epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Лес

Ціха, глуха ў лесе,

Хоць бы гук адзін.

Скупа свеціць месяц

У акне галін.

 

Злегла нерухома

Цемра на камлі.

Што ў ёй — невядома,

Ты ж, брат, не драмлі!

 

Сцішыўся сурова

        Лес, як немы склеп,

І нідзе — ні слова,

І ніхто — ні шэп!

 

Толькі ў дзебрах дзікіх,

Нібы голас змоў,

 

Чуеш свісты-склікі

Пугачоў і соў.

 

Ой, ды сцеражыся

Ты, ліхі чужак:

І ў зялёных высях

        Падае́ ліст знак.

 

Не, не спіць, не дрэмле

Старажытны бор:

Ён вартуе землі,

Даўні свой прастор;

 

З-пад камлёў замшэлых,

З-пад балот, палян

Сочыць вокам смелых,

Грозных партызан.

 

І не будзе жалю

        Для чужацкіх зграй,

Што крывавай хваляй

Заліваюць край.

 

Шмат касцей злажыла

Не адна тут раць,

І фашысцкай жыле —

Не, не панаваць!

 

Дык служыце ж людзям,

Родныя бары:

Мы былі і будзем

        Тут гаспадары.

 

8/Х 1941


08.10.1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945