказаў Міхайла.

– А сам што ж, без языка? Цябе гэта бліжэй датыкаецца, – ухіліўся дзядзя Мітрыч.

Міхайла крута павярнуўся да настаўніка:

– Справа, бачыш, ты, Андрэіч, такая, вёска, значыць, выбрала цябе папом!

– Правільна! – пацвердзіў старшыня і дзядзя Мітрыч.

– Значыцца, Андрэіч, вобчаства цябе любіць, вобчаства чэсць табе аказвае, – дадаў яшчэ ад сябе дзядзя Мітрыч.

– Мяне? Папом? Што за глупства? – здзівіўся настаўнік і засунуў рукі ў свае чорныя валасы. – І ніколі я не думаў папом быць.

Члены камісіі заварушыліся ўсе разам. Кожны з іх хацеў цяпер сказаць сваё слова. Міхайла, як болей жывы і вёрткі, папярэдзіў сваіх таварышаў. Ён борздзенька сунуў адну руку ў бок старшыні, другую – ў бок дзядзі Мітрыча, даючы ім гэтым знак не замінаць яму, і сказаў:

– Глупства, Андрэіч, што ты ніколі не думаў папом быць. Вось што ты мне скажы: ці думаў ты калі, як плодзіцца кракадзіл?

Збіты з тропу, настаўнік шырока расплюшчыў вочы і пазіраў на Міхайлу.

– Ну?! – энергічна спытаў Міхайла зноў і, крыху счакаўшы, сказаў: – І я ніколі не думаў, а вось прыйшлося падумаць. Быў я ў вучэбнай камандзе. На экзаменах пытае афіцэр аднаго: «Скажы, як разводзяцца кракадзілы?» Дальбог, так і спытаў.

Пры гэтым Міхайла моцна стукнуў рукамі па нагах вышэй каленяў.

– Ну, хто ж мог ведаць, як ён там плодзіцца? І вось я ўспомніў, як гадоў пятнаццаць таму назад нам адзін бацюшка казаў, што кракадзіл, як і курыца, з яйца выходзіць. Глядзі ж ты! Такая вялікая падла – і яйца нясе! «Хто ведае?» – пытае афіцэр. «Я ведаю, ваша благародзіе!» – кажу я. «Ну, скажы, Хвёдараў!» – «З яйца выходзіць, ваша благародзіе!» – «Маладзец, Хвёдараў!»

Дык вось, бачыш, так і ты: не думаў, а падумаць прыходзіцца. Дый чаму табе папом не быць? Перш-наперш, ты не будзеш у гэтым закутку сядзець, як воўк, а будзеш жыць у папоўскім доме. Табе, брат, і ляпёшак, і сала наносяць, бо без гэтага да папа не прыйдзеш. Чалавек ты вучоны, спяваеш па-царкоўнаму добра, апостала чытаеш і яшчэ лепей. Будзеш сабе кадзілам памахваць і гора не знаць. Дый фамілія твая, як не трэба лепей, да месца пасуе.

Думка аб папоўстве на першы раз здалася Рыгору Андрэевічу дзікаю і недарэчнаю, але па меры таго, як Міхайла і другія члены камісіі пачалі разрысоўваць перавагі папоўства, пратэст у яго душы ўсё слабеў і слабеў. Урэшце ён толькі сказаў:

– Ды я ж і нежанаты. Каб быць папом, то трэба жонку мець.

– Кінь, Андрэіч, абы-што казаць! – у адзін голас загаманілі члены камісіі і рукамі замахалі. – Перастань ты курэй смяшыць: падумаць, важнасць якая, жонкі няма, – у два мігі жонка будзе табе! У чым, у чым, а ўжо ў гэтым дабры нястачы не будзе.

– Да мы табе і жонку знайшлі, чудачэц ты гэтакі, – прамовіў дзядзя Мітрыч. – Сама вёска ўсімі спосабамі на дапамогу табе йдзе, затым што ты нам чалавек ёсць прыемны.

Тут проста цікава стала самому Рыгору Андрэевічу, і ён не без некаторага хвалявання запытаў:

– А хто такая?

– А ты ўгадай, – прамовіў Міхайла.

Тут члены камісіі ясна ўбачылі, што іх справа выйграе, а дзядзя Мітрыч пастукаў рукою па плячы Рыгора Андрэевіча і з нейкаю цеплатою ў голасе сказаў:

– Настассю Мікалаеўну Гулькіну выбралі табе!

Рыгор Андрэевіч пры гэтым мімаволі падкруціў свой чорны вус, а дзядзя Мітрыч казаў далей:

– Чудачэц ты, Андрэіч! Няўжо ты думаў, што мужык не разумее нічога, што мужык далікацтва не знае? Разумее ён, мілан ты мой, дзе, што, як і к чаму, затым, што ты нам, кажу, чалавек ёсць прыемны.

– А вы ж хіба пыталіся ў яе, ці згодна яна пайсці за мяне? – пацікавіўся Рыгор Андрэевіч.

– А што пытацца? За вочы скажу табе: не пойдзе – пабяжыць, – адказаў Міхайла, а старшыня дадаў:

– Няхай папрабуе фардыбацтвы свае паказаць! Мы, брат, жывым макарам прыструнім яе. Раз вёска, значыць – закон!

– Да аб чым тут гутарка можа быць? – прамовіў дзядзя Мітрыч. – Скажы, Андрэіч, проста: згодзен ты быць у нас папом?

Рыгор Андрэевіч крыху замяўся.

– Ну, зразумела, згодзен, ці вы не бачыце? – адказаў за яго Міхайла і тут жа схапіў яго руку і пачаў трасці яе.

Тое самае зрабілі старшыня і дзядзя Мітрыч.

Праз нейкі нядоўгі час пасля гэтага, так, здаецца, каля веснавога Міколы, у вёсцы быў свой бацюшка – а. Рыгор Угоднік і матушка Настасся Мікалаеўна. Настасся Мікалаеўна была вельмі давольна, што яна цяпер не настаўніца, а пападдзя, бо яе больш за ўсё на свеце палохалі трудавыя працэсы ў школе.

І якіх толькі анамалій не бывае на свеце!

[1924]


[1924]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5