epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Лясны пажар

З расказа леснікова сына

– Гарыць лес! – з трывогаю сказаў мой бацька, выйшаўшы на двор і панюхаўшы воздух.

Я выскачыў на двор. Пахла гарʼю і дымам.

– Бягайма, сынок! – сказаў мне бацька, узяўшы рыдлёўку.

Мы пабеглі. Выскачыўшы на прыгалак, на каторым была гара, мы ўзбеглі на гару. Дым з гары быў ясна відзен: гарэў лес. Толькі трудна было распазнаць, ці ў нашым абходзе быў пажар, ці ў чужым. Мы пабеглі проста на дым. Беглі мы доўга. Было страшна горача, пот так і каціўся з нас. На нас не было сухога руба. Мы ўжо перабеглі і граніцу свайго лесу. Агню яшчэ не было відаць; толькі дым, каторы развяваўся ветрам па лесе і туманіў яго, даваў знаць, што пажар блізка. Скора мы ўбачылі і самы агонь. У лесе нікога не было, і агонь без запынку разгульваўся па волі. Цэлае возера агню абнімала лес да палавіны, разлівалася кругом і займала ўсё большую і большую лапіну.

Страшны і разам цікавы від мае пажар лесу!

Шум агню чуцен за вярсту. Агонь ахватвае малады хвойнік да самага верху, а пад развесістымі каржакаватымі маладымі хвоямі многа сухіх калюшак і лому. Агонь узбягае па камлі, пераходзіць на галлё, а вецер далёка адносіць сухую кару разам з агнём, ад чаго пажар яшчэ скарэй разрастаецца. Цэлая сцяна агню ў сажань вышынёю разлівалася па краях і неслася ўсё далей і далей. Кусты ялоўца трашчаць, як толькі падходзіць к ім агонь, на момант даюць белы слуп дыму і разам абхватваюцца агнём і прападаюць у полымі, каторае яркімі стужкамі разліваецца ў адну мінуту над хвойнікам. Тоўстыя, абросшыя мохам старыя хвоі, уверсе смаляныя з выдзеўбленымі дзятламі дзюркамі, гараць, як свечкі. Іншыя зусім перагараюць на палавіне, і вяршыня з глухім шумам апускаецца на ніз, у самы агонь, і прападаець у полымі.

Жар нестрывалы: трудна ўстаяць за тры сажні ад агню. Людзі з лапатамі і граблямі прыйшлі з суседніх вёсак тушыць пажар. Стаўшы оддалек ад агню, пачалі яны адгрэбаць мох і калюшкі, каб не даць матэрыялу агню. Капалі землю і кідалі пясок на агонь. На ахвяру яму пакідалі цэлыя моргі лесу, бо за гарачынёй трудна рабіць блізка ад агню. У адным месцы пажар падступаў к старому бору. Людзі кінуліся туды і дружнаю работаю адваявалі бор. Агонь рыхтавалі скіраваць туды, дзе ён меней мог знайсці сабе корму. Пажар памалу ўсё меншаў і меншаў. Яго дарога ўсё вузілася і вузілася. Белы дым спакайней слаўся па лесе і тонкімі языкамі ўздымаўся над лесам. Скора бура агню была сусім затушана. Толькі вялізнае вогнішча дымілася тысячамі маленькіх дымкоў ды дзе-нідзе вынікаў агоньчык сярод абгарэлай палянкі, раздзьмуханы ветрам. Нудна пазіралі дрэвы з асмаленымі камлюкамі. І доўга, нават цэлыя годы, чуваць запах пажару на такіх вогнішчах, дзе некалі разгульваўся пажар.

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5