epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Лясам Беларусі

Прысвячаецца П. К. Панамарэнка

З маленства люблю я лясы,

Іх сцішаны голас і шум патаёмны,

І пушчы глухія, а ў іх бураломы,

Дзе віхры гудзелі пад гулкія громы

Ды слалі дажджоў абрусы.

 

Вучыў мяне лес пазнаваць

Прыгоства, суладнасць і чары прыроды,

Дзе птаства спраўляе штогод карагоды,

Дзе тояць крыніцы празрыстыя воды

        Для рэчак, каб край умываць.

 

Ой, лес, беларускі наш лес!

Я песень за век свой злажыў табе многа,

У свет праз цябе мне ляжала дарога,

Ты песціў юнацкасць, і цешыць старога

Сягоння твой полаг-навес.

Ад сэрца табе я скажу —

Прымі ж ты падзяку за ўсе твае да́ры:

За ціхія думы, за ясныя мары,

Што ты навяваў мне ў імшыстым гушчары,

        Зганяючы з сэрца імжу.

 

І людзі вам скажуць, лясы:

У мірныя часы і ў часы ліхія

Кармілі, тулілі нас гмахі лясныя,

І хаты мы бралі з лясоў дзервяныя,

І мёд нам даюць верасы.

 

Акіну ж я вокам свой край —

Прайшлі над ім буры, крывавыя грозы,

Дубы на дол палі, як ніцыя лозы,

Пайшлі пад сякеры і граб і бярозы.

        Што знікла ў агні — не пытай!

 

На раны пабіта зямля,

Дзе смерць, бы касец той, прайшлася з касою,

Умыла дарогі смяртэльнай расою,

На долы шырокай лягла паласою,

Патрэсла лясы да камля.

 

Эх, родныя пушчы, бары!

Як вы парадзелі і звузілі колы,

І колькі ў вас плешын, асмаленых, голых,

Дзе вецер, вандроўнік жартлівы, вясёлы,

        Высвіствае спеў свой стары.

 

Падходзіць вам час адпачыць,

Акрыцца адзежынай свежаю, новай

І меней чуць, бачыць сякер, піл сталёвых,

Што поўнілі звонам гушчары, дубровы,

Бо ў іх ваша гора гучыць.

 

Я ж мару цяпер аб адным:

Зямля — невычэрпнага скарбу крыніца,

На цэглу дасць гліны і для чарапіцы!

Мы з іх пабудуем дамы-камяніцы

        На змену будынкам старым.

 

 

А вас, нашы пушчы, бары,

Ахоўваць мы будзем за ўсе вашы дары,

Засадзім лясамі пяскі і выгары,

Дзе плехі рабілі сякеры, пажары

Суровай ваеннай пары.

 

Няхай адпачынуць лясы,

Разгорнуць шырока зялёныя крылы

Ды зноў назбіраюць той мудрае сілы,

Што здавен ашчадна тулілі край мілы,

        Багаты і поўны красы.

 

11/ХІ 1945


11.11.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945