epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Летняя раніца у вёсцы

Толькі што патухне на небе апошняя зорка, толькі чуць паспее разысціся цемната кароткае ночы і чырвоным пажарам загарыцца край неба на ўсходзе, вёска прачыхаецца, шум і трывога дня пачынае памалу ўхадзіць у сваю каляіну. Па вуліцы ўжо ідзе пастух з даўгою пугаю на кароткім пугаўі, з торбаю, перакінутаю цераз плячо, і крычыць на ўсё сяло:

– Выга-ня-я-я-я-яй!

Скрыпяць у хлявох вароты, мыкаюць каровы, бляюць авечкі. Пастух, стары Лукаш, ляскае пугаю, наганяе страх на сваіх належных: кароў, авец і свіней. Бабы з заспанымі тварамі спяшаюцца выганяць на вуліцу сваю жывёлу. Уся вуліца аж гаворыць ад рыкання валоў, бляяння авец, піску і рухкання свіней. Доўгая чарада жывёлы цягнецца па ўсёй вуліцы, падымае цэлую хмару пылу.

Заскрыпелі калодзезі; бабы з каромысламі і вёдрамі ідуць па ваду. Чуцен іх борзды і моцны говар і смех. Тонкімі, роўнымі слупкамі падымаецца белаваты дымок з комінаў і разліваецца ў небе клубочкамі і пераліваецца ў першых лучах сонца. Куры чародамі пазляталі з сваіх седалаў і ідуць пад камандаю пеўня разгрэбаць сметнікі. У канцы сяла загаргаталі гусі і качкі. Выпаліўшы ў печы на скорую руку, бабы з серпамі, гаршкамі, збанамі ідуць на поле. Іншыя нясуць люлькі за плячыма – маленькіх дзетак, бо з некім пакінуць іх дома. Другія вязуць і дзяцей і ўсе прыпасы ў калясцы. Загрукаталі калёсы. Уся вёска пусцее; астаюцца адны толькі дзеці ды старыя, каторых не могуць ужо занясці на поле іх слабыя ногі.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5