epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Летняя ноч

Ціха на землю спушчаецца ноч. Усё заціхае. Птушкі перасталі спяваць і дрэмлюць на сваіх седалах. Край неба, дзе зайшло сонца, блішчыць шырокаю чырвонаю стужкаю.

Тонкія, лёгкія хмуркі афарбаваліся ў залаты цвет, усё роўна як абняло іх полымя. Белаватаю пялёнкаю ўздымаецца туман над лугамі і балотамі. А цемната ўсё гусцее і гусцее і закрывае ад вачэй і поле, і лес. Вот узышла ўжо першая вячэрняя зорка; чуць-чуць свецяцца ў далёкім небе скрозь цемнату і другія маленькія зорачкі. Вот яны свецяць ярчэй, дрыжаць, пераліваюцца дзіўным блескам. Кажаны вылецелі з сваіх местаў, дзе сядзелі яны ўвесь дзень, круцяцца, падаюць на ніз, ізноў падымаюцца ўгору і цыркаюць тоненькім піскам. За сялом, на балоце, закрахталі жабы.

За лесам яснее. Гэта круглы месячык запаліў ліхтарык і свеціць над чорнаю зямлёю. Вось ён падымаецца ўсё вышэй, меншае, бляднее, і маркотны свет яго цэлымі снапамі разліваецца ў цемнаце. Поле, луг, гай і лес, на мінуту перад гэтым схованыя ў цьме ночы, чуць-чуць ясней выступілі сваімі цёмнымі фігурамі.

Вёска заціхае, тухнуць агні. Толькі песні дзяўчат, вясёлы смех іх і гоман хлопцаў будзяць адзін канец вуліцы. Вось зазвінелі званочкі, затупалі коні, пранёсся крык. Гэта начлежнікі едуць на начлег. Яшчэ некалькі часу, і вёска сусім заспакойваецца. Дрэвы, гумны, хаты абліваюцца бледнымі лучамі месяца і злучаюцца далей з цемнатою. Ціха!.. Толькі часам, прачхнуўшыся са сну, брахне сабака разоў тры хрыплым заспаным голасам. На яго голас адзавецца яшчэ некалькі сабачых галасоў, і ўсё заціхне. Адзін толькі месяц і зоркі цараць над Божым светам.

 

 

 

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5